ВЯРСО́ЦКІ Віктар Іванавіч
(н. 27.6.1923, Мінск),
бел. жывапісец і педагог. Засл. настаўнік Беларусі (1966). Засл. дз. культ. Польшчы (1980). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1968). На пед. рабоце з 1951 (у 1952 арганізаваў выяўл. студыю ў школе № 75 г. Мінска). У 1962—72 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працуе ў рэаліст. манеры пераважна ў жанры пейзажа. Яго творы вызначаюцца выразным каларытам, кампазіцыйнай стройнасцю, лірызмам. Сярод работ: «Аўтастрада», «Гарадскі пейзаж» (1950-я г.), «Хатынь. Рэквіем», «Мой Мінск» (1960-я г.), «Лондан ноччу», «Дарогі Міншчыны», «У Варшаве, 17 студзеня 1945 г.», «Возера Нарач», «Парыж. Вуліца Мары Роз», «Над Свіслаччу цішыня» (1970-я г.), «Перад паводкай», «Рэха», «Варшава — горад, які я вызваляў», «Раніца Фларэнцыі», «Прага. Плошча», «Паланэз», «Нёман скрозь стагоддзі», «Рэха» (1980-я г.), «Край лясоў і азёр», «Вясна. Стары Магілёў», «Залаты надвячорак», нацюрморт «Ружы» (1990-я г.) і інш.
Г.Б.Сачанка.
т. 4, с. 395
ВЯРСО́ЦКІ Вячаслаў Віктаравіч
(н. 9.6.1955, Мінск),
бел. жывапісец. Сын В.І.Вярсоцкага. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1976). Працуе ў жанры пейзажа, піша нацюрморты, партрэты. Творы вызначаюцца каларытам, выразнай жывапісна-экспрэсіўнай пластыкай, уменнем перадаць непаўторныя адценні розных станаў прыроды. Сярод работ: «Мінск. Сімфонія восені», «Вясна. Вулачка верхняга горада», «Мінск салютуе», «Спрадвечнае», «Мокрыя дрэвы», «Кветкі», «На Мацея зіма пацее», «Кастрычнік», «Ясны дзень», серыя «Краскі беларускіх пушчаў», «Нацюрморт з чырвонай рэдзькай», «Памяць»; партрэты «Маці», «Студэнткі» (усе 1980—90-я Г.) і інш.
Г.А.Фатыхава.
т. 4, с. 395
ВЯРСТА́,
старажытная мера (адзінка) даўжыні ў Расіі, на Беларусі, Украіне і ў Польшчы. Вядомая з 11 ст. Лікавае значэнне вярсты мянялася ад 500 да 1000 сажняў. З канца 18 ст. і да ўвядзення метрычнай сістэмы мер вярста прымалася роўнай 1066,781 м. На Беларусі да канца 18 ст. карысталіся вярстой памерам да 789 сажняў (1559,7 м) і вялікай вярстой на 1000 сажняў (1948,2 м).
т. 4, с. 395
ВЯРСТО́ЎСКІ Аляксей Мікалаевіч
(1.3.1799, б. маёнтак Селівёрстава, Мічурынскі р-н Тамбоўскай вобл., Расія — 17.9.1862),
рускі кампазітар, тэатр. дзеяч. У 1825—60 служыў у маскоўскіх т-рах (яго дзейнасць называлі «эпохай Вярстоўскага»). Адзін з заснавальнікаў жанру рус. оперы-вадэвіля (больш за 30). Найб. папулярная опера «Аскольдава магіла» (1835) — лепшая рус. опера даглінкаўскага перыяду, адзін з узораў муз. рамантызму. Ёй уласцівы нац. каларыт, драм. выразнасць, яркі меладызм музыкі, засн. на бытавым матэрыяле (выкарыстанне інтанацый гар. раманса і інш.). Сярод інш. твораў: оперы «Пан Твардоўскі» (1828), «Вадзім, ці Абуджэнне 12 спячых дзяўчат» (1832), «Туга па радзіме» (1839), «Чурава даліна, ці Сон на яве» (1844), «Грамабой» (1857); кантаты, фп. п’есы, хары, балады, рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў.
Літ.:
Доброхотов Б. А.Н.Верстовский. М.; Л., 1949;
Яго ж. А.Н.Верстовский и его опера «Аскольдова могила». М., 1962.
т. 4, с. 395
ВЯРТЛЯ́ВАЯ ЧАРАЦЯ́НКА,
птушка, гл. ў арт. Чарацянкі.
т. 4, с. 395
ВЯРТЭ́П
(стараслав. і стараж.-рус. пячора),
1) украінскі нар. лялечны тэатр. Вядомы з 16 ст., распаўсюджаны ў 17—19 ст. Уяўляў сабой драўляную двух’ярусную скрыню ў выглядзе хаткі. Кожная сцэна-ярус мела проразі для ваджэння лялек. На верхнім паверсе паказвалі сцэны на біблейскія сюжэты, на ніжнім — інтэрмедыі (кароткія камічныя сцэнкі з песнямі і танцамі) свецкага характару. Прадстаўленні вяртэпа па традыцыі ладзіліся на Каляды. Дзеянне суправаджалася музыкай, у т. л. каляднымі песнапеннямі. Блізкі да бел. батлейкі, польск. шопкі, рус. пятрушкі.
2) Слова «вяртэп» ужываецца і для абазначэння трушчобы, прытона.
т. 4, с. 395
ВЯРХІ́ТА,
рака ў Дубровенскім і Лёзненскім р-нах Віцебскай вобл., у бас. Зах. Дзвіны. Даўж. 28 км. Пл. вадазбору 266 км². Пачынаецца за 1 км на Пн ад в. Пятрыкі Дубровенскага р-на, цячэ па Лучоскай нізіне праз азёры Афанасьеўскае і Казённае, пераважна ў лясістай мясцовасці, упадае ў воз. Зелянское (бас. р. Лучоса). Прытокі Бабровіца і Лютыня (справа). Ад вытоку на працягу 9 км рэчышча каналізавана.
т. 4, с. 396
ВЯРХО́ВАЕ БАЛО́ТА,алігатрофнае балота, тып балота, якое жывіцца толькі атм. ападкамі; беднае мінер. рэчывамі. Утвараецца ва ўмовах застою паверхневых вод на плоскіх паніжэннях водападзелаў; не мае сувязі з падземнымі водамі. На вярховым балоце намнажаецца торф магутнасцю 2—10 м, ступень распаду якога каля 50%. Паверхня балота пукатая да цэнтра, дзе найб. інтэнсіўна растуць асн. торфаўтваральнікі — сфагнавыя мхі. Відавы склад вышэйшых раслін бедны (балотныя формы хвоі і лістоўніцы, карлікавая бяроза, багун, балотны мірт, верас, буякі, журавіны, падвей похвенны, расіца круглалістая, марошка і інш.). На Беларусі вярховыя балоты найб. пашыраны ў Віцебскай і на Пн Мінскай абласцей (гл. таксама Балота).
т. 4, с. 396
ВЯРХО́ВІЧЫ,
вёска ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Калінкавічы—Высокае. Цэнтр сельсавета. За 26 км на ПнЗ ад г. Камянец, 39 км ад Брэста, 12 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 678 ж., 267 двароў (1996). Вярховіцкі крухмальны з-д, участак Высокаўскага прамысл.-гандл. камбіната. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, 2 бальніцы, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі архітэктуры — Мікалаеўская царква (1933) і царква (пач. 20 ст.).
т. 4, с. 396