МІКАЛО́ГІЯ

(ад грэч. mykēs грыб + ...логія),

навука пра грыбы. Вывучае марфал., біял., фізіял., біяхім., экалагічныя асаблівасці грыбоў, іх геаграфію, сістэматыку, філагенію, значэнне ў жыцці чалавека. Уключае агульную, водную, глебавую, фітапаталаг., мед., вет., тэхн. М. і інш. Цесна звязана з фітапаталогіяй, ліхеналогіяй, мікрабіялогіяй. Мае важнае значэнне для медыцыны, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі, мікрабіял., харч. прам-сці і інш.

Да сярэдзіны 19 ст. характэрны апісанне і спробы класіфікацыі грыбоў, пераважна макраскапічных (Н.А.Вейнман, К.Клаўзіус, Х.Персан, Э.М.Фрыс і інш.). У 2-й пал. 19 ст., з пачаткам вывучэння патагенных грыбоў, М. вылучылася ў самаст. навуку (А.дэ Бары, М.С Варонін, О.Брэфельд, Л.Р.Цюлан, Ш.Цюлан і інш.). З канца 19 ст. развіваюцца фізіялогія і біяхімія грыбоў, эксперым. метады даследаванняў (А.А.Ячэўскі, Г.А.Клебс, Л.І.Курсанаў, М.А.Навумаў, В.Г.Траншэль і інш.).

На Беларусі даследаванні па М. пачалі ў канцы 19 ст. былыя супрацоўнікі Горы-Горацкага земляробчага ін-та, першыя спісы грыбоў апубл. ў канцы 19 — пач. 20 ст. (М.А.Дарожкін, В.Ф.Купрэвіч, Ф.Блонскі, Л.І.Лебедзева, С.І.Шэмбель). Мэтанакіраваныя даследаванні праводзіліся з 1931 у АН Беларусі (Дарожкін, Купрэвіч, С.М.Тупяневіч). Значны ўклад у развіццё М. зрабілі С.У.Горленка, З.І.Рамнёва, М.І.Фёдараў, А.С.Шуканаў, С.І.Бельская, А.І.Галаўко. В.С.Гапіенка, В.К.Гаравец, Э.П.Камарова, З.Н.Кудрашова, В.К.Неафітава, В.І.Ніціеўская, П.В.Пак, В.Я.Стрэльская, А.І.Сцефановіч, Г.І.Сяржаніна, В.В.Фаміна, Н.І.Чакалінская і інш. Асн. н.-д. цэнтры: ін-ты эксперым. батанікі, мікрабіялогіі, лесу Нац. АН Беларусі, БелНДІ бульбаводства, БелНДІ агародніцтва, БелНДІ аховы раслін і БелНДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук Беларусі, БДУ, Бел. дзярж. пед. ун-т, БСГА, Гродзенскі с.-г. ін-т, Бел. дзярж. тэхнал. ун-т.

С.Л.Бельская.

т. 10, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)