Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАМА́СКАЕ ЦА́РСТВА,

старажытная дзяржава ў Сірыі ў 11—8 ст. да н.э. Вядома з асіра-вавілонскіх і егіп. крыніц і Бібліі. Засн. арамеямі. У пач. 10 ст. падпарадкавана Ізраільскаму царству, з сярэдзіны стагоддзя самастойнае. З канца 10 ст. прэтэндавала на гегемонію ў Сірыі. Найб. магутнасці дасягнула ў пач. 8 ст. да н.э. У 732 да н.э. заваявана Асірыяй.

т. 6, с. 26

ДАМА́СКАЯ СТАЛЬ,

1) тое, што булат.

2) Пругкая і цвёрдая ўзорыстая сталь, якую атрымліваюць кавальскай зваркай сплеценых стальных (з рознай колькасцю вугляроду) палос, або дроту. Назва — ад г. Дамаск, дзе вытв-сць сталі была развіта ў сярэдневякоўі, часткова і ў новы час.

т. 6, с. 26

ДАМА́СКІ ХАЛІФА́Т,

гл. ў арт. Амеядаў халіфат.

т. 6, с. 26

«ДАМАСТРО́Й»,

помнік стараж.-рус. л-ры 16 ст., збор жыццёвых правіл і павучанняў. Узнік у асяроддзі наўгародскага баярства. У сярэдзіне 16 ст. яго апрацаваў святар Сільвестр, прыбліжаны цара Івана Грознага. «Д.» — своеасаблівы маральна-этычны кодэкс, які адлюстроўваў прынцыпы тагачаснага патрыярхальнага побыту, сцвярджаў поўнае падначаленне ўладзе гаспадара ў сям’і і інш.

Да арт. «Дамастрой». Аркуш з застаўкай. Фрагмент.

т. 6, с. 26

ДАМАТКА́НАВІЧЫ,

вёска ў Клецкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на ПнЗ ад Клецка, 137 км ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Клецк. 920 ж., 316 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі архітэктуры — ветраны млын (пач. 20 ст.) і сядзіба (19—20 ст.).

т. 6, с. 26

ДАМА́ЧАВА,

гарадскі пасёлак у Брэсцкім р-не. За 52 км ад г. Брэст, 3 км ад чыг. ст. Дамачава. 1,2 тыс. ж. (1997).

У 19 ст. мястэчка, цэнтр воласці Брэсцкага пав. У 1897 — 1163 ж. У 1921—39 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак, цэнтр Дамачаўскага раёна. З 22.6.1941 да 23.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Д. і раёне каля 20 тыс. чал. У канцы 1941 фашысты стварылі ў Д. гета і знішчылі больш за 2700 яго вязняў. 23.9.1943 гітлераўцы расстралялі каля в. Ляплёўка 54 дзіцяці дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту Дамачаўскага дзіцячага дома разам з іх выхавацельніцай. У ходзе Дамачаўскіх баёў 1943 партызаны разграмілі ў Д. варожы гарнізон. У 1956 Д. ў Брэсцкім р-не.

Прадпрыемствы харч. і мясц. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква Святога Лукі (пач. 20 ст.).

т. 6, с. 26

ДАМА́ЧАЎСКІЯ БАІ́ 1943 Адбыліся паміж партызанамі атрадаў імя Варашылава, імя Жукава, брыгады імя Сталіна Брэсцкай вобл. і ням.-фаш. захопнікамі на чыг. ст. і ў г.п. Дамачава Брэсцкага р-на ў Вял. Айч. вайну. У ноч на 23 кастр. партызаны на таварнай станцыі ўзарвалі ўмацаванні гітлераўцаў, разбурылі станцыйнае абсталяванне, спалілі падрыхтаваны для адпраўкі ў Германію эшалон са збожжам і бульбай. 22 ліст. для разгрому варожага гарнізона партызаны перакрылі шашу Брэст—Уладава і дарогі ў суседнія вёскі, агнём паралізавалі праціўніка ў будынку школы і паліцэйскім участку Дамачава, знішчылі памяшканні, захапілі зброю, абмундзіраванне, 200 галоў буйн. раг. жывёлы і харчаванне, нарабаваныя ў насельніцтва.

т. 6, с. 27

ДАМА́ЧАЎСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—56. Утвораны 15.1.1940 у Брэсцкай вобл. Цэнтр — г.п. Дамачава. Пл. 0,5 тыс. га. 12.10.1940 падзелены на 7 сельсаветаў. Скасаваны 17.12.1956, тэр. перададзена ў Брэсцкі раён.

т. 6, с. 26

ДАМА́ЧАЎСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў Зах. Палессі. Быў пашыраны ў ваколіцах г.п. Дамачава, паўд.-зах. частцы Брэсцкага і Маларыцкага р-наў (уздоўж р. Буг), на тэр. Польшчы (ваколіцы г. Уладава) і ў паўн.-зах. раёнах Валынскай вобл. Украіны.

Жаночы касцюм складаўся з кашулі, спадніцы-рабака, фартуха, гарсэта, галаўнога ўбору. Кашуля мела шырокі адкладны каўнер, вышыты па краях. Аздаблялася малінавым з украпаннямі чорнага арнаментам гладкіх і пункцірных палос на плечавой устаўцы, верхняй і ніжняй частцы рукава. Ніжні ўзорысты шляк рукава дамінаваў над верхнімі палосамі арнаментам зорак, крыжыкаў, зігзагаў і інш. Спадніца і фартух (1-полкавы) шыліся з аднолькавай па якасці і каларыстычна-арнаментальным вырашэнні даматканай паўшарсцяной ці льняной тканіны, прасаваліся ў буйныя складкі. Усё поле спадніцы запаўнялі чырвоныя, зялёныя, белыя, блакітныя, чорныя падоўжныя ці папярочныя палосы. Неад’емнай часткай касцюма дзяцей, дзяўчат і падлеткаў быў гарсэт (гарсэт-безрукаўка і гарсэт з рукавамі — кабат). Жаночыя гарсэты шылі з блакітнай тонкай шэрсці фабрычнага вырабу, спераду багата аздаблялі рознакаляровымі тасёмкамі, стужкамі, гузікамі, дэкар. строчкай. Прасцей былі гарсэты з валенага (лямцаванага) даматканага сукна цёмна-карычневага колеру. Галаўным уборам замужніх жанчын быў чырвоны каптур (з бакавымі вушкамі і зубцом над ілбом), бачны край якога аздабляўся карункамі, залацістай тасьмой. Паверх каптура накладалі згорнутую ў валік накрухмаленую пярэстую крамную хустку. Мужчыны насілі белую кашулю з стаяча-адкладным каўняром, падперазаную вузкім тканым поясам, карычнева-шэрыя нагавіцы і гарсэт з рукавамі ці без рукавоў (аздабляўся вітым і плеценым коскай рознакаляровым шнурам і тасьмой). На галаву надзявалі саламяныя капелюшы з чорнай стужкай.

М.Ф.Раманюк.

Дамачаўскі строй. Святочныя ўборы дзяўчат і маладых жанчын. 1910-я г. Вёска Чэрск Брэсцкага раёна.

т. 6, с. 26

ДАМА́ШКАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бярэзіна, за 35 км на ПдУ ад г. Докшыцы. Пл. 0,67 км2, даўж. 1,7 км, найб. шыр. 700 м, даўж. берагавой лініі каля 4,1 км. Пл. вадазбору 11,9 км². Схілы катлавіны выш. 20—25 м (на ПнЗ 5—8 м), параслі лесам, на Пн разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі.

т. 6, с. 27