Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІКАЛА́Й ДАМА́СКІ (Nikolaos Damaskēnos; 64 да н.э., Дамаск — пач. 1 ст. н.э.),

старажытнагрэчаскі гісторык і філосаф. Быў саветнікам цара Іудзеі Ірада I, пасля смерці якога жыў пры імператарскім двары ў Рыме. З твораў М.Д. захаваліся ў фрагментах «Гісторыя» (у 144 кнігах, першыя кнігі пра гісторыю і міфалогію краін Усходу, апошнія пра падзеі 7—4 да н.э. ў Міжземнамор’і), «Жыццё Цэзара» (адзіная крыніца пра дзяцінства і юнацтва Аўгуста), «Збор выдатных звычаяў» (звесткі пра побыт і прававыя адносіны стараж. народаў). Творы М.Д. выкарыстоўвалі Страбон, Іосіф Флавій і інш.

т. 10, с. 351

МІКАЛА́Й КУЗА́НСКІ [Nicolaus Cusanus; сапр. Крэбс (Krebs); 1.8.1401, г. Бернкастэль-Кус, Германія — 11.8.1464],

нямецкі філосаф, багаслоў, царк. і паліт. дзеяч. Скончыў Падуанскі ун-т (1424). Манах-аўгусцінец. Удзельнік Базельскага і Ферара-Фларэнційскага сабораў. З 1433 чл. папскай курыі, саветнік папы Пія II, кардынал (1448). Крыніцай пазнання лічыў вопыт. Зыходзячы з ідэй неаплатанічнай дыялектыкі і ням. містыкі, развіў вучэнне пра абсалют як супадзенне процілегласцей (канечнага і бясконцага, найменшага і найбольшага, адзінага і множнага і г.д.) і палажэнні аб ролі матэм. паняццяў для пазнання прыроды, існаванні бясконца малых велічынь і інш. Аўтар матэм. трактатаў, адзін з папярэднікаў касмалогіі Каперніка; сцвярджаў, што Зямля не з’яўляецца цэнтрам Сусвету і падобная на інш. планеты. Стварыў першыя геагр. карты Цэнтр. і Усх. Еўропы.

П.: Рус. пер.Соч. Т. 1—2. М., 1979—80.

т. 10, с. 351

МІКАЛА́Й МІКАЛА́ЕВІЧ Малодшы

(18.11.1856, Пецярбург — 5.1.1929),

расійскі вял. князь, военачальнік. Ген.-ад’ютант (1894), ген. ад кавалерыі (1901). З дынастыі Раманавых. Сын Мікалая Мікалаевіча Старэйшага. Скончыў Мікалаеўскае інж. вучылішча (1873) і Акадэмію Генштаба (1876). У рус.-тур. вайну 1877—78 знаходзіўся для асобых даручэнняў пры сваім бацьку — галоўнакамандуючым, пазней камандаваў палком, брыгадай і кав. дывізіяй. З 1895 ген.-інспектар кавалерыі. У 1905—14 каманд. войскамі гвардыі і Пецярбургскай ваен. акругі, адначасова (1905—08) старшыня Савета дзярж. абароны. У 1-ю сусв. вайну з 2.8.1914 да 5.9.1915 вярх. галоўнакаманд. ўзбр. сіламі Расіі (яго стаўка была спачатку ў Баранавічах, а з 21.8.1915 у Магілёве), са жн. 1915 галоўнакаманд. войскамі Каўк. фронту. 15.3.1917 прызначаны Мікалаем II, які адрокся ад прастола, вярх. галоўнакаманд., але пад націскам Часовага ўрада і Саветаў адмовіўся ад пасады. З сак. 1919 у эміграцыі, частка рас. эмігрантаў лічыла яго прэтэндэнтам на рас. прастол.

