Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРАПО́ЙСКІ РАЁН,

назва Слаўгарадскага раёна да мая 1945.

т. 13, с. 16

ПРАПО́ЛКА,

выдаленне пустазелля з пасеваў с.-г. і лясных культур. Бывае мех., хім. і ручная. Механічная П. — падразанне, вырыванне ці інш. пашкоджванні пустазелля пры баранаванні ці культывацыі. Хімічная П. — знішчэнне пустазелля гербіцыдамі. Ручную П. праводзяць на невял. плошчах, напр., на насенняводчых дзялянках, пасевах каштоўных культур. Каб пазбегнуць прыгнечання культ. раслін, зніжэння ўраджаю, П. праводзяць у найб. раннія фазы развіцця пустазелля.

т. 13, с. 16

ПРАПО́РЦЫЯ (лац. proportio) у матэматыцы, роўнасць дзвюх рознасцей чатырох велічынь a, b, c, d : a − b = c − d (арыфметычная П.) або дзвюх адносін ​a/b = ​c/d (геаметрычная П.). Велічыні a і d наз. крайнімі членамі П., b і c — сярэднімі. У арыфм. П. сума крайніх членаў роўная суме сярэдніх: a + d = b + c. Уласцівасці геам. П.: a∙d = b∙c; калі b = c, то b=ad і наз. геам. сярэднім.

т. 13, с. 16

ПРАПО́ШАСК (Пропошеск),

летапісная назва г. Прапойск (з 1945 г. Слаўгарад).

т. 13, с. 16

ПРАПУСКА́ННЯ КАЭФІЦЫЕ́НТ асяроддзя,

адносіны інтэнсіўнасці выпрамянення, якое прайшло праз асяроддзе, да інтэнсіўнасці выпрамянення, якое падае на яго. Найб. пашырана выкарыстанне П.к. ў дачыненні да светлавых патокаў. τ =Φ/Φ0, дзе Φ і Φ0 — адпаведна светлавы паток, які прайшоў праз асяроддзе і які падае на яго паверхню. Значэнне П.к. цела залежыць ад яго памераў, формы і стану паверхні, а таксама ад вугла падзення, спектральнага складу і палярызацыі выпрамянення. Адрозніваюць П.к. накіраванага (выпрамяненне праходзіць праз асяроддзе без рассеяння), дыфузнага (асяроддзе рассейвае ўсё выпрамяненне, што падае на яго) і для змешанага (выпрамяненне часткова рассейваецца) прапускання. Вызначэнне П.к. — адно са светлавых вымярэнняў (гл. Фотаметрыя).

т. 13, с. 16

ПРАРАГАЦЫ́ЙНЫЯ ПАГАДНЕ́ННІ ў міжнародным праве,

пагадненні, якія ўстанаўліваюць падсуднасць: суд або арбітраж якой краіны кампетэнтны вырашаць спрэчкі па знешнегандлёвых здзелках, што могуць узнікнуць паміж дагаворнымі бакамі. У выпадках, калі ўзнікае спрэчка, бакі могуць выбраць шляхам пагаднення любую падсуднасць.

т. 13, с. 16

ПРАРО́КАЎ (Барыс Іванавіч) (9.5.1911, г. Іванава, Расія—19.9.1972),

расійскі графік. Нар. маст. СССР (1971). Чл.-кар. АМ СССР (1954). Вучыўся ў маскоўскім Вышэйшым маст. ін-це (1929—31). Супрацоўнічаў з газ. «Комсомольская правда», час. «Смена», «Крокодил». Стварыў серыі малюнкаў: «Вось яна, Амерыка!» (1948—49), «За мір» (1950), «Маякоўскі пра Амерыку» (1951—54), «Гэта не павінна паўтарыцца!» (1958—59), «Барацьба» (1969—70). Творам характэрны вострая публіцыстычнасць, напружаныя танальныя кантрасты. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1952.

Тв.:

О времени и о себе. М., 1979.

Літ.:

Кислякова И.В. Б.​Пророков — художник-борец. Л., 1985.

Б.Прарокаў. Каля Бабінага Яра. З серыі «Гэта не павінна паўтарыцца!». 1958—59.

