ГЛА́ЗГА
(Glasgow),
горад у Вялікабрытаніі, на З Шатландыі. Знаходзіцца на Сярэднешатландскай нізіне, на р. Клайд за 35 км ад яе вусця. Адм. ц. раёна Стратклайд і гал. горад канурбацыі Клайдсайд. 684,3 тыс. ж., у межах канурбацыі больш за 1,5 млн. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог, гандл. цэнтр і марскі порт. Аэрапорт. На прадпрыемствах Глазга сканцэнтравана больш за 1/3 усіх занятых у прам-сці Шатландыі. Металургічная вытв-сць на базе мясц. каменнага вугалю і прывазной жал. руды. Буйнейшы суднабуд. раён краіны. Суднарамонт. Прадпрыемствы Глазга выпускаюць таксама суднавыя рухавікі, катлы, турбіны. Развіта лакаматывабудаванне, электратэхніка, станкабудаванне, авія- і аўтабудаванне. Прам-сць харч., тытунёвая, швейная, паліграф., тэкст., у т. л. вытв-сць дываноў. Метрапалітэн. Ун-т. Шатл. муз. акадэмія. Маст. галерэі і музей Глазга. Гатычны сабор (12—16 ст.), інш. арх. помнікі.
Засн. ў 6 ст. У сярэднявеччы невял. рыбацкае паселішча, з 1178 горад. У 1451 адкрыты ун-т. У 1636 атрымаў статус каралеўскага горада. У 14 і 17 ст. неаднаразова быў зруйнаваны у час войнаў з англічанамі. Пасля заключэння шатландска-англ. уніі 1707 — цэнтр гандлю, з сярэдзіны 18 ст. — важнейшы прамысл. і партовы горад Вялікабрытаніі. З 19 ст. буйны цэнтр рабочага руху.
т. 5, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)