КЛЕР [Clair; сапр. Шамет
(Chomette)] Рэнэ (11.11.1898, Парыж — 15.3.1981),
французскі кінарэжысёр і сцэнарыст. Чл. Франц. Акадэміі (1960). У 1935—46 у Вялікабрытаніі і ЗША. Творчасць адметная арыгінальнасцю аўтарскага бачання, высокай культурай, цікавасцю да праблем сучаснага жыцця. Фільмы вылучаюцца камедыйна-іранічнай накіраванасцю з элементамі пародыі, сатыры, часам лірызму, звязаным з паэт. пераасэнсаваннем жыцця сац. нізоў: «Саламяны капялюшык» (1927; нямы фільм), «Пад дахамі Парыжа» (1930), «Апошні міліярдэр» (1934), «Прыгажосць д’ябла» (1949), «Вялікія манеўры» (1955), «Порт дэ Ліла» (1957, у сав. пракаце «На ўскраіне Парыжа»), «Усё золата свету» (1961), «Галантныя святы» (1965, у сав. пракаце «Святы кахання»). Аўтар сцэнарыяў шэрагу сваіх фільмаў, п’есы «Дзіўнае стварэнне нябёс» (1971), зб. апавяданняў «Гульня выпадку» (1976).
т. 8, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)