т. 10, с. 351

МІКАЛА́Й I (6.7.1796, Царскае Сяло, цяпер г. Пушкін, Расія — 2.3.1855),

расійскі імператар [1825—55]. З дынастыі Раманавых. Трэці сын Паўла I. Ганаровы чл. Пецярб. АН (1826). З 1817 ген інспектар па інж. часці. Заняў трон пасля раптоўнай смерці свайго брата Аляксандра I. Задушыў паўстанне дзекабрыстаў. У 1826 стварыў «Трэцяе аддзяленне» асабістай яго імператарскай вялікасці канцылярыі, узмацніў цэнзуру. Правёў рэформы кіравання дзярж. сялянамі і фінансавую, выдаў указ аб абавязаных сялянах, увёў інвентарныя правілы ў зах. губернях (гл. Інвентарная рэформа 1840—50-х гадоў). Пры ім заснаваны многія навуч. ўстановы, у т.л. Горы-Горацкая земляробчая школа (1840, з 1848 земляробчы ін-т), Ваен. (1832, пазней Генштаба), Артыл. і Інж. акадэміі (1855). Разам з тым у час яго праўлення зведалі ганенне многія дзеячы культуры, у т.л. беларускай, абмяжоўвалася дзейнасць навуч. устаноў, зачыняліся «ненадзейныя», у т.л. ў 1832 Віленскі універсітэт. Афіцыйную ідэалогію тагачаснай Расіі вызначыла т. зв. тэорыя афіцыйнай народнасці — «самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць». Пры М. I выдадзены «Збор законаў Расійскай імперыі», у 1837 адкрыты рух на першай у Расіі Царскасельскай чыгунцы. Урадам М. I разгромлены рэв. арганізацыі петрашэўцаў, кірыла-мяфодзіеўскага таварыства, задушаны нац.-вызв. рух на Каўказе (рух Шаміля), паўстанне 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве; праводзілася русіфікацыя нярускіх народаў, зроблены захады па ўмацаванні сац. базы імперыі на землях Беларусі. На Полацкім царкоўным саборы 1839 ліквідавана грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква, а яе вернікі далучаны да рус. праваслаўнай царквы. У 1840 канчаткова адменена дзеянне законаў ВКЛ (Статут ВКЛ 1588) і ўведзена агульнарас. заканадаўства. У знешняй палітыцы М. I імкнуўся да пашырэння ўплыву Расіі ў басейне Чорнага мора і на Балканах (гл. Руска-іранскія войны 19 ст., Руска-турэцкія войны 17—19 ст.); змагаўся супраць рэвалюцый у Еўропе, жорстка задушыў рэвалюцыю 1848—49 у Венгрыі. Крымская вайна 1853—56 і паражэнне ў ёй Расіі прывяло да краху яго ўнутр. і знешняй палітыкі.

Літ.:

Корнилов А.А. Курс истории России XIX в. М., 1993;

Платонов С.Ф. Лекции по русской истории. Ч. 1—2. М., 1994;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994.

Мікалай I.

т. 10, с. 350

МІКАЛА́Й II (18.5.1868, Царскае Сяло, цяпер г. Пушкін, Расія — 17.7.1918),

апошні расійскі імператар [1894—17]. З дынастыі Раманавых. Старэйшы сын Аляксандра III. Ганаровы чл. Пецярб. АН (1878). Палкоўнік. Яго праўленне супала з імклівым прамысл.-эканам.

развіццём краіны. Як прыхільнік непарушнасці самаўладдзя ва ўнутр. палітыцы рабіў стаўку на спалучэнне рэпрэсіўнай дзейнасці з «паліцэйскім сацыялізмам» (гл. Зубатаўшчына). Пры ім у 1895—97 праведзена грашовая рэформа (гл. ў арт. Вітэ С.Ю.), у 1897 — усерасійскі перапіс насельніцтва; у 1896 Расія атрымала канцэсію на буд-ва і эксплуатацыю кітайскай усх. чыгункі, у 1898 — на 25 гадоў парты Порт-Артур, Таліенван. Рус.-яп. вайна 1904—05 скончылася паражэннем Расіі, што стала адной з прычын рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У ходзе рэвалюцыі прыняты Маніфест 17 кастрычніка 1905, дзе былі абвешчаны паліт. свабоды, дазвалялася ствараць паліт. партыі. Былі ўтвораны заканадаўчая Дзяржаўная дума, урадавы орган — Савет Міністраў. М. II санкцыяніраваў правядзенне шэрагу рэформ, у т.л. Сталыпінскай аграрнай рэформы. У 1911 у Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай губ. і на Правабярэжнай Украіне ўведзены земствы (земская рэформа ў Віленскай і Гродзенскай губ. адкладвалася з-за боязі ўзмацнення тут уплыву польскіх землеўладальнікаў). Урад М. II не перашкаджаў распальванню нацыяналізму і шавінізму (гл. «Саюз рускага народа», «Саюз Міхаіла Архангела»). Знешняя палітыка арыентавалася на саюз з Германіяй (гл. Б’ёркскі дагавор). У 1907 Расія стала чл. Антанты, у складзе якой уступіла ў 1-ю сусв. вайну 1914—18. У жн. 1915 М. II узяў на сябе вярх. галоўнакамандаванне ўзбр. сіламі Расіі і выехаў у Стаўку (размяшчалася ў Магілёве). У час Лютаўскай рэвалюцыі 1917 15 сак. М. II адрокся ад трона, 21 сак. арыштаваны Часовым урадам і адпраўлены ў Табольск, пасля Кастр. рэв. 1917 — у Екацярынбург. Паводле пастановы прэзідыума Уральскага абл. Савета ў ноч на 17.7.1918 разам з усёй сям’ёй і слугамі расстраляны чэкістамі. У 1998 астанкі М. II і яго сям’і перапахаваны ў Петрапаўлаўскім саборы Санкт-Пецярбурга.

