Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІКАЛА́ЕЎ,

горад, цэнтр Мікалаеўскай вобл. Украіны. Знаходзіцца на Бугскім лімане Чорнага м., пры зліцці р. Паўд. Буг і Інгул. Засн. ў 1788. 512 тыс. ж. (1991). Марскі і рачны порт. Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць; маш.-буд. (суднабуд., пад’ёмна-трансп. абсталявання, с.-г., тэхнал. аснасткі і інш.), лёгкая (трыкат., швейная, гарбарна-абутковая), харчасмакавая. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Гліназёмны з-д. 2 ВНУ. 3 тэатры. Музеі: краязнаўчы (адзін з яго аддзелаў — музей суднабудавання і флоту), мастацкі. Арх. помнікі 18—19 ст.

т. 10, с. 349

МІКАЛА́ЕЎКА,

вёска ў Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 32 км на Пн ад г. Буда-Кашалёва, 80 км ад Гомеля, 26 км ад чыг. ст. Салтанаўка. 404 ж., 158 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 10, с. 349

МІКАЛА́ЕЎКА,

вёска ў Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля аўтадарогі Бабруйск—Мазыр. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 52 км на ПнЗ ад г. Светлагорск, 162 км ад Гомеля, 47 км ад чыг. ст. Светлагорск-на-Бярэзіне. 393 ж., 141 двор (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 10, с. 349

МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ На Пд Украіны. Утворана 22.9.1937. Пл. 24,6 тыс. км2. Нас. 1,4 млн. чал. (1997), гарадскога 65%. Цэнтр — г. Мікалаеў. Найб. гарады: Первамайск, Вазнясенск, Ачакаў.

Прырода. Большая ч. тэрыторыі вобласці размешчана ў межах Прычарнаморскай нізіны, на Пн — адгор’і Прыдняпроўскага ўзв. (выш. да 240 м), парэзаныя сеткай яроў, лагчын, далін. Карысныя выкапні: граніт, вапнякі, гнейсы, мергель, каалін, гіпс, графіт. Ёсць крыніцы мінер. вод і лек. гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -4 °C, ліп. 23 °C. Ападкаў каля 400 мм за год. Гал. рака Паўд. Буг з прытокам Інгул, на У Інгулец (бас. Дняпра). Чарнаморскае ўзбярэжжа зрэзана ліманамі (Бугскі, Беразанскі, Тузлаўскі, Тылігульскі, Дняпроўскі). Глебы пераважна чарназёмныя і цёмна-каштанавыя. Карэнныя стэпы разараныя. Пад лесам і хмызнякамі каля 2% тэрыторыі (дуб, асіна, клён, чорная таполя). Частка Чарнаморскага запаведніка.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне (суднабудаванне, вытв-сць дызеляў, энергет. і пад’ёмна-трансп. абсталявання, дажджавальных установак, прэсавых вузлоў), хім. (вытв-сць пластмас, гліназёму), харч. (мясная, малочная, мукамольная, агародніна- і рыбакансервавая, цукр., вінаробная), лёгкая (трыкат., швейная, гарбарна-абутковая), парфумерна-касметычная. Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, жалезабетонныя вырабы, цэгла, чарапіца); кар’еры па здабычы граніту. Энергет. базай служаць ГЭС на р. Паўд. Буг (Аляксандраўская, Канстанцінаўская, Первамайская), ТЭЦ (г. Мікалаеў), Паўд.-Укр. АЭС. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых, сланечніку, малочна-мясной жывёлагадоўлі. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 2 млн. га, у т.л. пад пасяўнымі пл. 1,6 млн. га. Вял. масівы арашальных зямель. Сеюць збожжавыя (пшаніцу, ячмень, кукурузу), тэхн. (сланечнік, цукр. буракі, каляндра, клешчавіна, соя) культуры. Агародніцтва, садоўніцтва, на Пд вінаградарства. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, птушку. Трусагадоўля, пчалярства, сажалкавае, рыбаводства. Марское рыбалоўства. Даўж. чыгунак 766 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 5 тыс. км. Чыг. вузлы: Мікалаеў, Вазнясенск, Первамайск, Снігіроўка. Марскія парты Мікалаеў і Ачакаў. Суднаходства па р. Паўд. Буг, у нізоўях рэк Інгул і Інгулец. Прыморскія кліматычныя курорты Коблева, Ачакаў.

