Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭМЕ́ДЫУМ (лац. remedium сродак супраць чаго-н.),

дазволенае законам адхіленне вагі і пробы манеты ад устаноўленай нормы. Р. прадухіляў псаванне паўнацэнных манет і магчымасць абарачэння манет, у якіх фактычная залатая вартасць адхілялася ад законнай нормы.

т. 14, с. 10

РЭ́МЕЗ (Яўген Якаўлевіч) (17.2.1896, г. Мсціслаўль Мсціслаў Магілёўскай вобл. — 30.8.1975),

украінскі матэматык. Чл.-кар. АН Украіны (1939). Скончыў Кіеўскі ін-т нар. адукацыі (1924). У 1933—55 у Кіеўскім пед. ін-це, у 1935—38 у Кіеўскім ун-це. Адначасова з 1935 у Ін-це матэматыкі АН Украіны. Навук. працы па канструктыўнай тэорыі функцый і набліжаным аналізе. Распрацаваў агульныя выліч. метады набліжэння функцый, атрымаў важныя абагульненні тэарэм характарызацыі Чабышова—Маркава, стварыў агульны аператарны метад пабудовы астаткавых членаў.

Літ.:

История отечественной математики. Т.​М.​Киев, 1966—70.

т. 14, с. 10

РЭ́МЕЗАЎ (Сямён Ульянавіч) (каля 1642 — пасля 1720),

расійскі географ, картограф і гісторык Сібіры. Склаў планы і зрабіў апісанні г. Табольск і Табольскага павета (1683—1710). У 1696—97 даследаваў бас. р. Табол, нанёс яе і буйныя прытокі на карту. У 1699—1701 склаў рукапісную «Чарцёжную кнігу Сібіры» — першы расійскі геагр. атлас з 23 карт, якім абагульніў рускія геагр. адкрыцці 16—17 ст.

т. 14, с. 10

РЭ́МЕЗЫ (Remizinae),

падсямейства птушак сям. сініцавых. 4 роды: Anthoscopus (6 відаў, пашыраны ў Афрыцы), Auriparus (1 від, на ПдЗ Паўн. Амерыкі), Cephalopyrus (1 від, у Паўд. і Паўд-Усх. Азіі) і рэмез — Remiz (1 від, 10 падвідаў, пашыраны ў Еўропе і Азіі). Аселыя і пералётныя птушкі. Жывуць па берагах вадаёмаў. На Беларусі Р. звычайны (R. pendulinus) трапляецца пераважна ў пойме р. Прыпяць, занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 11,5 см, маса да II г. Афарбоўка каштанавая, вохрыстая і шэрая. Кормяцца насякомымі, павукамі, насеннем. Гнёзды Р. звычайнага шарападобныя, падвешаныя на галінах або трыснягу. Адкладваюць 5—6, зрэдку да 10 яец.

П.​У.​Пінчук.

Да арт. Рэмезы: рэмез звычайны і яго гняздо.

т. 14, с. 10

РЭ́МЕК ((Remek) Уладзімір) (н. 26.9.1948, г. Чэске-Будзеёвіцы, Чэхія),

першы касманаўт Чэхаславакіі. Герой Чэхаславакіі (1978). Герой Сав. Саюза (1978). Лётчык-касманаўт Чэхаславакіі (1978). Палкоўнік-інжынер (з 1995 у адстаўцы).

Скончыў Вышэйшае авіяц. вучылішча ў г. Кошыцы (1970), Ваенна-паветр. акадэмію імя Ю.​А.​Гагарына (1976). З 1976 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў. 2—10.3.1978 з А.А.Губаравым здзейсніў (як касманаўт-даследчык) палёт на касм. караблі «Саюз-28» (першы ў свеце міжнар. экіпаж) па праграме «Інтэркосмас» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж Ю.В.Раманенка, Г.М.Грэчка) з прыстыкаваным да яе касм. караблём «Саюз-27». Правёў у космасе 7,9 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

У.Рэмек.

т. 14, с. 11

РЭ́МЕНЫ (Reményi) Эдэ [сапр. Гофман (Hoffmann); 17.1.1828, г. Мішкальц, Венгрыя — 15.5.1898], венгерскі скрыпач і кампазітар. Вучыўся ў Венскай кансерваторыі (1842—45). Выступаў у ансамблі з І.​Брамсам. З 1854 прыдворны саліст у Лондане. З 1860 у Будапешце, з 1875 у Парыжы, Нью-Йорку. Ігра вызначалася вогненным тэмпераментам, бліскучай віртуознасцю, свабоднай імправізацыяй. Сярод твораў: канцэрт для скрыпкі з арк., п’есы ў нар. венг. духу для скрыпкі сола («Венгерскія мелодыі» і інш.) і з фп., скрыпічных транскрыпцый фп. п’ес Ф.​Шапэна, у т. л. мазурак і паланэзаў, вальсаў і інш.