т. 13, с. 16

ПРАРО́КІ БІБЛЕ́ЙСКІЯ,

рэлігійна-палітычныя прапаведнікі ў стараж.-яўр. Ізраільскім царстве і Іудзейскім царстве ў 8—4 ст. да н.э. Ужо ў 2-м тыс. да н.э. лічылася, што П.б. надзелены дарам успрымаць божыя пасланні і паведамляць іх людзям, што яны як пасрэднікі паміж богам і людзьмі могуць прадказваць ад імя бога будучыню, у т. л. засухі, голад, рэліг. і паліт. падзеі, чалавечыя лёсы. З 8 ст. да н.э. прарокі становяцца таксама паліт. прамоўцамі і прапаведнікамі. Яны выкрывалі людскія заганы (сквапнасць, распусту, імкненне да раскошы), выступалі супраць войнаў, прыгнёту, абеззямельвання сялян, прадказвалі перамогу сац. справядлівасці ў будучым, калі «людзі перакуюць мячы на аралы» (Ісая). Іх рэліг.-паліт. прамовы, пропаведзі і аракулы (прароцтвы) напачатку перадаваліся вусна, потым іх запісвалі і збіралі ў зборнікі, якія паступова аб’ядноўваліся ў асобныя кнігі прарокаў у Бібліі, канчаткова адрэдагаваныя ў час праўлення Ахеменідаў (6—5 ст. да н.э.). Жыццё і дзейнасць П.б. ахутваліся шматлікімі міфамі і легендамі аб здзейсненых імі цудах. Найб. вядомыя П.б.: Ілія і яго вучань Елісей (9 ст. да н.э.), Амос, Осія, Ісая, Міха (8 ст. да н.э.), Іерэмія, Сафонія, Навум, Авакум (7 ст. да н.э.), Іезекііль, Агей, Захарыя (6 ст. да н.э.). П.б. зрабілі вял. ўплыў на рэліг.-паліт. мысленне. Да іх ідэй звярталіся хрысц. ерэтычныя рухі сярэднявечча, ідэолагі сял. войнаў і інш. нар. рухаў, сацыялісты-утапісты.

Літ.:

Рижский М.И. Библейские пророки и библейские пророчества. М., 1987.

т. 13, с. 16

ПРАРЫ́Ў,

стварэнне брэшы ў абарончых палосах (рубяжах, пазіцыях), занятых войскамі праціўніка.

Неабходнасць П. ўзнікла ў пач. 20 ст. ў сувязі з узнікненнем суцэльных франтоў на тэатрах ваен. дзеянняў: Шырока выкарыстоўваўся ў 1-ю сусв. вайну (напр., Брусілаўскі П. у час правядзення Паўднёва-Заходняга фронту наступлення 1916), у больш буйных маштабах — у 2-ю сусв. вайну, калі войскі прарывалі абарону праціўніка ў некалькіх месцах, развівалі наступленне рухомымі карпусамі і арміямі, акружалі і знішчалі вялікія групоўкі ворага (гл. Беларуская аперацыя 1944, Вісла-Одэрская аперацыя 1945 і інш.). П. ажыццяўлялі таксама войскі, што абаранялі блакіраваныя гарады ці парты (гл. Ленінградская бітва 1941—44), акружаныя партыз. злучэнні (напр., Полацка-Лепельская бітва 1944).

Для сучасных армій пры П. характэрны: хуткасць і рашучасць дзеянняў, выкарыстанне авіяцыі, ракетных войск і артылерыі, усіх відаў зброі і баявой тэхнікі. У канцы 20 ст. большасць войнаў, лакальных канфліктаў і аперацый (напр., «Бура ў пустыні», гл. Кувейцкі крызіс 1990—91), пачыналіся з П. і ліквідацыі сіл і сродкаў ППА праціўніка, дэзарганізацыі яго сістэм кіравання, стварэння спрыяльных умоў для сваіх авіяц. сіл, якія выконвалі асн. задачу па знішчэнні найб. важных ваен., адм. і гасп. аб’ектаў, груповак войск і інш.

т. 13, с. 17

«ПРАРЫ́Ў»,

мемарыяльны комплекс ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл. Створаны ў 1974 (скульпт. А.​Анікейчык, арх. Ю.​Градаў, Л.​Левін) у гонар прарыву варожай блакады партызанамі 5.5.1944 у ходзе Полацка-Лепельскай бітвы 1944 на месцы баёў паміж вёскамі Новае Сяло, Пліна і Паперына ў Вял. Айч. вайну. Да вяршыні ўзгорка вядзе «калідор» — невял., сціснуты бетоннымі сценамі адрэзак шляху, якім ішлі на штурм партызаны; побач на бетоннай пліце размешчаны бронз. карта-схема абароны 16 партыз. брыгад на 11.4.1944 і інфарм. надпіс. На вяршыні ўзгорка ў разрыве бетоннай глыбы (сімвал разарванага кальца блакады) бронз. 9-метровая фігура партызана, побач умураваны 33 надмагільныя пліты з імёнамі герояў прарыву і пасаджана 16 дубоў (сімвал партыз. брыгад). Завяршае кампазіцыю «Апошні прывал» — адлітыя з бронзы карабіны, састаўленыя ў піраміду, і стужка з надпісам: «Яны загінулі у барацьбе з ворагам, выканаўшы свой свяшчэнны абавязак перад Савецкай Радзімай і гісторыяй».

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Мемарыяльны комплекс «Прарыў».

т. 13, с. 17