Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КЛЕПТАМА́НІЯ (ад грэч. kleptō краду + манія),

хваравітая цяга да крадзяжоў без матэрыяльнай выгады і патрэбы; сімптом псіхічнага расстройства. Бывае (вельмі рэдка) у людзей, якія перанеслі хваробы ц. н. с. (энцэфаліт, прагрэсіруючы параліч, шызафрэнію і інш.). Пазбаўленне ад К. — лячэнне асн. хваробы.

т. 8, с. 330

КЛЕР [Clair; сапр. Шамет

(Chomette)] Рэнэ (11.11.1898, Парыж — 15.3.1981),

французскі кінарэжысёр і сцэнарыст. Чл. Франц. Акадэміі (1960). У 1935—46 у Вялікабрытаніі і ЗША. Творчасць адметная арыгінальнасцю аўтарскага бачання, высокай культурай, цікавасцю да праблем сучаснага жыцця. Фільмы вылучаюцца камедыйна-іранічнай накіраванасцю з элементамі пародыі, сатыры, часам лірызму, звязаным з паэт. пераасэнсаваннем жыцця сац. нізоў: «Саламяны капялюшык» (1927; нямы фільм), «Пад дахамі Парыжа» (1930), «Апошні міліярдэр» (1934), «Прыгажосць д’ябла» (1949), «Вялікія манеўры» (1955), «Порт дэ Ліла» (1957, у сав. пракаце «На ўскраіне Парыжа»), «Усё золата свету» (1961), «Галантныя святы» (1965, у сав. пракаце «Святы кахання»). Аўтар сцэнарыяў шэрагу сваіх фільмаў, п’есы «Дзіўнае стварэнне нябёс» (1971), зб. апавяданняў «Гульня выпадку» (1976).

т. 8, с. 330

КЛЕРК ((Klerk) Фрэдэрык Вілем дэ) (н. 18.3.1936, г. Іаганесбург, Паўд.-Афр. Рэспубліка),

палітычны і дзярж. дзеяч Паўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР). Скончыў Почэфструмскі ун-т. У 1950-я г. ў «Югебондзе» — маладзёжным крыле Нац. партыі (НП). З 1961 займаўся адвакацкай практыкай. З 1973 дэп. парламента. З 1978 міністр сац. забеспячэння і пенсій, пошты і тэлекамунікацый, з 1979 міністр шахтаў, аховы навакольнага асяроддзя, энергетыкі, з 1980 міністр шахтаў і энергетыкі, з 1982 міністр унутр. спраў, міністр па справах дзярж. адміністрацыі і статыстыкі, з 1984 міністр унутр. спраў і нац. адукацыі (белага насельніцтва), з 1986 міністр нац. адукацыі, старшыня міністэрскага савета Палаты сходу (палата для белых). З лют. 1989 лідэр НП. У жн.вер. 1989 в.а. прэзідэнта ПАР. У вер. 1989 — маі 1994 выканаўчы дзярж. прэзідэнт ПАР. З 1990 даў пачатак курсу на заканад. ліквідацыю расавай сегрэгацыі і адыход ад палітыкі апартэіду. З 1994 віцэ-прэзідэнт ПАР. Нобелеўская прэмія міру 1993 (разам з Н.Мандэлам).

Ф.В. дэ Клерк.

т. 8, с. 330

КЛЕ́РМЕН ((Clurman) Харалд) (18.9.1901, Нью-Йорк — 1980),

амерыканскі рэжысёр і тэатр. крытык. Вучыўся ў Амер. лабараторным т-ры ў Нью-Йорку. У 1924 у т-ры «Грынуіч вілідж плейхаўс», у 1925—31 у «Гілд-тыэтр». Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў незалежнага тэатра «Груп» (1931—41). Ставіў п’есы К.​Одэтса («Прачніся і спявай», 1935, і інш.), У.​Сараяна, спектаклі ў т-рах на Брадвеі («Рускія людзі» К.​Сіманава, 1945, і інш.). У 1963—64 кансультант Лінкальнаўскага цэнтра мастацтваў. Аўтар крытычных артыкулаў па праблемах тэатра.