Літ.:

Бьюкенен Дж. Мемуары дипломата: Пер. с англ. 2 изд. М., 1991;

Воейков В.Н. С царем и без царя: Воспоминания последнего дворцового коменданта государя императора Николая II. М., 1995;

Ольденбург С.С. Царствование императора Николая II. М., 1992;

Боханов А. Николай II. М., 1997.

В.В.Сяргеенкава.

Мікалай II.

т. 10, с. 351

МІКАЛО́ГІЯ (ад грэч. mykēs грыб + ...логія),

навука пра грыбы. Вывучае марфал., біял., фізіял., біяхім., экалагічныя асаблівасці грыбоў, іх геаграфію, сістэматыку, філагенію, значэнне ў жыцці чалавека. Уключае агульную, водную, глебавую, фітапаталаг., мед., вет., тэхн. М. і інш. Цесна звязана з фітапаталогіяй, ліхеналогіяй, мікрабіялогіяй. Мае важнае значэнне для медыцыны, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі, мікрабіял., харч. прам-сці і інш.

Да сярэдзіны 19 ст. характэрны апісанне і спробы класіфікацыі грыбоў, пераважна макраскапічных (Н.А.Вейнман, К.Клаўзіус, Х.Персан, Э.М.Фрыс і інш.). У 2-й пал. 19 ст., з пачаткам вывучэння патагенных грыбоў, М. вылучылася ў самаст. навуку (А.дэ Бары, М.С Варонін, О.Брэфельд, Л.Р.Цюлан, Ш.Цюлан і інш.). З канца 19 ст. развіваюцца фізіялогія і біяхімія грыбоў, эксперым. метады даследаванняў (А.А.Ячэўскі, Г.А.Клебс, Л.І.Курсанаў, М.А.Навумаў, В.Г.Траншэль і інш.).

На Беларусі даследаванні па М. пачалі ў канцы 19 ст. былыя супрацоўнікі Горы-Горацкага земляробчага ін-та, першыя спісы грыбоў апубл. ў канцы 19 — пач. 20 ст. (М.А.Дарожкін, В.Ф.Купрэвіч, Ф.Блонскі, Л.І.Лебедзева, С.І.Шэмбель). Мэтанакіраваныя даследаванні праводзіліся з 1931 у АН Беларусі (Дарожкін, Купрэвіч, С.М.Тупяневіч). Значны ўклад у развіццё М. зрабілі С.У.Горленка, З.І.Рамнёва, М.І.Фёдараў, А.С.Шуканаў, С.І.Бельская, А.І.Галаўко. В.С.Гапіенка, В.К.Гаравец, Э.П.Камарова, З.Н.Кудрашова, В.К.Неафітава, В.І.Ніціеўская, П.В.Пак, В.Я.Стрэльская, А.І.Сцефановіч, Г.І.Сяржаніна, В.В.Фаміна, Н.І.Чакалінская і інш. Асн. н.-д. цэнтры: ін-ты эксперым. батанікі, мікрабіялогіі, лесу Нац. АН Беларусі, БелНДІ бульбаводства, БелНДІ агародніцтва, БелНДІ аховы раслін і БелНДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук Беларусі, БДУ, Бел. дзярж. пед. ун-т, БСГА, Гродзенскі с.-г. ін-т, Бел. дзярж. тэхнал. ун-т.

С.Л.Бельская.

