Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МІНА́ЕЎ (Іван Паўлавіч) (21.10.1840, г. Тамбоў, Расія — 13.6.1890),

расійскі ўсходазнавец, індолаг. Д-р гіст. н. (1872). Праф. (1873). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1861). Чл. Рус. геаграфічнага т-ва (з 1873). Ажыццявіў 3 падарожжы ў Індыю (1874—75, 1880, 1885—86). Вывучаў гісторыю і культуру краін Паўд. Азіі (л-ра, філасофія, лінгвістыка, геаграфія, этнаграфія, фальклор). Даў пачатак даследаванням будызму ў Расіі. Сабраў вял. калекцыю санскрыцкіх і палійскіх рукапісаў, пераклаў і выдаў шэраг будысцкіх пісьмовых помнікаў.

Тв.:

Дневник путешествий в Индию и Бирму, 1880 и 1885—1886. М., 1955;

Индийские сказки и легенды, собранные в Камаоне в 1875 г. М., 1966.

т. 10, с. 378

Мінаеў Іван Васілевіч

т. 18, кн. 1, с. 429

МІНАКО́Ў (Анатоль Пятровіч) (н. 5.4.1936, г. Запарожжа, Украіна),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1998). Скончыў Запарожскі машынабуд. ін-т (1958). Працаваў на з-дах Украіны, з 1965 на Магілёўскім аўтамаб. з-дзе, з 1981 у Магілёўскім машынабуд. ін-це (з 1998 праф.). Навук. працы па фінішнай абразіўнай і ўмацавальнай пнеўмавібрадынамічнай апрацоўцы загатовак.

Тв.:

Упрочняющая обработка нежестких деталей в машиностроении. Мн., 1986 (разам з П.​І.​Яшчарыцыным);

Технологические основы пневмовибродинамической обработки нежестких деталей. Мн., 1995 (разам з А.​А.​Бунасам).

т. 10, с. 378

МІНАМЁТ,

артылерыйская безадкатная гармата, якая страляе мінамі. Прызначаны для навясной стральбы па адкрытых цэлях і з-за ўкрыцця, а таксама для разбурэння інж. збудаванняў. Мае высокую скарастрэльнасць і дакладнасць стральбы, малую масу і простую канструкцыю. Адрозніваюць дульна- і казназарадныя; гладкаствольныя (большасць) і наразныя; пераносныя, перавозныя, буксіровачныя, самаходныя і інш. Створаны і выкарыстаны пры абароне Порт-Артура ў рус.-яп. вайне 1904—05. Знаходзяцца на ўзбраенні армій шэрагу дзяржаў, у т. л. Рэспублікі Беларусь.

82-мм аўтаматычны мінамёт 269-й сістэмы 2К21 пры стральбе прамой наводкай.
Да арт. Мінамёт: 1 — дульназарадны мінамёт (у краінах СНД); 2 — самаходны мінамёт XM106 (ЗША).

т. 10, с. 378

МІНАМО́ТА,

1-я дынастыя сёгунаў — правіцеляў Японіі ў 12—14 ст. Заснавана Ёрытома М., які перамог у 1185 князёў на чале з Тайра Кіёморы і ў 1192 прыняў тытул сёгуна (вярх. военачальніка). Усталяванне ўлады М. азначала ўзвышэнне новай ваен. арыстакратыі над старой на чале з імператарам, б.ч. зямель якой Ёрытома размеркаваў паміж сваімі прыхільнікамі. Быў створаны сёгунскі ўрад — бакуфу. Але ўлада імператараў намінальна захоўвалася, і сёгуны фармальна дзейнічалі ад іх імя. З пач. 12 ст. рэальная ўлада апынулася ў руках роднаснага М. клана Ходзё, прадстаўнікі якога кіравалі краінай ў якасці рэгентаў (сікэнаў). У 1333 Ніта Ёсісада скінуў апошняга сёгуна М., і да ўлады прыйшла дынастыя сёгунаў Асікага.

