ВЯРХІ́ТА,
рака ў Дубровенскім і Лёзненскім р-нах Віцебскай вобл., у бас. Зах. Дзвіны. Даўж. 28 км. Пл. вадазбору 266 км². Пачынаецца за 1 км на Пн ад в. Пятрыкі Дубровенскага р-на, цячэ па Лучоскай нізіне праз азёры Афанасьеўскае і Казённае, пераважна ў лясістай мясцовасці, упадае ў воз. Зелянское (бас. р. Лучоса). Прытокі Бабровіца і Лютыня (справа). Ад вытоку на працягу 9 км рэчышча каналізавана.
т. 4, с. 396
ВЯРХО́ВАЕ БАЛО́ТА,алігатрофнае балота, тып балота, якое жывіцца толькі атм. ападкамі; беднае мінер. рэчывамі. Утвараецца ва ўмовах застою паверхневых вод на плоскіх паніжэннях водападзелаў; не мае сувязі з падземнымі водамі. На вярховым балоце намнажаецца торф магутнасцю 2—10 м, ступень распаду якога каля 50%. Паверхня балота пукатая да цэнтра, дзе найб. інтэнсіўна растуць асн. торфаўтваральнікі — сфагнавыя мхі. Відавы склад вышэйшых раслін бедны (балотныя формы хвоі і лістоўніцы, карлікавая бяроза, багун, балотны мірт, верас, буякі, журавіны, падвей похвенны, расіца круглалістая, марошка і інш.). На Беларусі вярховыя балоты найб. пашыраны ў Віцебскай і на Пн Мінскай абласцей (гл. таксама Балота).
т. 4, с. 396
ВЯРХО́ВІЧЫ,
вёска ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Калінкавічы—Высокае. Цэнтр сельсавета. За 26 км на ПнЗ ад г. Камянец, 39 км ад Брэста, 12 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 678 ж., 267 двароў (1996). Вярховіцкі крухмальны з-д, участак Высокаўскага прамысл.-гандл. камбіната. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, 2 бальніцы, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі архітэктуры — Мікалаеўская царква (1933) і царква (пач. 20 ст.).
т. 4, с. 396
ВЯРХО́ЎЕ,
вёска ў Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., на р. Свяча, на аўтадарозе Бешанковічы—Чашнікі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 11 км на ПдЗ ад г. п. Бешанковічы, 62 км ад Віцебска, 22 км ад чыг. ст. Чашнікі. 833 ж., 318 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.
т. 4, с. 396
ВЯРХО́ЎНАЯ РАСПАРА́ДЧАЯ КАМІ́СІЯ па ахове дзяржаўнага парадку і грамадскага спакою, часовы надзвычайны орган дзярж. улады ў Рас. імперыі ў лют.—жн. 1880. Засн. ва ўмовах рэальнай пагрозы жыццю імператара Аляксандра II з боку рэвалюцыянераў (замах, учынены 5.2.1880 С.М.Халтурыным). Гал. задача — аб’яднанне ўсіх карных органаў для барацьбы з рэв. рухам. Вяла расследаванне па справах аб паліт. злачынствах у Пецярбургу і навакольнай мясцовасці, ажыццяўляла нагляд за такімі справамі ў Расіі. Усяго праведзены 5 пасяджэнняў. Камісіі часова падпарадкоўваліся Трэцяе аддзяленне і Корпус жандараў. Членамі Вярхоўнай распарадчай камісіі былі М.Т.Лорыс-Мелікаў (гал. начальнік), К.П.Пабеданосцаў, нач. штаба Пецярбургскай ваен. акругі ген. А.К.Імерэцінскі, сенатары М.Е.Кавалеўскі, І.І.Шамшын і П.А.Маркаў, ген.-маёр світы М.І.Бацьянаў і інш. (усяго 11 чал.). Скасавана па ініцыятыве Лорыс-Мелікава.
Літ.:
Зайончковский П.А. Кризис самодержавия на рубеже 1870—1880-х гг. М., 1964. С. 148—229.
т. 4, с. 396
ВЯРХО́ЎНЫ САВЕ́Т РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшы пастаянна дзеючы прадстаўнічы і заканадаўчы орган дзярж. улады ў Беларусі ў 1991—96. Валодаў вяршэнствам і паўнатой заканад. улады і ажыццяўляў яе ад імя народа ў межах і формах, вызначаных Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь. Складаўся з адной палаты (260 дэпутатаў). Дэпутаты выбіраліся грамадзянамі краіны на аснове ўсеагульнага выбарчага права тэрмінам на 5 гадоў (першыя выбары ў Вярх. Савет Беларускай ССР, які з’яўляўся прадстаўнічым і заканад. органам саюзнай рэспублікі да набыцця ёю самастойнасці, адбыліся ў 1938). Парадак дзейнасці Вярх. Савета, яго органаў і дэпутатаў вызначаўся Канстытуцыяй 1994, законам «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь», а таксама Рэгламентам Вярх. Савета. Для арганізацыі работы Вярх. Савета выбіраліся Старшыня, яго намеснікі, ствараліся камісіі. Штогод праводзіліся веснавая і асенняя сесіі, пры неабходнасці — спец. і нечарговыя пасяджэнні. Да кампетэнцыі Вярх. Савета належала прыняцце Канстытуцыі і ўнясенне ў яе змяненняў і дапаўненняў, прыняцце законаў і пастаноў, кантроль за іх выкананнем, назначэнне чарговых выбараў дэпутатаў усіх узроўняў, выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, правядзенне рэсп. рэферэндумаў, вызначэнне асн. кірункаў унутр. і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, інш. пытанні. Выдаваў «Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь». Старшыні Вярх. Савета: М.І.Дземянцей (1990—91), С.С.Шушкевіч (1991—94), М.І.Грыб (1994—96), С.Г.Шарэцкі (з 10.1.1996 да 27.11.1996). Дзейнасць Вярх. Савета спынена 27.11.1996 у выніку праведзенага рэферэндуму і прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), паводле якой функцыі былога вышэйшага прадстаўнічага органа адышлі да Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Г.А.Маслыка.