т. 10, с. 352

МІКАПЛАЗМО́ЗЫ МОЧАПАЛАВЫ́Х О́РГАНАЎ,

група інфекцыйных хвароб чалавека, якія выклікаюць патагенныя бактэрыі мікаплазмы. Перадаюцца палавым рэдка быт. шляхам. Інкубацыйны перыяд 7—14 дзён. Імунітэт 5—10 і больш гадоў. Крыніца — хворы чалавек ці носьбіт мікаплазмаў. Узбуджальнік укараняецца ў арганізм праз слізістую абалонку мочапалавых органаў і выклікае развіццё урэтрыту, прастатыту, вагініту і інш. хвароб. Спецыфічныя праявы мала адрозніваюцца ад ганарэі, трыхаманозу. Працякаюць пераважна ў хранічнай форме, тарпідна (схавана). Выклікаюць у жанчын заўчасныя роды, ліхаманку (у час родаў і пасляродавы перыяд), у мужчын — марфал. змены ў сперматазоідах і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 10, с. 352

МІКАПЛА́ЗМЫ (Mollicutes),

клас бактэрый, якія абмежаваны толькі цытаплазматычнай мембранай і не маюць клетачнай сценкі. Пашыраны ў вадаёмах і сцёкавых водах, часцей развіваюцца ў міжклетачных прасторах тканак шматклетачных арганізмаў.

Клеткі дыям. 125—250 нм, зменлівай формы, нерухомыя, грамадмоўныя. З-за адсутнасці клетачнай сценкі здольныя праходзіць праз бактэрыяльныя фільтры. Размнажаюцца дзяленнем, спор не ўтвараюць. Пераважна хемаарганатрофы, факультатыўныя анаэробы, некат. — строгія анаэробы. Многія віды патагенныя для чалавека (выклікаюць захворванні дыхальных шляхоў, вачэй і інш.), жывёл (плеўрапнеўманія буйн. раг. жывёлы), раслін (карлікавасць кукурузы, ведзьміны мётлы бульбы, люцэрны і інш.).

Ж.В.Блоцкая.

т. 10, с. 352

МІКАРЫ́ЗА (ад грэч. mykēs грыб + rhiza корань),

сімбіятычнае спалучэнне сысучых каранёў вышэйшай расліны і міцэлію грыба. Вядома ў большасці наземных раслін, пераважна шматгадовых. Адрозніваюць М. эктатрофную (вонкавую), пры якой міцэлій аплятае корань і пранікае ў міжклетнікі вонкавых слаёў яго першаснай кары (каранёвыя валаскі адміраюць, карані відазмяняюцца); эндатрофную (унутраную), калі міцэлій развіваецца пераважна ў міжклетніках і клетках коравай парэнхімы кораня (корань знешне не мяняецца); эктаэндатрофную (пераходную). Эктатрофная і эктаэндатрофная (больш пашырана ў лясах) М. найб. характэрны для дрэў і шапкавых базідыяльных грыбоў (баравік, падасінавік, рыжык, мухаморы і інш.), многія з якіх без М. не ўтвараюць пладовых цел; эндатрофная — для травяністых раслін і мікраскапічных грыбоў (найб. тыповая ў недасканалых грыбоў і раслін сям. ятрышнікавых, насенне якіх не развіваецца без сімбіёзу з грыбам). Пры М. грыб атрымлівае ад расліны вугляводы, амінакіслоты і біялагічна актыўныя рэчывы, павялічвае паглынальную паверхню і функцыян. актыўнасць каранёвай сістэмы, ахоўвае яе ад пашкоджанняў і патагенаў; расліна лепш засвойвае калій, арган. азоцістыя злучэнні і фасфаты, атрымлівае ад грыба вітамінападобныя рэчывы і актыватары росту.

Мікарыза: 1 — эктатрофная (пры павелічэнні); 2 — эндатрофная (папярочны разрэз кораня клёна); 3, 4 — участак кораня хвоі з эктатрофнай мікарызай і без яе.

т. 10, с. 352

МІКАСФЕРЭ́ЛА (Mycosphaerella),

род сумчатых грыбоў сям. мікасферэлавых. Каля 1000 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных шыротах. На Беларусі некалькі дзесяткаў відаў, большасць якіх выклікаюць плямістасці раслін, асабліва лісця. Найб. вядомыя М.: кропкападобная (M. punctiformis), малінавая (M. rubi), парэчкавая (M. ribis), смуродная (M. sentina), суніцавая (M. fragariae) і інш.

Пладовыя целы (псеўдатэцыі) дыям. 0,5—0,8 мм, шарападобныя ці пляскатыя, паглыблены ў субстрат і маюць простую адтуліну (порус). Сумкі (ад 4—6 да 70—100) цыліндрычныя або булавападобныя ў псеўдатэцыях. Сумкаспоры (па 8—16) бясколерныя ці жаўтаватыя. Найб. актыўная канідыяльная стадыя (адносіцца да грыбоў родаў септорыя і цэркаспора). Сумчатая стадыя звычайна развіваецца на адмерлых і перазімавалых рэштках раслін.

С.І.Бельская.

т. 10, с. 352