Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЛАДЭ́НКА Уладзімір Кузьміч

(н. 12.11.1922, с. Каршачына Сумскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне конегадоўлі. Д-р с.-г. н. (1979), праф. (1990). Скончыў БСГА (1951), дзе і працаваў да 1986, потым у Маскоўскай дзярж. акадэміі вет. медыцыны і біятэхналогіі імя К.І.Скрабіна. Навук. працы па даследаванні эвалюцыі, гісторыі, гасп.-біял. асаблівасці абарыгенных коней, распрацоўцы эфектыўных метадаў селекцыі і выкарыстання, захавання генафонду коней.

Тв.:

Белорусская лошадь. Мн., 1976;

Коневодство Белоруссии. Мн., 1985.

т. 5, с. 284

ГЛА́ЗАЎ Уладзімір Міхайлавіч

(25.6.1915, Масква — 20.5.1980),

бел. і рускі спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1954). У 1938—49 саліст Ансамбля песні і танца Сав. Арміі імя А.В.Аляксандрава. У 1951—61 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У 1962—75 саліст Москанцэрта. Валодаў голасам прыемнага тэмбру, шырокага дыяпазону, пачуццём стылю. Стварыў разнапланавыя вобразы ў нац. операх: Змітрок і фон Шолен («Міхась Падгорны» і «Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага), Лагоўскі («Яснае світанне» А.Туранкова), Лявон («Калючая ружа» Ю.Семянякі); у класічных — Мечнік («Страшны двор» С.Манюшкі), Мазепа, Томскі і Ялецкі, Анегін («Мазепа», «Пікавая дама», «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Жэрмон, граф ды Луна, Рэната («Травіята», «Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі).

Б.С.Смольскі.

т. 5, с. 284

ГЛА́ЗАЎКА,

вёска ў Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на Пд ад г. Буда-Кашалёва, 55 км ад Гомеля, 12 км ад чыг. ст. Буда-Кашалёўская. 640 ж., 265 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Царква.

т. 5, с. 284

ГЛА́ЗГА

(Glasgow),

горад у Вялікабрытаніі, на З Шатландыі. Знаходзіцца на Сярэднешатландскай нізіне, на р. Клайд за 35 км ад яе вусця. Адм. ц. раёна Стратклайд і гал. горад канурбацыі Клайдсайд. 684,3 тыс. ж., у межах канурбацыі больш за 1,5 млн. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог, гандл. цэнтр і марскі порт. Аэрапорт. На прадпрыемствах Глазга сканцэнтравана больш за 1/3 усіх занятых у прам-сці Шатландыі. Металургічная вытв-сць на базе мясц. каменнага вугалю і прывазной жал. руды. Буйнейшы суднабуд. раён краіны. Суднарамонт. Прадпрыемствы Глазга выпускаюць таксама суднавыя рухавікі, катлы, турбіны. Развіта лакаматывабудаванне, электратэхніка, станкабудаванне, авія- і аўтабудаванне. Прам-сць харч., тытунёвая, швейная, паліграф., тэкст., у т. л. вытв-сць дываноў. Метрапалітэн. Ун-т. Шатл. муз. акадэмія. Маст. галерэі і музей Глазга. Гатычны сабор (12—16 ст.), інш. арх. помнікі.

Засн. ў 6 ст. У сярэднявеччы невял. рыбацкае паселішча, з 1178 горад. У 1451 адкрыты ун-т. У 1636 атрымаў статус каралеўскага горада. У 14 і 17 ст. неаднаразова быў зруйнаваны у час войнаў з англічанамі. Пасля заключэння шатландска-англ. уніі 1707 — цэнтр гандлю, з сярэдзіны 18 ст. — важнейшы прамысл. і партовы горад Вялікабрытаніі. З 19 ст. буйны цэнтр рабочага руху.

т. 5, с. 284

ГЛАЗЕНА́П Сяргей Паўлавіч

(25.9.1848, с. Паўлаўскае Цвярской вобл., Расія — 12.4.1937),

расійскі астраном. Ганаровы чл. АН СССР (1929). Герой Працы (1932). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1870). У 1870—77 у Пулкаўскай абсерваторыі, з 1877 у Пецярбургскім ун-це (з 1889 праф.). Адзін з заснавальнікаў Рус. астр. т-ва. Навук. працы па вывучэнні руху спадарожнікаў Юпітэра, даследаванні падвойных і пераменных зорак, рэфракцыі святла ў зямной атмасферы. Прапанаваў спосаб вызначэння арбіт падвойных зорак. Пад яго кіраўніцтвам пабудавана абсерваторыя Пецярбургскага ун-та. Аўтар падручнікаў па астраноміі і матэматыцы.