т. 8, с. 330

КЛЕРМО́Н-ФЕРА́Н (Clermont-Ferrand),

горад у цэнтр. ч. Францыі. Адм. ц. дэпартамента Пюі-дэ-Дом і гал. горад гіст. вобласці Авернь. Склаўся з 2 гарадоў: Клермон (вядомы з часоў стараж. Рыма) і Феран (атрымаў правы горада ў 13 ст.). 254 тыс. ж. з прыгарадамі (1990). Трансп. вузел. Аэрапорт. Буйны цэнтр гумава-тэхн. і шыннай прам-сці. Развіта таксама металаапр., маш.-буд., тэкст., швейная, паліграф., харч. прам-сць. Ун-т (з 1810). Арх. помнікі 12—18 ст. Паблізу — бальнеалагічны курорт Руая.

т. 8, с. 331

КЛЕРО́ ((Clairaut) Алексі Клод) (7.5.1713, Парыж — 17.5.1765),

французскі матэматык і механік. Чл. Франц. АН (1738). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1754). Навук. працы па інтэгральным і дыферэнцыяльным злічэнні, аналіт. і дыферэнцыяльнай геаметрыі, нябеснай механіцы. Увёў паняцці крывалінейнага інтэграла і поўнага дыферэнцыяла функцыі некалькіх пераменных. Распрацаваў дынамічную тэорыю адноснага руху (1742), тэорыю руху Месяца (1751). Выканаў разлік траекторыі каметы Галея і прадказаў яе з’яўленне ў 1759 з памылкай каля 1 мес. У 1736—37 прымаў удзел у лапландскай экспедыцыі па вымярэнні даўжыні дугі зямнога мерыдыяна, прапанаваў матэм. тэорыю фігуры Зямлі (1743).

т. 8, с. 331

КЛЕРО́Н [Clairon; сапр. Клер Жазеф Іпаліт Лерыс дэ Лацюд (Leris de la Tude); 21.1.1723, г. Кандэ, Францыя — 29 або 31.1.1803],

французская актрыса. Прадстаўніца асветніцкага класіцызму. З 1736 на сцэне «Камеды Італьен» у Парыжы. З 1737 у трупах Руана, Ліля і інш. гарадоў. У 1743—66 У т-ры «Камеды Франсэз» (Парыж). Успрыняла тэатр. тэорыю Д.​Дзідро, працавала пад кіраўніцтвам Вальтэра. Выступала супраць манернасці арыстакратычнага т-ра, імкнулася да псіхал. індывідуалізацыі вобразаў, рэфармавала трагічную дэкламацыю, адмовілася ад падпарадкавання інтанацыі ўмоўнаму меладычнаму малюнку, уводзіла ў сцэн. касцюм гіст. і этнагр. дэталі. Найб. праславілася выкананнем роляў у трагедыях Вальтэра: Электра («Арэст»), Ідаме («Кітайскі сірата»), Аменаіда («Танкрэд»).

т. 8, с. 331

КЛЕРУ́ХІІ (грэч. klēruchiai ад klēros зямельны надзел + echō валодаю),

ваенна-земляробчыя пасяленні ў Стараж. Грэцыі. Засноўваліся буйнымі полісамі на тэр. падначаленых ці саюзных дзяржаў для ваен.-паліт. кантролю над імі, а таксама для надзялення зямлёй (за абавязак несці ваен. службу) беззямельных грамадзян. Найб. колькасць К. стваралася афінянамі, асабліва ў час існавання Дэласкага саюза (каля 478—404 да н.э.), іх жыхары заставаліся афінскімі грамадзянамі. К. выклікалі незадавальненне саюзнікаў і да часу стварэння Другога Афінскага марскога саюза (378/77 да н.э.) афіняне былі вымушаны ад іх адмовіцца.

т. 8, с. 331

КЛЕРЫКА́Л,

1) прадстаўнік царквы, які мае духоўны сан. 2) Прыхільнік клерыкалізму, член клерыкальнай партыі.

т. 8, с. 331

КЛЕРЫКАЛІ́ЗМ (ад лац. clericalis царкоўны),

грамадска-палітычны кірунак у дзейнасці рэліг. арг-цый, які выкарыстоўвае рэлігію і царкву для ўзмацнення ўздзеяння на сферы грамадскага жыцця. Прадстаўнікі К. ствараюць свае паліт. партыі, прафсаюзы, жаночыя, маладзёжныя і інш. масавыя грамадскія аб’яднанні, навуч. ўстановы.

т. 8, с. 331