Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАМА́НАВІЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1935—60. Утвораны 12.2.1935, з 21.6.1935 у Мазырскай акрузе. Цэнтр — гар. пас. Азарычы. Падзяляўся на 18 сельсаветаў. З 20.2.1938 у Палескай, з 8.1.1954 у Гомельскай абл. Скасаваны 20.1.1960, тэр. перададзена ў Акцябрскі, Калінкавіцкі, Капаткевіцкі і Парыцкі р-ны.

т. 6, с. 24

ДАМА́НАВІЧ (Домановић) Радоэ

(4.2.1873, Оўсіштэ, каля г. Крагуевац, Сербія — 4.8.1908),

сербскі пісьменнік. Скончыў Белградскі ун-т (1894). За выступленне супраць абсалютызму дынастыі Абрэнавічаў зазнаў ганенні. Раннім аповесцям і апавяданням Д. ўласціва ўвага да побыту жыцця тагачасных горада і вёскі («Дзень нараджэння», «Сны і ява», «На раздарожжы» і інш.). З канца 1890-х г. — пачынальнік сербскай сатыры, стваральнік жанру алегарычна-сатыр. прозы: апавяданні «Не разумею!» (1898), «Кляймо» (1899), «Каралевіч Марка другі раз між сербаў» (1901), аповесць «Страдыя» (1902) і інш. Творы Д. на бел. мову перакладаў І.Чарота.

Тв.:

Бел. пер. — Сны і ява. Сербская ініцыятыва. Бессардэчныя людзі // Далягляды. Мн., 1979;

Рус. пер. — Повести и рассказы. М., 1956.

І.Л.Чарота.

т. 6, с. 24

ДАМА́НАВІЧЫ,

вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Мазыр. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 31 км на Пн ад Калінкавіч, 151 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Халоднікі. 808 ж., 301 двор (1997).

Узнікла не пазней пач. 16 ст. У інвентары Мазырскага замка 1552 упамінаецца як сяло, цэнтр «нядзелі» (адм.-тэр. адзінкі ў складзе воласці), 35 двароў. З 1565 у Мазырскім павеце, дзярж. ўласнасць. У 17—18 ст. цэнтр староства. З 1793 у Рас. імперыі, у Рэчыцкім пав. Да 1861 ва ўладанні памешчыка Міхайлава і яго нашчадкаў. Мелася праваслаўная царква. З 1861 цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1924—35 і з 1960 у Калінкавіцкім р-не, у 1935—60 у Даманавіцкім раёне. У 1971 — 779 жыхароў.

Агароднінасушыльны з-д. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

В.Л.Насевіч.

т. 6, с. 24

ДАМА́НАВІЧЫ,

вёска ў Салігорскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 51 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Салігорск, 180 км ад Мінска, 369 ж., 142 двары (1997). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму.

т. 6, с. 24

ДАМА́НАЎ Аляксандр Уладзіміравіч

(н. 17.10.1959, Мінск),

бел. жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1978). У жывапісных творах распрацоўвае сюррэалістычны кірунак вобразна-выяўл. трактоўкі: «Рэквіем» (1993), «Імгненне вечнасці», «Натура, якая сыходзіць» (абедзве 1995) і інш. Сярод работ у плакаце: серыі экалагічная (1988) і палітычная (1989), «Быццё» (1990). Працуе таксама ў тэхніцы графічнага дызайну.

А.Л.Атраховіч.

А.Даманаў. Натура, якая сыходзіць. 1995.

т. 6, с. 24

ДАМА́НАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Івацэвіцкім р-не Гомельскай вобл., за 16 км на ПнУ ад г. Івацэвічы, каля в. Даманава. Створана ў 1954. Пл. 1,82 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 1,5 км, найб. глыб. 3,5 м, аб’ём вады 1,82 млн. м³. Чаша вадасховішча — ч. поймаў Шчары і Грыўды, агароджана дамбай даўж. 6,75 км. Напаўняецца вадой р. Шчара, якая паступае праз шлюзы з Чамялынскага вадасх., размешчанага вышэй па цячэнні. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт і рыбагадоўлі.

т. 6, с. 24

ДАМА́НАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

гл Дыманоўскае возера.

т. 6, с. 25

т. 6, с. 25

т. 6, с. 25

ДАМАНЕ́ЎСКІ Дзмітрый Сяргеевіч

(н. 6.7.1940, Мінск),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1985), праф. (1986). Скончыў БДУ (1962). З 1978 у БПА (з 1988 прарэктар), у 1993—95 у Мін-ве адукацыі і навукі Беларусі, з 1995 у БПА. Навук. працы па фізіцы і тэхніцы паўправаднікоў, мікраэлектроніцы, прыладабудаванні. Распрацаваў колькасныя і якасныя метады люмінесцэнтнага аналізу паўправаднікоў, апаратуру для тэхнал. кантролю якасці паўправадніковых матэрыялаў і прылад.

Тв.:

Физика и материаловедение полупроводников с глубокими уровнями. М., 1987 (у сааўт.).

т. 6, с. 25

т. 6, с. 25

ДАМАНЕ́ЎСКІ (Даманоўскі) Фабіян, бел. мысліцель-гуманіст і паэт эпохі Адраджэння і барока. Ідэолаг нонадарантызму (рэліг.-філас. рух у Беларусі 2-й пал. 16 ст.). Крытыкаваў Біблію, лічыў Хрыста не Богам, а простым чалавекам, адмаўляў неўміручасць душы, існаванне замагільнага свету. У 1589 разам з С.Будным у палеміцы з езуітамі даказваў, што душа чалавека пасля смерці гіне разам з целам. Аўтар верша на польскай мове «Эпіграма на герб Лясот», надрукаванага ў кнізе С.Буднага «Пра свецкую ўладу» (1583). У творы выказаў думку, што ўсякая ўлада павінна быць разумнай, кіравацца маральнымі дабрачыннасцямі.

Літ.:

Подокшин С.А Скорина и Будный: Очерк филос. взглядов. Мн., 1974.

С.Л.Падокшын.

т. 6, с. 25

т. 6, с. 25

ДАМАНЕ́ЎСКІ (Даманоўскі) Язэп

(2-я пал. 16 ст. — 1-я пал. 17 ст.),

бел. мысліцель і гуманіст, паэт эпохі позняга Адраджэння і барока. Сын Ф.Даманеўскага. З пазіцый сацыніянства (гл. Сацыніяне) удзельнічаў у 1594 у Навагрудку ў дыспуце з філосафам-схаластам М.Сміглецкім пра спрадвечнасць Хрыста. У канцы 1590-х г. схіляўся да атэізму, адмаўляў бессмяротнасць душы, існаванне замагільнага свету, за што быў выключаны з сацыніянскай абшчыны. Займаўся паэт. творчасцю, пісаў на польск. і лац. мовах. Свае філас.-этычныя погляды адлюстраваў у вершаваных творах «Жыццё сельскае і гарадское», «Перасцярога і заахвочванне тым, хто многа гаворыць і думае, але нічога не робіць», «Суцяшэнне тым, каму мужы перашкаджаюць паводзіць сябе з годнасцю», «Некаторыя эмблемы», «Афарызмы Саламона ў паэтычным выкладанні» і інш. (1620—23). Апяваў працавітасць, памяркоўнасць, сумленнасць, імкненне да ведаў, чалавечы розум. Ідэалізаваў вясковае жыццё як увасабленне «натуральнага стану» чалавека. Каларытна апісаў жыццё бел. горада пач. 17 ст.

Літ.:

Падокшын С.А Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990.

С.А.Падокшын.

т. 6, с. 25