Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МЯДЗВЕ́ДНА, Нядзведна,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Абабіца, за 20 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,44 км2, даўж. каля 1,6 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 9,9 м, даўж. берагавой лініі каля 4,1 км. Пл. вадазбору 3,18 км2. Схілы катлавіны выш. 8—10 м, параслі лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, у залівах нізкія, тарфяністыя. Зона мелкаводдзя вузкая. Дно да глыб. 1,5—2 м пясчанае, ніжэй выслана апясчаненымі адкладамі і сапрапелем. Зарастае. Выцякае ручай у воз. Цуброк.

т. 11, с. 66

МЯДЗВЕ́ДСКІ Рыгор Мікітавіч, бел. іканапісец 18 ст., майстар насценнай размалёўкі. З сялян в. Папова Гара Магілёўскай губ. (цяпер г.п. Красная Гара Бранскай вобл., Расія). Размалёўваў цэрквы, пісаў абразы для іканастаса царквы ў в. Папова Гара («Спас Уседзяржыцель» і інш.). У 1783 стварыў іканастас Ільінскай царквы ў в. Журавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. (знішчаны ў 1841).

т. 11, с. 66

МЯДЗВЕ́ДСКІ (Яўген Нікандравіч) (н. 25.12.1918, г. Віцебск),

бел. вучоны ў галіне отарыналарынгалогіі. Канд. мед. н. (1966). Засл. ўрач Беларусі (1968). Засл. работнік вышэйшай школы (1978). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1941), у 1954—90 працаваў у ім (у 1965—79 рэктар). Навук. працы па абязбольванні пры аперацыях на верхніх дыхальных шляхах і вуху, эпідэміялогіі злаякасных новаўтварэнняў, прафілактыцы ангін, хранічнага танзіліту і інш.

Тв.:

Научно-исследовательская работа студентов. Мн., 1989 (у сааўт.).

т. 11, с. 67

МЯДЗВІ́НАВІЧЫ,

вёска ў Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Дзятлава—Слонім. Цэнтр сельсавета. За 13 км на ПдЗ ад г. Дзятлава, 150 км ад Гродна, 27 км ад чыг. ст. Наваельня. 153 ж., 77 двароў (1999). Клуб, б-ка.

т. 11, с. 67

МЯ́ДЗЕЛ,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Мядзелка (выцякае з возера), за 4 км на Пн ад г. Мядзел. Пл. 16,2 км2, даўж. 6,3 км, найб. шыр. 4 км, найб. глыб. 24,6 м, даўж. берагавой лініі каля 31 км. Пл. вадазбору 89,2 км2. Схілы катлавіны выш. 15—20 м, у верхняй ч. разараныя, у ніжняй параслі хмызняком. З ПдУ да возера прымыкае лес. Берагі нізкія, пясчаныя і пясчана-галечныя, участкамі на Пд і У зліваюцца са схіламі. Пойма шыр. да 250 м, вакол заліваў забалочаная. Дно да глыб. 2—2,5 м пясчанае, ніжэй выслана апясчаненымі адкладамі і сапрапелямі. 8 астравоў агульнай пл. 0,24 км2, найбольшыя: Замак, Бярозавы, Кульчына, Селішча. Моцна зарастаюць залівы. Упадаюць 6 ручаёў. Выкарыстоўваецца як месца адпачынку.

Возера Мядзел. Від на востраў Замак.

т. 11, с. 67

МЯ́ДЗЕЛ,

горад, цэнтр Мядзельскага р-на Мінскай вобл., паміж азёрамі Мястра і Баторын. За 160 км ад Мінска, 35 км ад чыг. ст. Княгінін на лініі Маладзечна—Полацк, на аўтадарозе Мінск—Нарач. 7,7 тыс. ж. (1998).