т. 14, с. 11

РЭ́МІЗАЎ (Аляксей Міхайлавіч) (6.7.1877, Масква — 26.11.1957),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1902. Пошукі архаічнага стылю, арыентаванага на л-ру і вуснае слова «дапятроўскай» Русі ў кн. «Ліманар, сірэч: Луг духоўны» (1907), «Міколавы прытчы» (1917). У раманах «Сажалка» (1905), «Плачужная канава» (1923—25), аповесці «Пятая язва» (1912), у «летапіснай» аповесці «Узвіхраная Русь» (1927) — вобраз рас. правінцыі і С.-Пецярбурга, тэмы недарэчнасці жыцця, душэўнай дысгармоніі, чалавечых пакут. «Слова пра пагібель Рускай зямлі» (1918) — ліраэпічная «гістарыясофія» Расіі, асэнсаванне падзей 1-й сусв. вайны і Лют. рэвалюцыі 1917. Аўтар драм. твораў у духу сярэдневяковых містэрый («Трагедыя пра Іуду, прынца Іскарыёцкага», 1909; «Цар Максімілян», 1919), біягр. кн. «Падстрыжанымі вачыма» (1951), кн. «Агонь рэчаў. Сны і перадсонне. Гогаль. Пушкін. Лермантаў. Тургенеў. Дастаеўскі» (1954), апрацовак казак, паданняў, апокрыфаў і інш. З 1921 у эміграцыі.

Тв.:

Соч. Кн. 1—2. М., 1993;

Избранное. М., 1978;

Избранное. Повести. Лит. силуэты. Воспоминания. М., 1992;

В розовом блеске: Автобиогр. повествование. Роман. М., 1990.

Літ.:

Алексей Ремизов: Исслед. и материалы. СПб., 1994.

т. 14, с. 11

РЭМІЛІТАРЫЗА́ЦЫЯ (ад рэ... + мілітарызацыя),

аднаўленне ваен. магутнасці, ваен.-эканам. патэнцыялу дзяржавы (ч. яе тэр.) пасля дэмілітарызацыі. Напр., Германія анулявала ваен. артыкулы Версальскага мірнага дагавора 1919, аднавіла ваен. магутнасць і распачала падрыхтоўку да рэваншу. Пасля 2-й сусв. вайны Р. найб. характэрна для дзяржаў, якія ў адпаведнасці з міжнар. дагаворамі ў 2-й пал. 1940-х г. былі дэмілітарызаваны, потым аднавілі свой ваен.-эканам. і тэхн. патэнцыял (напр., ФРГ, Італія, Румынія і інш.).

т. 14, с. 11

РЭМІНІСЦЭ́НЦЫЯ (ад лац. reminiscentia успамін) у псіхалогіі, адтэрмінаванае больш поўнае і дакладнае аднаўленне захаванага ў памяці матэрыялу ў параўнанні з першапачаткова ўспрынятым (завучаным). Назіраецца ў працэсе запамінання рознага вербальнага і нагляднага матэрыялу (тэксты, вершы, спісы, наборы малюнкаў, прадметаў), а таксама пры замацаванні сенсаматорных навыкаў. Асабліва выразна праяўляецца пры рабоце з лагічна звязаным матэрыялам вял. аб’ёму, які аказвае эмацыянальнае ўздзеянне на чалавека. Часцей сустракаецца ў дзіцячым узросце.

т. 14, с. 11

РЭМІНІСЦЭ́НЦЫЯ ў літаратуры,

свядомае ці міжвольнае ўзнаўленне паэтам маст. вобраза або вобразнай канструкцыі з твора інш. аўтара, уключэнне іх як своеасаблівага ідэйна-маст. кампанента ў свой твор. Напр., выразна адчуваецца арыентацыя на вядомы вобраз, упершыню ўжыты Ф.​Скарынай (прадмова да кн. «Юдзіф»), у вершы Р.​Барадуліна «Аплакалі вырай совы»:

Па граю першыя
Тужаць
Праталіны белабрысыя,
Ведаюць гнёзды птушкі.
I рыбы чуюць віры свае

Вядомы таксама выпадкі аўтарэмінісцэнцыі:

Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе 1 часам спамяні пра
Яську свайго,
Што загінуў за праўду для дабра твайго.
А калі слова пяройдзе ў дзела,
Тады за праўду станавіся смела,
Бо адно з праўдай у грамадзе згодна
Дажджэш, народзе, старасці свабодна.
(К.​Каліноўскі.«Пісьмо з-пад шыбеніцы»).

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 11