т. 10, с. 378

МІНАНО́СЕЦ,

клас баявых надводных караблёў, прызначаных для знішчэння суднаў мінна-тарпеднай зброяй. Меў для самаабароны дробнакаліберныя гарматы або мітральезы (карцечніцы). Папярэднікі М. — катэры з жэрдкавымі мінамі, якія выкарыстоўваліся ў грамадз. вайну 1861—65 у ЗША і рус.-тур. вайну 1877—78, і мінаноскі — невял. караблі для дзеянняў каля берагоў, узброеныя самарушнымі мінамі — тарпедамі. Удасканальванне М. прывяло да стварэння мінных крэйсераў (канец 19 ст.), эскадраных мінаносцаў (перад 1-й сусв. вайной).

Р.​К.​Паўловіч.

Першы расійскі мінаносец «Узрыў». 1877.

т. 10, с. 378

МІНАРЭ́Т (араб., літар. маяк),

вежа каля мячэці, з якой мусульман заклікаюць да малітвы (намазу). Узводзяць каля мячэці ці ўключаюць ў яе кампазіцыю. Бываюць круглыя, квадратныя, шматгранныя, са спіралепадобным пандусам, з лесвіцай звонку ці ўнутры, адрозніваюцца арх. формамі і дэкорам (узорыстая муроўка, разьба, паліваная кераміка, ажурныя балконы). У 18 ст. ў еўрап. парках будавалі павільёны, якім надавалі формы М.

На Беларусі М. уключаецца ў склад драўляных мячэцей (в. Даўбучкі Смаргонскага р-на, 18 ст.; г.п. Мір Карэліцкага р-на, 18—19 ст.; г.п. Іўе Гродзенскай вобл., 19 ст.).

С.​А.​Сергачоў.

Мінарэт мячэці Азхар у Каіры. 8 ст.
Мінарэт аль-Мальвія мячэці Мутавакіля ў г. Самара (Ірак). 846—852.
Мінарэт Кутб-Мінар у Дэлі. 11 ст.

т. 10, с. 378

МІ́НАС (Minōs),

легендарны цар Кноса (на в-ве Крыт), герой шматлікіх грэч. міфаў, у т. л. пра Тэсея і Мінатаўра, Дэдала і Ікара і інш. Лічыўся сынам Зеўса і Еўропы. Стараж.-грэч. гіст. традыцыя прыпісвае яму стварэнне першага на Крыце заканадаўства і магутнай марской дзяржавы, якая ў 17—15 ст. да н.э. панавала на Эгейскім м. Сучасная гістарыяграфія ўмоўна падзяляе стараж. гісторыю Крыта на 3 мінойскія перыяды (ад імя М.).

т. 10, с. 378

МІ́НАС-ЖЭРА́ЙС (Minas Gerais),

1) буйнейшы жалезарудны раён у паўд,ўсх. ч. Бразіліі (штат Мінас-Жэрайс). Руды — жалезістыя кварцыты (ітабірыты) і гематытавыя. Адкрыты ў 1910, распрацоўваецца з 1934. Пл. каля 7 тыс. км². Уключае 125 радовішчаў. Агульныя запасы гематытавых руд (з сярэдняй колькасцю жалеза больш за 64%) — 4,5 млрд. т, ітабірытаў (45%) — каля 23,5 млрд. т. Гал. радовішчы ў раёнах Ітабіра, Пірасікаба, у даліне р. Параапеба.

2) Рэдкаметальны рудны раён у Бразіліі, на Пн штата Мінас-Жэрайс. Гал. радовішчы Араша, Тапіра. Латэрытныя коры выветрывання. Запасы ніобіевых руд на радовішчы Араша (пл. 16 км²) — 462 млн. т, пры сярэднім змяшчэнні Nb2Os 2,5%. Распрацоўваецца з 19 ст.

т. 10, с. 378

МІНАТА́ЎР,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі пачвара-людаед з галавой быка і целам чалавека. Яго ўласнае імя — Астэрый («Зорны»). Народжаны жонкай крыцкага цара Мінаса (дачкой Геліяса) Пасіфаяй ад свяшчэннага быка бога Пасейдона або ад самога Пасейдона. Мінас пасяліў М. ў падземным лабірынце, куды яму прыносілі ў ахвяру (штогод або некалькі разоў на год) па сем юнакоў і дзяўчат з падуладных Мінасу Афін. Забіты героем Тэсеем.

т. 10, с. 379