Паводле археал. даследаванняў у 11 ст. памежны горад Полацкай зямлі. Да 20 ст. падзяляўся на Стары і Новы М. Стары М. упамінаецца ў 1454 з нагоды буд-ва тут касцёла; уладанне Саковічаў, Радзівілаў, Францкевічаў, Райскіх, Грабоўскіх, Кошчыцаў, Дваржэцкіх, Козел-Паклеўскіх. У 1500 у час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500—03 разбураны і разрабаваны. З 1736 мястэчка Віленскага ваяв. У 1754 пабудаваны касцёл і кляштар. У 1762 атрымаў магдэбургскае права. З 1793 у Рас. імперыі ў Вілейскім пав. У 1886—254 ж., царква, яўр. малітоўны дом, царк.-прыходская школа, бровар, піваварня, карчма. Новы М. вядомы з 1463. У 1519 у час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1512—22 разбураны. Драўляным мостам злучаўся з каралеўскім замкам на востраве воз. Мястра (гл. Мядзельскі замак). З 1588 уладанне Сапегаў, Бжастоўскага, М.Аскеркі, Ф.Праўскага. У сярэдзіне — 2-й пал. 16 ст. выраблялася Мядзельская кафля. З 1793 у Рас. імперыі, казённае мястэчка. У 1885—713 ж., 95 двароў, цэнтр воласці Вілейскага пав., царква, касцёл, сінагога, капліца, нар. вучылішча, 4 крамы, 4 заезныя корчмы, паштовая станцыя, фельчарскі пункт. З 1921 М. у Польшчы, цэнтр гміны Дунілавіцкага (з 1925 Пастаўскага) пав. Віленскага ваяв., 825 ж., 170 двароў, 2 касцёлы, царква, мячэць, гарбарня, аптэка, млын. З 1939 у БССР, з 1940 вёска, цэнтр Мядзельскага раёна Вілейскай вобл. і сельсавета. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў М. і раёне загубілі 420 чал., 3079 вывезлі на работы ў Германію. Вызвалены 4.7.1944 у ходзе Мінскай аперацыі 1944. З 1959 гар. пасёлак, з 1998 горад.

Працуюць хлебазавод, камбінат каап. прам-сці, лясгас, майстэрня па рамонце быт. тэхнікі. Мядзельскі музей народнай славы. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, 2 магілы ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры: Мядзельскі Станіславаўскі касцёл кармелітаў і плябанія (18 ст.). Помнікі археалогіі: гарадзішча і селішча, курганны могільнік.

В.М.Князева.

т. 11, с. 67

МЯ́ДЗЕЛЕЦ (Алег Данілавіч) (н. 18.4.1952, в. Чырвоная Горка Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне гісталогіі і імуналогіі. Д-р мед. н. (1993), праф. (1996). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1980) і працуе ў ім (з 1996 заг. кафедры). Навук. працы па будове і функцыі скуры і органаў імунітэту ў норме і паталогіі, пры ўздзеянні на арганізм холадавых фактараў і траўмы, гістапаталогіі скуры пры псарыязе.

Тв.:

Изменения функциональной активности макрофагов кожи и регионарного лимфоузла после воздсйствия на организм белых крыс общей глубокой гипотермии // Архив анатомии, гистологии и эмбриологии. 1989. № 6;

Функциональная морфология и общая паталогия кожи. Витебск, 1997 (разам з У.П.Адаскевічам).

т. 11, с. 67

МЯ́ДЗЕЛКА,

рака ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл. і Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Бірвета (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 50 км. Пл. вадазбору 775 км2. Выцякае з воз. Мядзел каля в. Лапосі Мядзельскага р-на. Асн. прытокі — Лучайка (справа) і Вінгра (злева). Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 250—400 м. Пойма двухбаковая, чаргуецца на берагах, шыр. да 200 м. Рэчышча сярэдне звілістае. Шыр. ракі ў вярхоўі 10—15 м, на астатнім працягу 15—20 м. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у канцы сакавіка. На рацэ ў межах г. Паставы сажалка — Пастаўскае воз. (пл. 0,27 км2).

т. 11, с. 67

МЯ́ДЗЕЛЬ (Міхаіл Маркавіч) (17.10.1910, в. Задзежжа Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 21.1.1981),

Герой Сав. Саюза (1943). З 1941 на Зах., Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр. і Варонежскім франтах. Ст. лейтэнант М. вызначыўся ў вер. 1943 пры фарсіраванні Дняпра ў Чарнігаўскай вобл. (Украіна). Да 1971 на гасп. рабоце.

М.М.Мядзель.

т. 11, с. 67

МЯ́ДЗЕЛЬСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкар. кераміка сярэдзіны — 2-й пал. 16 ст. з г. Мядзел Мінскай вобл. Мясц. майстры выраблялі тэракотавую і паліваную кафлю (найчасцей ужывалі карычневую, зялёную, празрыстую паліву і белую эмаль). Найб. раннія — каробчатыя кафлі, якія адціскалі ў драўляных або гліняных формах, мелі заглыбленую вонкавую пласціну з квадратнай высокай рамкай па краі і высокую румпу. Выраблялі таксама паліхромныя паясныя, карнізныя кафлі, «каронкі», «гарадкі», дэкараваныя рэльефным геам. арнаментам, сюжэтнымі кампазіцыямі на рэліг. тэматыку, з выявамі чалавека, міфалагічных істот і інш.

М.А.Ткачоў, У.В.Угрыновіч.

Да арт. Мядзельская кафля. Тэракотавая кафля з сюжэтнай выявай. Сярэдзіна 16 ст.

т. 11, с. 67