т. 10, с. 350

МІКАЛА́ЕЎСКІ ЦУКРО́ВЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1852—67 у фальварку Мікалаеўка Рэчыцкага пав. (цяпер вёска ў Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл.). Размяшчаўся ў 3-павярховым будынку. У 1854 меў 2 паравыя катлы і паравую машыну, у 1859—3 паравыя машыны (60 к.с.), 4 гідрапрэсы, 3 цэнтрыфугі, 3 дыфракцыйныя катлы. У 1859 працавалі 200 рабочых і 2 майстры.

т. 10, с. 350

МІКАЛА́ЕЎШЧЫНА,

вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на правым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета. За 8 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 86 км ад Мінска. 737 ж., 340 двароў (1999).

Вядома з сярэдзіны 16 ст., уласнасць Осцікавічаў, Л.Свірскага, М.К.Радзівіла Сіроткі. У 1596 мела 17 двароў, карчму, бровар, прыстань. На мяжы 16—17 ст. ператварылася ў мястэчка. У 1628 было 114 двароў, касцёл, ратуша, гасціны двор, рынак, млын, верф (сточня), 13 складоў для тавараў. У 1664 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай М. спалена. З 1793 у Рас. імперыі ў Мінскім пав., у 19 ст. сяло Свержанскай вол. У 1882 каля М. ў засценку Акінчыцы нарадзіўся Я.Колас. У 1897 у М. 935 ж., 141 двор, царква, карчма, магазін. У ліп. 1906 тут адбыўся з’езд настаўнікаў Мінскай губерні 1906. З 1921 у складзе Польшчы ў Стаўбцоўскім пав. Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага р-на.

Сярэдняя школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Коласаўскі заказнік, Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Каля вёскі турбаза «Высокі бераг». Радзіма вучонага-мовазнаўца Я.Лёсіка.

В.У.Шаблюк.

т. 10, с. 350

МІКАЛАЁВА,

вёска ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., на левым беразе р. Дзісна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 41 км на У ад г. Міёры, 160 км ад Віцебска, 21 км ад чыг. ст. Боркавічы. 431 ж., 171 двор (1999). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Царква. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 10, с. 350

МІКАЛА́Й (у свеце Мацукевіч Міхаіл; н. 2.6.1917, хутар Суяцін Саратаўскай вобл., Расія),

бел. рэлігійны і грамадскі дзеяч у эміграцыі. Бацькі паходзілі з в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл., у 1-ю сусв. вайну выехалі ў Паволжа і ў 1921 вярнуліся на радзіму. Скончыў укр. духоўную семінарыю ў Вініпегу (Канада, 1954). У 1939 служыў у Войску Польскім. У час ням.-фаш. акупацыі Беларусі ў крас. 1944 вывезены на прымусовую працу ў Германію. З сак. 1945 у Англіі, адзін са стваральнікаў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі. Са жн. 1951 у Канадзе. У маі 1952 пасвячоны ў святара, з 1954 настаяцель прыхода св. Кірылы Тураўскага ў г. Таронта Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) на эміграцыі. У 1966 прыняў манаства, у 1968 пасвячоны ў епіскапа турава-пінскага і таронцкага. У маі 1983 на Надзвычайным Саборы БАПЦ выбраны яе першаіерархам. Адзін з ініцыятараў стварэння Бел. к-та дапамогі ахвярам радыяцыі (1989, у эміграцыі). Выдаў. «Праваслаўны малітоўнік» (1966) і «Службоўнік» (1980).

Літ.:

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст. Мн.;

Мюнхен, 1999. С. 124—125.

