МІНАРЭ́Т (араб., літар. маяк),

вежа каля мячэці, з якой мусульман заклікаюць да малітвы (намазу). Узводзяць каля мячэці ці ўключаюць ў яе кампазіцыю. Бываюць круглыя, квадратныя, шматгранныя, са спіралепадобным пандусам, з лесвіцай звонку ці ўнутры, адрозніваюцца арх. формамі і дэкорам (узорыстая муроўка, разьба, паліваная кераміка, ажурныя балконы). У 18 ст. ў еўрап. парках будавалі павільёны, якім надавалі формы М.

На Беларусі М. уключаецца ў склад драўляных мячэцей (в. Даўбучкі Смаргонскага р-на, 18 ст.; г.п. Мір Карэліцкага р-на, 18—19 ст.; г.п. Іўе Гродзенскай вобл., 19 ст.).

С.А.Сергачоў.

Мінарэт мячэці Азхар у Каіры. 8 ст.
Мінарэт аль-Мальвія мячэці Мутавакіля ў г. Самара (Ірак). 846—852.
Мінарэт Кутб-Мінар у Дэлі. 11 ст.

т. 10, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)