Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАГПУ́Р,

горад у цэнтр. ч. Індыі, на р. Наг, у штаце Махараштра. Засн. ў пач. 18 ст. Каля 2 млн. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Тэкст. цэнтр у важным бавоўнаводчым раёне. Прам-сць: харч., шкляная, керамічная, папяровая, фармацэўтычная, паліграфічная. Саматужная вытв-сць тканін, маст. вырабаў. Ун-т. Археал. музей.

т. 11, с. 117

НАГРАВА́ЛЬНАЯ ПЕЧ,

печ для награвання загатовак, вырабаў ці матэрыялаў звычайна перад апрацоўкай ціскам (пракаткай, коўкай, штампоўкай і інш.). У адрозненне ад плавільнай печы ў Н.п. вырабы награюць да т-ры, ніжэйшай за т-ру плаўлення. Бываюць награвальныя полымныя печы і электрычныя печы (у т. л. высокачастотныя печы), печы перыядычнага (вярчавальныя печы, камерныя печы) і неперарыўнага (метадычныя Н.п.) дзеяння. Выкарыстоўваюцца ў металургіі, машынабудаванні, вытв-сці будматэрыялаў і інш.

т. 11, с. 117

НАГРАВА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

цеплатэхнічныя прылады і прыстасаванні для нагрэву рэчываў (матэрыялаў), прадметаў, асяроддзя, ацяплення памяшканняў. Падзяляюцца на цеплагенерыруючыя і цеплаабменныя.

У цеплагенерыруючых Н.п. адбываецца згаранне вадкага, цвёрдага, газавага паліва (паяльныя лямпы, полымныя печы, газавыя прылады) або напал электраспіралі пры працяканні эл. току (электрычныя печы, паяльнікі, электраканвектары), у цеплаабменных — перадача цяпла, што падводзіцца рознымі цепланосьбітамі (гарачай вадой, парай), у навакольнае асяроддзе (ацяпляльныя прылады, бойлеры, каларыферы, паветрападагравальнікі, радыятары, ацяпляльныя панэлі).

т. 11, с. 117

НАГРО́ДСКІ (Зыгмунт Вікенцьевіч) (1866, в. Зулова Уценскага пав., Літва —25.3.1937),

бел. паэт і культурны дзеяч. Праводзіў культ.-асв. работу сярод віленскіх рамеснікаў, прапагандаваў творы бел. пісьменнікаў, у т. л. Ф.Багушэвіча, з якім сябраваў. Нелегальна распаўсюджваў «Дудку беларускую» Багушэвіча, у 1896 перавыдаў гэты зборнік. У 1901 зняволены ў пецярбургскі астрог. Удзельнічаў у бел. адраджэнскім руху, матэрыяльна падтрымліваў выданне «Нашай нівы». У 1920-я г. на ўласныя сродкі засн. «Народнае выдавецтва», якое выпускала танныя кніжкі для масавага чытання, у т. л. «Гутаркі і песенькі» У.Сыракомлі (1929). Аўтар напісанай на бел. фалькл.-этнагр. матэрыяле п’есы «На каляды» (з падзагалоўкам «Народны абразок з ваколіц Зулова з 1876 года», на бел. і польск. мовах; пастаўлена ў Вільні ў 1936). Вядомы яго верш «На памяць зычліваму для сям’і» (1900, на смерць Багушэвіча) і верш-прамова «Пастароньцесь, мае братцы...», зачытаная Н. у 1912 у фальварку Барэйкаўшчына (каля Вільні) на адкрыцці помніка У.Сыракомлю. Аўтар успамінаў пра Багушэвіча. Творы Н. зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы і Бел. дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва.

Літ.:

Рагойша В. Зыгмунт Нагродскі і яго вершы // Рагойша В. Кантакты. Мн., 1982.

т. 11, с. 117

НАГУ́Л,

пашавы адкорм буйн. раг. жывёлы, авечак і коней перад забоем на мяса. Экстэнсіўны, найб. натуральны і танны спосаб адкорму. Забяспечвае сярэднясутачную прыбаўку ў масе буйн. раг. жывёлы і коней ад 700 г, авечак ад 150 г. Ажыццяўляюць на прыродных або сеяных пашах, сезонна ці круглагадова, у залежнасці ад асаблівасцей зялёнага канвееру — толькі з мінер. падкормкай, з падкормкай і зялёнай масай, канцэнтратамі і інш., ці з заключным стойлавым адкормам. Перад Н. жывёлу фарміруюць у аднародныя статкі (на Беларусі да 150 галоў), павялічваюць долю аб’ёмістых кармоў у рацыёнах, праводзяць зоавет. агляд і мечанне жывёл. Для кожнага статка вызначаюць месцы стойбішчаў. Найлепш нагульваюцца буйн. раг. жывёла мясных і авечкі мяса-воўнавых і мяса-сальных парод пры загоннай пасьбе. Маса маладняку за перыяд Н. (3—5 мес) павялічваецца на 40—60%, дарослых жывёл (2—4 мес) на 20—30%. Мяса добра нагуленых жывёл мае аптымальны хім. і марфал. склад, найлепшыя харч. якасці. У рыбнай гаспадарцы Н. наз. вырошчванне таварнай рыбы ў спец. сажалках (звычайна карпа), прыродных вадаёмах. Для падкормкі выкарыстоўваюць макуху, вотруб’е, збожжа, муку, травяную муку, жывёльныя і мінер. кармы. Н. таксама наз. інтэнсіўнае жыўленне дзікіх жывёл перад або пасля перыяду размнажэння, перад бяскорміцай (напр., летняй засухай), зімовым сном, спячкай і перыяд такога жыўлення. Н. паляўніча-прамысл. жывёл наз. жыраваннем, рыб пасля нерасту — жорам.

Л.Л.Галубкова.

т. 11, с. 117

НАГУМО́ВІЧ (Леў Казіміравіч) (Якаўлевіч; 1792, г. Магілёў — 26.4.1853),

хірург. Д-р медыцыны (1812). Скончыў Віленскі ун-т. З 1812 ваен. ўрач. Удзельнічаў у вайне 1812. У 1818—26 ардынатар Магілёўскага ваен. шпіталя. Навук. працы па лячэнні агнястрэльных ран, халеры.

т. 11, с. 118

Нагурскі Ян Іосіфавіч

т. 18, кн. 1, с. 432