Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КІТО́ВАЯ БУ́ХТА,

тое, што Уолфіш-Бей.

т. 8, с. 312

КІТО́ВЫ ВУС,

рагавыя пласціны ў верхняй сківіцы бяззубых (вусатых) кітоў. У паласацікаў да 800, у шэрых кітоў да 130 пласцін трохвугольнай формы. Меншы бок пласціны замацаваны ў сківіцы, а большы, расшчэплены на доўгія і тонкія рагавыя трубачкі, накіраваны ў ротавую поласць. Трубачкі пераплятаюцца паміж сабой і ўтвараюць цадзільны апарат («шчотку»), праз які кіт прапускае ваду і адцэджвае жывёл (планктон), што трапілі ў яго пашчу. Выкарыстоўваецца для дробных вырабаў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 312

КІТО́Ў (Леанід Лявонавіч) (н. 7.4.1940, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),

бел. спартсмен (вольная барацьба). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1969). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1974). З 1975 трэнер спартклуба БВА. Чэмпіён Еўропы (1970, Берлін) у цяжкай вазе. Сярэбраны (1969, Мінск) і бронз. (1966, г. Новасібірск, Расія) прызёр чэмпіянатаў СССР. Чэмпіён Беларусі (1964—69) па вольнай барацьбе і ў 1969 — па самба. Шматразовы пераможца і прызёр на міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтвах.

т. 8, с. 312

КІТС ((Keats) Джон) (31.10.1795, Лондан — 23.2.1821),

англійскі паэт. Прадстаўнік лонданскіх рамантыкаў малодшага пакалення (т. зв. «школы кокні»). Па адукацыі ўрач. Друкаваўся з 1816. Першы зб. — «Вершы» (1817). Унёс у англ. паэзію рамантызму новыя матывы (суадносіны ісціны і прыгажосці, мастацтва і рэчаіснасці), маст. прыёмы (асацыятыўнасць метафорыкі). Паэмы «Сон і паэзія» (1816), «Эндыміён» (1818) — пошук К. ідэальнай рэальнасці, гармоніі паэзіі і жыцця. Звяртаўся да сюжэтаў л-ры Адраджэння (паэмы «Ізабела, ці Гаршчок з базілікам», «Канун Святой Агнесы»; абедзве 1820). Алегарычная паэма «Гіперыён» (1820) пра барацьбу тытанаў і багоў-алімпійцаў. Пісаў санеты («Конік і цвыркун»), оды («Ода да грэчаскай вазы», «Ода да салаўя»), балады. Аўтар гіст. трагедыі «Атон Вялікі» (нап. 1819), драм. паэмы «Кароль Стэфан» (1819, не завершана). Паліт. матывы ў вершы «Да Касцюшкі». На бел. мову паасобныя вершы К. пераклаў Я.​Семяжон.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения. Л., 1986;

Стихотворения и поэмы. М., 1989.

Літ.:

Дьяконова Н.Я. Китс и его современники. М., 1973.

Н.​М.​Саркісава.

Дж. Кітс.

т. 8, с. 312

КІТС ((Kits) Эльмар) (27.4.1913, г. Тарту, Эстонія — 24.3.1972),

эстонскі жывапісец. Нар. маст. СССР (1971). Скончыў Вышэйшую маст. школу «Палас» у Тарту (1939). У 1940—41 выкладаў у Вышэйшай маст. школе ў Тарту, у 1944—49 у Таргускім маст. ін-це. Працаваў у тэматычнай карціне, пейзажы, нацюрморце, партрэце. Творчасці ўласцівы свабодная жывапісная манера і тонкасць каларыстычных вырашэнняў: «Згарэлы горад» (1943), «Начная хабанера» (1944), «Кемскі парог» (1955—56), аўтапартрэт (1956), «Паводка ў Валгаметсе» (1960), трыпціх «Музыка, балет, выяўленчае мастацтва» (1961—62), «Будаўнікі», «У.​І.​Ленін» (абодва творы 1969, Дзярж. прэмія Эстоніі 1970) і інш.

Э.Кітс. Кемскі парог. 1955.