Літ.:

Перель Ю.Г. Выдающиеся русские астрономы. М.; Л., 1951.

т. 5, с. 284

ГЛА́ЗЕР

(Glaser) Доналд Артур (н. 21.9.1926, г. Кліўленд, штат Агайо, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1962). Скончыў Тэхнал. ін-т Кейса (1946). З 1949 у Мічыганскім ун-це, у 1959 праф. Каліфарнійскага ун-та. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц і касм. прамянёў. Вынайшаў пузырковую камеру (1952), эксперыментальна даказаў незахаванне цотнасці пры распадзе гіперонаў (1957). Нобелеўская прэмія 1960.

т. 5, с. 284

ГЛАЗКО́Ў Ілья Міхайлавіч

(1.8.1922, г. Генічаск, Украіна — 16.5.1996),

бел. вучоны ў галіне электроннага машынабудавання, дзярж. дзеяч Беларусі. Д-р тэхн. н. (1974), праф. (1980). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1954). З 1955 на Мінскім аўтазаводзе. З 1961 у КБ дакладнага электроннага машынабудавання (цяпер НВА «Планар»; з 1971 ген. дырэктар). З 1974 нам. старшыні СМ БССР. У 1982—94 у Мінскім радыётэхн. ін-це. Навук. працы і вынаходствы па тэхнал. абсталяванні для вытв-сці вырабаў электроннай тэхнікі. Дзярж. прэмія СССР 1973.

Тв.:

Генераторы изображений в производстве интегральных микросхем. Мн., 1981 (разам з Я.А.Райхманам).

т. 5, с. 284

ГЛАЗКО́Ў Юрый Васілевіч

(н. 3.12.1930, г. Таганрог, Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н., праф. (1982). Скончыў Узбекскі дзярж. ун-т (1953). З 1957 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1969 у БДУ. Навук. працы па фотахіміі і спектраскапіі каардынацыйных злучэнняў. Распрацаваў метады магніта-рэзананснай спектраскапіі прадуктаў хім. рэакцый, стварыў малекулярныя генератары радыёчастот на аснове хім. палярызацыі атамных ядраў.

Тв.:

Структура продуктов реакции фотовосстановления металлопорфиринов (у сааўт.) // Докл. АН СССР. 1972. Т. 207, № 2;

Генерирование электромагнитных колебаний в ходе фотохимических реакций (разам з Г.П.Шпяньковым, Л.А.Хільмановіч) // Журн. прикладной спектроскопии. 1982. Т. 36, вып. 5.

А.І.Болсун.

т. 5, с. 284

ГЛАЗКО́Ў Юрый Мікалаевіч

(н. 2.10.1939, Масква),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1977), лётчык-касманаўт СССР (1977). Скончыў Харкаўскае вышэйшае ваен. авіяц. інж. вучылішча. З 1965 у атрадзе касманаўтаў. 7—25.2.1977 з В.В.Гарбатко здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-24» (яго бортінжынер) і на арбітальнай станцыі «Салют-5». Працягласць палёту 17,73 сут. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АН СССР.

т. 5, с. 284

ГЛАЗКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура пач. бронзавага веку (мяжа 3—2-га тыс. да н.э. — 1200 г. да н.э.) на тэр. Прыбайкалля, Прыангар’я, у вярхоўях Лены і нізоўях Селенгі. Назва ад пахаванняў у б. Глазкоўскім прадмесці г. Іркуцка. Вядома па невял. могільніках (ад 1 да 8 пахаванняў). Пахавальны абрад — у неглыбокіх ямах на спіне ў выцягнутым становішчы, радзей з сагнутымі нагамі; на апошнім этапе ў скурчаным становішчы. Асаблівасць пахаванняў — арыентацыя ўздоўж ракі, часцей галавой уверх па цячэнні. Асн. занятак — рыбалоўства. Насельніцтва карысталася каменнымі і касцянымі прыладамі і зброяй. З’явіліся першыя метал. вырабы: нажы, рыбалоўныя кручкі, іголкі, шылы і інш.

А.В.Іоў.

т. 5, с. 285