Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЛЮ́СЫ,

вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., на паўд.-зах. беразе воз. Плюсы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на Пн ад г. Браслаў, 247 км ад Віцебска, 48 км ад чыг. ст. Друя. 266 ж., 109 двароў (2000). Піларама, млын. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — касцёл св. Тройцы (пач. 20 ст.).

т. 12, с. 439

ПЛЮШЧ (Hedera),

род кветкавых раслін сям. араліевых. 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. Растуць у лясах, на камяністых месцах, падымаюцца на значную вышыню па дрэвах, якія з гэтай прычыны часта гінуць. На Беларусі 1 атлантычна-міжземнаморска-еўрап. рэліктавы від — П. звычайны (H. helix), занесены ў Чырв. кнігу (цвіценне ў вер.кастр., плоданашэння не назіраецца, размнажэнне вегетатыўнае).

Вечназялёныя драўнінныя ліяны з паветранымі каранямі-прысоскамі на сцёблах. Лісце суцэльнае ці 3—5-лопасцевае. Кветкі дробныя, у шарападобных парасоніках ці сабраныя ў мяцёлкі. Плод — ягада. Выкарыстоўваюцца для прысценнага азелянення як хатнія і аранжарэйныя расліны. Меданосныя, дэкар. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Плюшч звычайны.

т. 12, с. 439

ПЛЮШЧА́Й (Sparganium),

род кветкавых раслін сям. рагозавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халодным, умераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я, а таксама ў Аўстраліі і Новай Зеландыі. На Беларусі 7 відаў. Найб. пашыраны П.: малы (S. minimum), прамы (S. erectum), усплылы, або просты (S. emersum). Трапляюцца па берагах рэк, азёр, вадасховішчаў.

Шматгадовыя водныя ці балотныя карэнішчавыя расліны. Сцябло прамастойнае або плаваючае. Лісце вузкалінейнае, у відаў, што растуць у глыбокай вадзе, — стужкападобнае.

Кветкі дробныя, аднаполыя, у шчыльных галоўках. Плод — касцянка. Корм андатры, нутрыі і вадаплаўных птушак. Некат. віды П. маюць пяргу.

Плюшчай незаўважаны.

т. 12, с. 439

ПЛЯБА́Н,

гл. ў арт. Пробашч.

т. 12, с. 440

ПЛЯБА́НІЯ (сярэднелац. plebania ад лац. plebs народ),

1) двор святара каталіцкай, рэфарматарскай ці уніяцкай царквы ў Польшчы і на Беларусі. Вядомы з 16 ст. На Беларусі аснову двара, які звычайна размяшчаўся каля храма, складалі жылы дом і гасп. пабудовы (свіран, хлявы, стайня і інш.). Забудова часцей была драўляная (хата 3-камерная) і вырашалася ў традыцыях нар. дойлідства.

Некат. дамы мелі ганкі, галерэі, падчэні на гал. фасадзе (вёскі Ішкалдзь Баранавіцкага, Касцяневічы Вілейскага р-наў, 19 ст.). З канца 19 ст. будавалі П. больш складанай планіровачнай структуры: 2-павярховыя, мураваныя (гарады Мядзел, Глыбокае, Мінск і інш.). Выкарыстоўваліся П. і як своеасаблівыя грамадскія цэнтры (друкарня ў нясвіжскай П., 18 ст.). Сучасныя П. маюць шматфункцыян. залы для сходаў, б-кі, вучэбныя і камп’ютэрныя класы, канцылярыі і інш. (П. ў Смаргоні, 2000, арх. А.​Базевіч).

2) У рым.-каталіцкай царкве — адна з назваў царк. прыхода.

С.​А.​Сергачоў.

Будынак былой плябаніі ў в. Ішкалдзь Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобл. 19 ст.
Плябанія (справа) у г. Смаргонь Гродзенскай вобл. 2000. Арх. А.​Базевіч.

т. 12, с. 440

ПЛЯВА́КА (Фёдар Нічыпаравіч) (25.4.1842, г. Троіцк Арэнбургскай вобл., Расія — 5.1.1909),

рускі юрыст, адвакат. Скончыў юрыд. ф-т Маскоўскага ун-та (1870). Удзельнік буйных паліт. і крымін. працэсаў: справы лютарыцкіх (1880), сеўскіх (1905) сялян, аб стачцы рабочых ф-кі Т-ва С.​Марозава (1886), рабочых ф-кі Коншынскай мануфактуры (1897) і інш. Дэпутат 3-й Дзярж. думы ад партыі акцябрыстаў.

Тв.:

Речи. Т. 1—2. М., 1909—10.

Літ.:

Кони А.Ф. Собр. соч. Т. 5. М., 1968;

Смолярчук В.И. Адвокат Федор Плевако. Челябинск, 1989.

т. 12, с. 440

ПЛЯЖ (ад франц. plage пакаты марскі бераг),

паласа наносаў на ўзбярэжжы вадаёма або вадацёку ў зоне дзейнасці прыбойнага патоку. Фарміруецца ў выніку намнажэння прадуктаў разбурэння берагоў і прыбярэжных водмелей пры актыўным хваляванні і ўздоўж берагавых цячэнняў. Можа ўключаць берагавыя валы, косы і інш. акумуляцыйныя формы прыбярэжнай зоны. Вылучаюць П. валунныя, галечныя, жвіровыя, пясчаныя, ракушачныя, каралавыя і інш. Для рэкрэацыйных мэт выкарыстоўваюцца пясчаныя П. (напр., Рыжскае ўзмор’е) і галечныя (напр., Паўд. бераг Крыма).

т. 12, с. 440

ПЛЯСЕ́ЦК,

касмадром у Архангельскай вобл. Рас. Федэрацыі. Засн. ў 1957. Гал. аб’екты: стартавыя комплексы, тэхн. пазіцыі, вымяральныя пункты, г. Мірны. Першы старт ракеты-носьбіта з ШСЗ «Космас—112» здзейснены 17.3.1966. З П. адбылося больш за 1500 запускаў ракет-носьбітаў; на каляземныя арбіты выведзена каля 2000 ШСЗ навук., нар.-гасп., ваен. і інш. прызначэння (1.1.2001). Выпрабавана 10 ракетна-касм. комплексаў, 11 ракет-носьбітаў, у т. л. «Саюз» і «Саюз-2», «Маланка», «Цыклон», «Космас» і інш., пры дапамозе якіх на каляземныя арбіты выводзіліся ШСЗ «Маланка», «Метэор», «Акіян», «Фатон», «Інтэркосмас» і інш. Ракеты-носьбіты выкарыстоўваюцца таксама для вываду на арбіты апаратуры і ШСЗ інш. краін.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 12, с. 440

ПЛЯСЕ́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА У Петрыкаўскім р-не, на мяжы з Калінкавіцкім р-нам Гомельскай вобл., у бас. р. Прыпяць, за 34 км на ПнУ ад г. Петрыкаў. Пл. 0,22 км², даўж. 610 м, найб. шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі 1,67 км. Схілы катлавіны выш. да 2 м, параслі хмызняком. Берагі забалочаныя. Дно сапрапелістае.

т. 12, с. 440

ПЛЯСКА́ТЫЯ ЧЭ́РВІ,

гл. Плоскія чэрві.

т. 12, с. 440