МІКАЛА́ЕЎШЧЫНА,

вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на правым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета. За 8 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 86 км ад Мінска. 737 ж., 340 двароў (1999).

Вядома з сярэдзіны 16 ст., уласнасць Осцікавічаў, Л.Свірскага, М.К.Радзівіла Сіроткі. У 1596 мела 17 двароў, карчму, бровар, прыстань. На мяжы 16—17 ст. ператварылася ў мястэчка. У 1628 было 114 двароў, касцёл, ратуша, гасціны двор, рынак, млын, верф (сточня), 13 складоў для тавараў. У 1664 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай М. спалена. З 1793 у Рас. імперыі ў Мінскім пав., у 19 ст. сяло Свержанскай вол. У 1882 каля М. ў засценку Акінчыцы нарадзіўся Я.Колас. У 1897 у М. 935 ж., 141 двор, царква, карчма, магазін. У ліп. 1906 тут адбыўся з’езд настаўнікаў Мінскай губерні 1906. З 1921 у складзе Польшчы ў Стаўбцоўскім пав. Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага р-на.

Сярэдняя школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Коласаўскі заказнік, Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял. Каля вёскі турбаза «Высокі бераг». Радзіма вучонага-мовазнаўца Я.Лёсіка.

В.У.Шаблюк.

т. 10, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)