т. 8, с. 312

КІТУНО́ВІЧ (Фёдар Рыгоравіч) (н. 16.4.1917, в. Агароднікі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. педагог. Канд. пед. н. (1954), праф. (1978). Засл. настаўнік Беларусі (1982). Скончыў БДУ (1947). З 1954 у Бел. пед. ун-це. Навук. працы ў галіне выкарыстання тэхн. сродкаў навучання, ЭВМ і праграміраванага навучання пры выкладанні фізікі і электратэхнікі. Аўтар падручнікаў і навуч. дапаможнікаў для школ і ВНУ.

Тв.:

Электротехника. 3. изд. Мн., 1991 Электратэхніка. Мн., 1997.

т. 8, с. 313

КІ́ТЧЭНЕР (Kitchener),

горад на Пд Канады, у прав. Антарыо, у даліне р. Гранд-Рывер. 334 тыс. ж. з прыгарадамі (1989). Вузел чыгунак. Фін. і прамысл. цэнтр. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. аўтамабілебудаванне, металаапр., эл.тэхн., хім., гарбарная, тэкст., гумавая, харчовая. Акадэмія прыгожых мастацтваў.

т. 8, с. 313

КІ́ТЧЭНЕР ((Kitchener) Гарацыо Герберт) (24.6.1850, Лістоўэл, Ірландыя — 5.6.1916),

брытанскі ваен. і дзярж. дзеяч. Фельдмаршал (1909), граф Хартумскі (1914). З 1874 у брыт. калан. войсках на Б. Усходзе, з 1883 у Егіпце. У 1886—88, 1899 ген.-губернатар Усх. Судана. У 1892—98 галоўнакамандуючы англа-егіп. арміяй, кіраваў задушэннем паўстання махдыстаў. У час англа-бурскай вайны 1899—1902 нач. штаба, з 1900 камандуючы брыт. войскамі. У 1902—09 служыў у Індыі. У 1911—14 брыт. ген. консул у Егіпце, фактычны кіраўнік краіны. З 1914 ваен. міністр Вялікабрытаніі. Загінуў у 1-ю сусв. вайну на крэйсеры «Хэмпшыр», які падарваўся на міне.

т. 8, с. 313

КІТЫ́ (Cetacea),

атрад другаснаводных млекакормячых. 2 падатрады: бяззубыя кіты і зубатыя кіты, 7 сям., 38 родаў, каля 80 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, ёсць прэснаводныя (некат. дэльфіны).

Даўж. ад 1,1 да 33 м, маса ад 30 кг да 150 т. Цела абцякальнай формы, з гарыз. двухлопасцевым хвастом. Бяззубыя К. кормяцца планктонам, зубатыя — рыбай, галаваногімі малюскамі. Нараджаюць 1 дзіцяня раз у 2 гады. Колькасць большасці відаў К. змяншаецца. У 1946 падпісана Міжнар. канвенцыя па рэгуляванні кітабойнага промыслу і створана Міжнар. кітабойная камісія (уключае каля 20 краін). У Чырв. кнізе МСАП 18 відаў і 1 падвід.

т. 8, с. 313

КІТЭ́Й, Кіт, Кідэака,

старажытны горад Баспорскага царства, гарадзішча якога знаходзіцца на беразе Чорнага мора, за 40 км на Пд ад г. Керч (Крым). Існаваў у 5 ст. да н. э. — 5 ст. н. э. Гарадзішча пл. 4,5 га размешчана на высокім абрывістым беразе, з бакоў умацавана валам і ровам. У 4 ст. да н. э. горад быў абнесены каменнай сцяной таўшчынёй каля 2,5 м, у 1 ст. н. э. паралельна ёй пабудавана 2-я сцяна таўшчынёй да 3 м. У цэнтры гарадзішча раскопкамі выяўлены рэшткі культавай пабудовы, мармуровы сонечны гадзіннік, храмавы стол з надпісам 234 года, што паведамляе пра буд-ва храма. Этапы росквіту К. — 4—3 ст. да н. э. і 2—1-я пал. 3 ст. н. э. Насельніцтва займалася земляробствам і гандлем збожжа. У адрозненне ад большасці баспорскіх гарадоў у К. не было сваёй гавані.

А.​В.​Іоў.

т. 8, с. 313