ГЛА́ЗАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (25.6.1915, Масква — 20.5.1980),

бел. і рускі спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1954). У 1938—49 саліст Ансамбля песні і танца Сав. Арміі імя А.​В.​Аляксандрава. У 1951—61 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У 1962—75 саліст Москанцэрта. Валодаў голасам прыемнага тэмбру, шырокага дыяпазону, пачуццём стылю. Стварыў разнапланавыя вобразы ў нац. операх: Змітрок і фон Шолен («Міхась Падгорны» і «Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага), Лагоўскі («Яснае світанне» А.​Туранкова), Лявон («Калючая ружа» Ю.​Семянякі); у класічных — Мечнік («Страшны двор» С.​Манюшкі), Мазепа, Томскі і Ялецкі, Анегін («Мазепа», «Пікавая дама», «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Жэрмон, граф ды Луна, Рэната («Травіята», «Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі).

Б.​С.​Смольскі.

т. 5, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)