т. 4, с. 396
ВЯРХО́ЎНЫ САВЕ́Т СССР,
вышэйшы пастаянна дзеючы орган дзярж. улады ў СССР у 1936—91. Да 1989 выбіраўся грамадзянамі СССР на 4 гады на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права тайным галасаваннем. Складаўся з 2 раўнапраўных палат: Савета Саюза і Савета Нацыянальнасцей. Кожная палата стварала пастаянныя камісіі.
Сесіі склікаліся не радзей чым 2 разы на год. Са складу Вярхоўнага Савета СССР выбіраўся Прэзідыум. Вярхоўны Савет СССР ствараў урад Савета Міністраў СССР, выбіраў Вярх. суд СССР, прызначаў Ген. пракурора СССР, зацвярджаў 5-гадовыя планы развіцця краіны. Скліканні Вярхоўнага Савета СССР: 1-е (1937), 2-е (1946), 3-е (1950), 4-е (1954), 5-е (1958), 6-е (1962), 7-е (1966), 8-е (1970), 9-е (1974), 10-е (1979), 11-е (1984). З 1989 склад Вярхоўнага Савета СССР фарміраваўся на з’ездзе народных дэпутатаў СССР. Паводле Закона СССР ад 5.9.1991 «Аб органах дзяржаўнай улады і кіравання Саюза ССР у пераходны перыяд» Вярхоўны Савет СССР складаўся з 2 самаст. палат: Савета Рэспублік і Савета Саюза. Прадугледжвалася, што ў Савет Рэспублік павінна ўваходзіць па 20 дэпутатаў ад кожнай суверэннай рэспублікі з нар. дэпутатаў СССР і рэспублік. Іх дэлегавалі вышэйшыя органы дзярж. улады гэтых рэспублік. У адпаведнасці з пастановай Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 18.9.1991 у склад Савета Рэспублік было дэлегавана 9 нар. дэпутатаў СССР і 11 нар. дэпутатаў Беларусі. Савет Саюза фарміраваўся дэпутацыямі суверэнных рэспублік толькі з нар. дэпутатаў СССР па ўзгадненні з вышэйшымі органамі дзярж. улады рэспублік. Ад Рэспублікі Беларусь у Савет Саюза ўваходзіла 10 дэпутатаў. Вярхоўны Савет СССР сумеснымі рашэннямі абедзвюх палат мог уносіць змены ў Канстытуцыю СССР, прымаць у склад Саюза ССР новыя дзяржавы, заслухоўваць Прэзідэнта СССР па найб. важных пытаннях і інш. У снеж. 1991 у сувязі са стварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў і дэнансацыяй Дагавора 1922 аб стварэнні СССР Вярхоўны Савет СССР спыніў сваю дзейнасць.
т. 4, с. 396
ВЯРХО́ЎНЫ СУД РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшы судовы орган Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1923. Складаецца з 45 суддзяў, у т. л. Старшыні, яго намеснікаў, якія назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Саветам Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь і выконваюць свае абавязкі бестэрмінова. Дзейнічае ў складзе калегій па цывільных справах, крымін. справах, Ваен. калегіі, Прэзідыума і Пленума. У межах сваіх паўнамоцтваў суд разглядае справы ў касацыйным і наглядным парадках і па новаадкрытых акалічнасцях, а таксама ў якасці суда 1-й інстанцыі ў выпадках, прадугледжаных законам; вывучае і абагульняе суд. практыку, аналізуе суд. статыстыку і дае тлумачэнні па пытаннях выкарыстання заканадаўства; уносіць прапановы ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных актаў; ажыццяўляе інш. паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканад. актамі. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці Вярх. суда вызначаны Законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995.
Г.А.Маслыка.
т. 4, с. 396
ВЯРХО́ЎНЫ ТА́ЙНЫ САВЕ́Т,
вышэйшая дзярж. ўстанова ў Расіі ў 1726—30. Створаны паводле ўказа імператрыцы Кацярыны I. Уваходзілі А.Д.Меншыкаў, Ф.М.Апраксін, Г.І.Галоўкін, А.І.Астэрман, Дз.М.Галіцын, П.А.Талстой, К.Ф.Галштынскі, А.Г. і В.А.Далгарукавы (з 1728), М.М.Галіцын і В.У.Далгарукаў (з 1730). Фармальна быў дарадчым органам пры манарху, фактычна вырашаў усе важнейшыя справы ўнутр. і знешняй палітыкі. Савету падпарадкоўваліся Сенат, калегіі, Сінод і інш. Спачатку працягваў палітыку Пятра І, потым адышоў ад яе (скасаванне пад націскам знаці пятроўскага адм. апарату, перанясенне сталіцы ў Маскву). Пасля запрашэння на рас. прастол Ганны Іванаўны члены Вярхоўнага тайнага савета спрабавалі абмежаваць яе ўладу, і яна вымушана была падпісаць адпаведныя ўмовы («кандыцыі»). Але палітыка членаў Савета не атрымала падтрымкі шырокіх слаёў дваранства. Ганна Іванаўна разарвала «кандыцыі». Вярхоўны тайны савет быў скасаваны.
т. 4, с. 397