Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«ДАКУМЕ́НТЫ ПА́ПСКІХ НУ́НЦЫЯЎ ПА ГІСТО́РЫІ УКРАІ́НЫ І БЕЛАРУ́СІ»

[«Litterae nuntiorum Apostolicorum (in Polonia, Austria, Venetiis etc.) historiam Ucrainae et Bielarussjae illustrantes», vol 1—13 (1550—1683)],

серыйнае рымскае выданне дакумент. матэрыялаў, складзеных папскімі нунцыямі (пасламі) у Польшчы (з 1569 — Рэчы Паспалітай). Распачаў яго ў 1959 (1-ы том ахоплівае матэрыялы 1550—93) укр. археограф, протаархімандрыт ордэна базыльян Анастасій (Грыгорый) Вялікі, працягваюць інш. ватыканскія гісторыкі; выйшла 14 тамоў. Большая частка дакументаў на лац. і італьянскай мовах. Змяшчае справаздачы і пасланні нунцыяў у Рым, іх перапіску з царк. дзеячамі і інш. дакументы з Ватыканскага архіва.

З’яўляецца важнай крыніцай для вывучэння гісторыі каталіцкай царквы на землях Польшчы, Літвы, Беларусі, Украіны, Брэсцкай уніі 1596.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 6, с. 14

«ДАКУМЕ́НТЫ, ШТО ТЛУМА́ЧАЦЬ ГІСТО́РЫЮ ЗАХОДНЯРУ́СКАГА КРА́Ю», «Документы, объясняющие историю Западно-Русского края и его отношения к России и к Польше»,

зборнік дакументаў, выдадзены ў 1865 Археаграфічнай камісіяй у С.-Пецярбургу. Падрыхтаваны ў сувязі з паўстаннем 1863—64, разлічаны на замежнага чытача і мае выключна паліт. характар. Дакументы надрукаваны на мове арыгінала і ў перакладзе на франц. мову. Паводле слоў рэдактара і аўтара прадмовы М.​В.​Каяловіча, мэта зборніка — даказаць, што «заходнярускі край» быў рускім, а не польскім. Публікацыя дакументаў пачынаецца з прывілея караля Ягайлы, дадзенага ў 1387 віленскаму біскупу. Большасць змешчаных дакументаў была апублікавана раней. Сярод надрукаваных упершыню ўрыўкі з дзённіка Люблінскага сейма 1569, крыніцы з архіва уніяцкіх мітрапалітаў.

Літ.:

Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 6, с. 14

ДАКУТО́ВІЧ (Барыс Нічыпаравіч) (н. 1.8.1921, Масква),

рускі рэжысёр. Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1951), дзе і выкладаў да 1958. Працаваў у т-рах Расіі. У 1958—63 на Беларусі: гал. рэжысёр Дзярж. рус. т-ра БССР (1958—60) і Бел. рэсп. т-ра юнага гледача (1962—63). Пастаноўкам Д. ўласціва яркая тэатр. форма, вобразна-асацыятыўная сцэн. мова, інтэлектуальнасць: «Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава (1960), «Чырвоныя чарцяняты» П.​Бляхіна, А.​Палявога і А.​Талбузіна (1961), «Клоп» У Маякоўскага (1962), «Бітва ў космасе» М.​Гамолкі (1963). Аўтар кніг «Акцёр і роля: Некаторыя рэжысёрскія ўрокі Ю.​А.​Завадскага» (1983), «Загадкі малой драматургіі» (1989).

т. 6, с. 14

ДАКУЧА́ЕЎ (Васіль Васілевіч) (1.3.1846, с. Мілюкова Смаленскай вобл., Расія — 8.11.1903),

рускі вучоны-прыродазнавец, заснавальнік навук. генет. глебазнаўства і занальнай аграхіміі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1871). З 1880 выкладаў у ім, з 1883 праф., у 1892—97 дырэктар Новаалександрыйскага ін-та сельскай гаспадаркі і лесаводства (заснаваў у ім першую ў Расіі кафедру глебазнаўства, 1895). Стварыў вучэнне пра геагр. зоны. Абгрунтаваў навук. класіфікацыю глеб (1886), распрацаваў комплекс мер па барацьбе з засухай, метады картаграфавання і склаў першую глебавую карту паўн. паўшар’я. Імя Д. прысвоена Глебаваму ін-ту і Цэнтр. музею глебазнаўства УАСГНІЛ. З 1946 прысуджаецца залаты медаль і прэмія імя Д. АН СССР.

Тв.:

Соч. Т. 1—9. М.; Л., 1949—61.

Літ.:

Рагавой П.П. В.​В.​Дакучаеў. Мн., 1951.

В.В.Дакучаеў.

т. 6, с. 14

ДАКЭ́Н-ДАБА́Н, Рытэра хрыбет,

горны хрыбет у зах. ч. Наньшаня, у Кітаі. Даўж. каля 200 км. Выш. да 5926 м. Складзены з крышт. сланцаў, пясчанікаў, філітаў. Слаба расчлянёны. Стромкія кароткія схілы пераходзяць каля падножжа ў галечна-друзаватыя нахільныя раўніны. У цэнтр. частцы — ледавікі. Горныя пустыні, стэп. Даследаваны і названы М.М.Пржавальскім у гонар ням. географа К.​Рытэра.

т. 6, с. 15