Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРАСТА́ТА,

няпарны залозіста-мышачны орган мужчын і самцоў жывёл.

Размешчана ў малым тазе, паміж дном мачавога пузыра і ампулай прамой кішкі; шчыльна ахоплівае шыйку пузыра і задні аддзел мочаспускальнага канала. Утворана асобнымі залозкамі розных памераў. Вывадныя пратокі П. адкрываюцца ў прастатычным аддзеле мочаспускальнага канала. Функцыі П. рэгулюе нерв. і эндакрынная сістэма. Сакрэт П. адыгрывае важную ролю ў забеспячэнні жыццядзейнасці сперматазоідаў у семявай вадкасці. Найб. частыя хваробы П. — прастатыт, пухліны (напр., адэнома прастаты).

т. 13, с. 19

ПРАСТАТЫ́Т,

запаленне прастаты. Абумоўлены ганакокавай, стафіла- і стрэптакокавай інфекцыяй, трыхаманадамі і інш. Часта спалучаецца з везікулітам, урэтрытам, у пажылым узросце з адэномай прастаты. Адрозніваюць П. востры і хранічны. Сімптомы вострага: смыленне ў мочаспускальным канале, частае мочаспусканне, дамешкі гною ў мачы. Пры хранічным П. тупы боль у прамежнасці, парушэнне палавой функцыі. Лячэнне тэрапеўт., пры ўтварэнні абсцэсу — хірургічнае.

т. 13, с. 20

ПРАСТО́Л,

1) у манархічнай дзяржаве назва трона — сімвала ўлады манарха.

2) У праваслаўным храме стол з мошчамі, накрыты пакрывалам — гал. прыналежнасць алтара. На П. знаходзіцца антымііс (хустка з выявай палажэння ў труну Ісуса Хрыста), прастольнае Евангелле, даразахавальніца, напрастольны крыж. Прастольнае свята — дзень святога, у гонар якога пабудавана царква.

т. 13, с. 20

ПРАСТО́РА ў матэматыцы,

лагічна магчымая форма (ці структура), якая служыць асяроддзем, дзе ажыццяўляюцца інш. формы і структуры, будуюцца розныя матэм. тэорыі. Напр., у элементарнай геаметрыі на плоскасці ці ў П. будуюцца розныя фігуры.

Узнікла як вынік абагульнення звычайнай трохмернай П. У большасці выпадкаў у П. фіксуюцца суадносіны, аналагічныя паводле фармальных уласцівасцей са звычайнымі прасторавымі суадносінамі (адлегласць паміж пунктамі, роўнасць фігур і інш.). Такія абагульненні даюць магчымасць выкарыстоўваць геам. аналогіі для рашэння канкрэтных задач, дзе рэальныя формы рэчаіснасці не з’яўляюцца прасторавымі ў звычайным сэнсе, аднак маюць прасторава-падобную структуру. Напр., метрычная П. (вызначана адлегласць паміж пунктамі; гл. Метрыка ў матэматыцы), «П. падзей» у геам. інтэрпрэтацыі тэорыі адноснасці, фазавая прастора ў тэарэт. фізіцы і механіцы. Гл. таксама Мнагамерная прастора, Тапалагічная прастора, Эўклідава прастора.

т. 13, с. 20

ПРАСТО́РАВАЯ ІЗАМЕРЫ́Я, стэрэаізамерыя,

адзін з тыпаў ізамерыі хім. злучэнняў. Абумоўлена існаваннем злучэнняў (стэрэаізамераў) з аднолькавай паслядоўнасцю сувязей атамаў паміж сабой, але розным іх прасторавым размяшчэннем у малекуле. Падзяляюць на энантыямерыю, ці аптычную ізамерыю, якая ўзнікае пры наяўнасці ў малекуле элемента хіральнасці, дыястэрэамерыю, абумоўленую існаваннем у злучэнняў з некалькімі элементамі хіральнасці груп прасторавых ізамераў, якія не з’яўляюцца аптычнымі антыподамі (гл. Дыястэрэамеры), геаметрычную ізамерыю, уласцівую злучэнням з падвойнымі сувязямі і малымі цыкламі.

т. 13, с. 21

ПРАСТО́РАВАЯ ІНВЕ́РСІЯ,

змена знакаў прасторавых каардынат часціц на процілеглыя: x−x, y−y, z−z. Фіз. сэнс пераўтварэння П.і. звязаны з тым, што працэсы прыроды, абумоўленыя моцнымі і эл.-магн. ўзаемадзеяннямі, не змяняюцца пры П.і. — для ўсякага такога працэсу ў прыродзе ажыццяўляецца і працякае з той жа імавернасцю «люстрана адбіты» працэс і квантавамех. апісанне яго вядзе да існавання прасторавай цотнасці, якая захоўваецца пры моцных і эл.-магн. узаемадзеяннях. У слабых узаемадзеяннях такая сіметрыя адсутнічае (прасторавая цотнасць не захоўваецца).

т. 13, с. 21

ПРАСТО́РАВАЯ КРЫВА́Я,

лінія, пункты якой не ляжаць у адной плоскасці. У дэкартавых каардынатах задаецца як перасячэнне 2 паверхняў F(x, y, z) = 0 і Φ(x, y, z) = 0 або ў параметрычнай форме: x = x(t), y = y(t), z = z(t).

т. 13, с. 21

ПРАСТО́РАВАЯ СІСТЭ́МА ў будаўнічай механіцы,

сістэма нясучай канструкцыі (або яе разліковая схема), якая характарызуецца прасторавым размеркаваннем мех. намаганняў у яе элементах. Падзяляюцца на масіўныя (напр., падмуркі, плаціны, станіны машын); танкасценныя (у выглядзе пласцін і абалонак); стрыжнёвыя (вежы, мачты, фермы мастоў, апоры ЛЭП і інш.); прасторавыя каркасы (складаюцца з калон і рыгеляў, звязаных у рамныя злучэнні). П.с. геаметрычна нязменныя, што забяспечвае іх эфектыўнасць (эканамічнасць), аднак іх буд-ва патрабуе складаных разлікаў. Гл. таксама Камбінаваная сістэма, Плоская сістэма.

т. 13, с. 21

ПРАСТО́РАВЫЯ МАСТА́ЦТВЫ,

гл Пластычныя мастацтвы.

т. 13, с. 21

ПРАСТО́РАВЫ ЗАРА́Д, аб’ёмны зарад,

зарад электрычны, размеркаваны па некаторым аб’ёме. Узнікае пры розных канцэнтрацыях дадатных і адмоўных носьбітаў зараду ў прасторы (напр., электронаў і іонаў у плазме). Назіраецца паблізу ад электродаў пры праходжанні эл. току праз электраліт ці газ, на мяжы 2 паўправаднікоў з рознымі тыпамі праводнасці, у вакууме пры электроннай эмісіі і інш. П.з. вызначае прасторавае размеркаванне патэнцыялу і напружанасці электрычнага поля.

т. 13, с. 21