Л.У.Языковіч.

т. 10, с. 350

МІКАЛА́ЙЦІС-ПУ́ЦІНАС ((Mykolaitis-Putinas) Вінцас) (6.1.1893, в. Пілоцішкес Каўнаскага пав., Літва — 7.6.1967),

літоўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Літвы (1963). Акад. АН Літвы (1941). Скончыў Сейнскую духоўную семінарыю (1915) і Фрыбургскі ун-т (1922, Швейцарыя). З 1923 выкладаў у Каўнаскім (з 1928 праф.) і Вільнюскім (1940—54) ун-тах. У 1935 афіцыйна зняў з сябе духоўны сан. Друкаваўся з 1911. У ранніх творах спалучаны рысы неарамантызму і сімвалізму, матывы адзіноты, пошук высокіх маральных ідэалаў: зб-кі вершаў «Князь Жвайніс» (1916), «Творы» (т. 1—2, 1921). У кнігах лірыкі «Паміж дзвюх зорак» (1927), «Шляхі і ростані» (1936), драмах «Пярсцёнак і жанчына» (1926), «Уладыка» (1930) філас. роздум над праблемамі чалавечага існавання, паглыблены псіхалагізм. Рэаліст. антыклерыкальны раман «У цені алтароў» (1933) адметны псіхал. аналітычнасцю, драматызмам. У пасляваен. кнігах вершаў «Вітаю зямлю» (1950), «Паэзія» (1956), «Акно» (1966), гіст. рамане «Паўстанцы» (т. 1—2, 1957—67; за 1-ы том Дзярж. прэмія Літвы 1958) асэнсаванне гіст. і сац. падзей 20 ст. Аўтар даследаванняў па л-ры канца 19 — пач. 20 ст. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Х.Жычка, М.Навіцкі, П.Прыходзька, А.Разанаў.

Te.: Raštai. Т. 1—10. Vilnius, 1959—69; Рус. пер.В тени алтарей. М., 1964; Дар бытия. Вильнюс, 1966; Вершины и бездны. М., 1985.

Літ.:

Ланкутис Й.В. Миколайтис-Путинас. М., 1967.

А.Лапінскене.

В.Мікалайціс-Пуцінас.

т. 10, с. 351

МІКАЛА́ЙЧЫК ((Mikołajczyk) Станіслаў) (18.7.1901, Гольстэргаўзен, Германія — 13.12.1966),

польскі паліт. і дзярж. дзеяч. Удзельнік Велікапольскага паўстання 1918 супраць прускага панавання, савецка-польскай вайны 1920. У 1920—31 чл. партыі Польске стронніцтва людовэ-«Пяст» (у 1930—31 чл. Гал. рады), у 1931—39 чл. Гал. рады партыі Стронніцтва людовэ. Адзін з заснавальнікаў (1927) Велікапольскага Саюза сял. моладзі. Дэпутат сейма (1930—35). За кіраўніцтва сял. забастоўкай 1937 быў зняволены. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік вераснёўскай кампаніі 1939. Пазней у эміграцыі. У 1940—43 віцэ-прэм’ер, у 1943—44 прэм’ер-міністр польскага эмігранцкага ўрада. З 1946 віцэ-прэм’ер і міністр земляробства кааліцыйнага Часовага ўрада нац. адзінства. У 1945 засн. партыю Польскае стронніцтва людовэ (ПСЛ, у 1945—47 яе старшыня). Дэпутат Краёвай рады нарадовай (1945—47), сейма (1947). Арганізатар легальнай антыкамуніст. апазіцыі ў Польшчы. Пад пагрозай арышту выехаў у ЗША. У 1947—66 старшыня ПСЛ у эміграцыі. Аўтар успамінаў «Згвалтаваная Польшча» (1948), прысвечаных падзеям 1939—47.

Літ.:

Paczkowski A Stanisław Mikołajczyk, czyli Klęska realisty. Warszawa, 1991.

Н.К.Мазоўка.

т. 10, с. 352