КІТС ((Keats) Джон) (31.10.1795, Лондан — 23.2.1821),

англійскі паэт. Прадстаўнік лонданскіх рамантыкаў малодшага пакалення (т. зв. «школы кокні»). Па адукацыі ўрач. Друкаваўся з 1816. Першы зб. — «Вершы» (1817). Унёс у англ. паэзію рамантызму новыя матывы (суадносіны ісціны і прыгажосці, мастацтва і рэчаіснасці), маст. прыёмы (асацыятыўнасць метафорыкі). Паэмы «Сон і паэзія» (1816), «Эндыміён» (1818) — пошук К. ідэальнай рэальнасці, гармоніі паэзіі і жыцця. Звяртаўся да сюжэтаў л-ры Адраджэння (паэмы «Ізабела, ці Гаршчок з базілікам», «Канун Святой Агнесы»; абедзве 1820). Алегарычная паэма «Гіперыён» (1820) пра барацьбу тытанаў і багоў-алімпійцаў. Пісаў санеты («Конік і цвыркун»), оды («Ода да грэчаскай вазы», «Ода да салаўя»), балады. Аўтар гіст. трагедыі «Атон Вялікі» (нап. 1819), драм. паэмы «Кароль Стэфан» (1819, не завершана). Паліт. матывы ў вершы «Да Касцюшкі». На бел. мову паасобныя вершы К. пераклаў Я.​Семяжон.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения. Л., 1986;

Стихотворения и поэмы. М., 1989.

Літ.:

Дьяконова Н.Я. Китс и его современники. М., 1973.

Н.​М.​Саркісава.

Дж. Кітс.

т. 8, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)