Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПІЛАРАСПА́ЗМА (ад грэч. pyloros прываротнік + спазма),

спазма мускулатуры прываротніка страўніка, у выніку якой адсутнічае ці затрымліваецца яго апаражненне. Назіраецца пераважна ў грудных дзяцей (часцей у першыя месяцы жыцця) у сувязі з функцыян. парушэннямі вегетатыўнай нерв. сістэмы.

т. 12, с. 356

ПІЛАРАСТЭНО́З (ад грэч. pyloros прываротнік + стэноз),

звужэнне прываротніка страўніка. Бывае прыроджаны (заганы развіцця) і набыты (напр., у выніку рубцавання язвы). Лячэнне хірургічнае.

т. 12, с. 356

ПІ́ЛАС (Pylos),

старажытнагрэчаскі горад у Месеніі на паўд.-зах. узбярэжжы Пелапанеса (цяпер гарадзішча на ўзгорку Ана-Энгліянас паблізу сучаснага г. Пілас). Першае паселішча на месцы П. ўзнікла на мяжы 3—2-га тыс. да н.э. У 16—13 ст. да н.э. рэзідэнцыя мясц. ахейскіх правіцеляў, адным з якіх, паводле Гамера, быў легендарны Нестар. Каля 1200 да н.э. горад знішчаны пажарам. Раскопкамі акропаля ў 1939 і 1952 адкрыты рэшткі магутнага палацавага комплексу (пабудаваны ў 13 ст. да н.э.), які ўключаў парадныя, жылыя і гасп. памяшканні. Сцены некаторых былі ўпрыгожаны фрэскамі. Сярод шматлікіх знаходак (прылады працы, кераміка, упрыгожанні) асаблівае значэнне маюць гліняныя таблічкі (болей за 600) з лінейным пісьмом Б.

Літ.:

Полякова Г.Ф. Социально-политическая структура пилосского общества (по данным линейного письма B). М., 1978;

Бартонек А. Златообильные Микены: Пер. с чеш. М., 1991.

Я.​У.​Новікаў.

т. 12, с. 356

ПІЛАТА́Ж (франц. pilotage),

майстэрства кіравання самалётам (планёрам, інш. лятальным апаратам — ЛА) у гарыз. і верт. плоскасцях з наданнем яму розных становішчаў. Адбываецца са зменай скорасці, вышыні, напрамку палёту ЛА. Характарызуецца т.зв. фігурамі П.

Паводле складанасці выканання фігур П. падзяляецца на просты (віраж, спіраль, слізганне, пікіраванне і інш.), складаны (баявы разварот, паўпераварот, бочка, Несцерава пятля, штопар, пераварот на горцы і інш., а таксама ўсе фігуры простага П., калі яны выконваюцца групай ЛА), вышэйшы (замаруджаная кіроўная бочка, паўтарачная і шматразовая бочка, паўтарачная пятля, верт. васьмёрка і інш., а таксама ўсе фігуры складанага П., калі яны выконваюцца групай ЛА, і ўсе віды перавернутага палёту).

т. 12, с. 356

ПІЛАТО́ВІЧ (Валерый Станіслававіч) (н. 15.4.1945, г. Чэрвень Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне нефралогіі. Д-р мед. н. (1986), праф. (2000). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1969), з 1971 працаваў у ім. З 1986 у Бел. НДІ кардыялогіі (з 1994 заг. лабараторыі). Навук. працы па лячэнні хворых з нырачнай недастатковасцю, дыялізе і трансплантацыі ныркі, уралогіі.

Тв.:

Методы исследований в нефрологии и урологии. Мн., 1992 (разам з А.​С.​Чыжам, У.​Р.​Колбам);

Хроническая почечная недостаточность: интеграция и дифференциация лечения. Мн., 1994 (разам з У.​І.​Саклаковым);

Диагностика болезней почек и мочевых путей (разам з А.​С.​Чыжам) // Клиническая диагностика: Справ. пособие для семейного врача. Мн., 1999.

т. 12, с. 356

ПІЛАТО́ВІЧ (Станіслаў Антонавіч) (25.9.1922, в. Барок Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 15.6.1986),

партыйны і дзярж. дзеяч БССР, дыпламат. Скончыў Бабруйскую фельчарскую школу (1940), Баранавіцкі настаўніцкі (1952) і Мінскі пед. (1956) ін-ты. У Вял. Айч. вайну з вер. 1942 партызан атрада «Полымя» ў Пухавіцкім р-не, у кастр. 1942 — ліп. 1944 сакратар Пухавіцкага, Чэрвеньскага падп. райкомаў, адначасова да ліст. 1943 сакратар Мінскага падп. міжрайкома ЛКСМБ. У 1944—53 сакратар Чэрвеньскага райкома, Мінскага, 1-ы сакратар Баранавіцкага абкомаў ЛКСМБ У 1953—62 1-ы сакратар Навагрудскага райкома, 2-і сакратар Гродзенскага абкома, заг. аддзела парт. органаў ЦК КПБ. З 1962 1-ы сакратар Віцебскага абкома КПБ. З 1965 сакратар ЦК КПБ. У 1971—78 надзвычайны і паўнамоцны пасол СССР у ПНР. У маі 1978 — снеж. 1983 нам. старшыні СМ БССР. Чл. ЦК КПБ у 1960—71, 1981—86, чл. Прэзідыума ЦК КПБ у 1965—66, чл. Бюро ЦК КПБ у 1966—71. Чл. ЦК КПСС у 1971—81. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1959—67, 1978—85, Вярх. Савета СССР у 1966—74. Трагічна загінуў.

Я.​С.​Фалей.

т. 12, с. 356

ПІЛЕ́ШЧЫНА,

вёска ў Цемравіцкім с/с Чавускага р-на Магілёўскай вобл., на р. Бася. Цэнтр калгаса. За 22 км на Пн ад горада і 26 км ад чыг. ст. Чавусы, 39 км ад Магілёва. 165 ж., 56 двароў (2000). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 12, с. 356

ПІЛІГРЫ́М (італьян. pellegrino ад лац. peregrinus чужаземец),

багамольнік, вандроўны багамолец; тое, што паломнік (гл. Паломніцтва).

т. 12, с. 357

ПІЛІ́ПАЎ (Іван) (сапр. Нялепка Язэп Піліпавіч; каля 1879, в. Касцянёўцы ці чыг. ст. Парэчча Гродзенскага р-на — пасля 1920),

бел. пісьменнік, публіцыст. Працаваў тэлеграфістам на чыг. ст. Парэчча, з 1910 у Вільні. З 1909 друкаваўся ў газ. «Наша ніва», пасля ў «Вольнай Беларусі», «Белорусском эхе», бел. календарах і інш. Вершы П. адметныя лірызмам, уменнем перадаць настрой, фарбы роднай прыроды. У апавяданнях «Голас з магілы» (1909), «Казкі і сны» (1914) смутак, туга, унутранае хваляванне. У публіцыст. артыкулах пісаў пра стан родных мясцін, ахопленых вайной. У нарысе «На парозе будучыні» (1915) думкі пра гіст. перспектыву развіцця Беларусі.

Тв.:

У кн. — Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965;

Беларуская дакастрычніцкая паэзія. Мн., 1967.

Літ.:

Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;

Каханоўскі Г.​А.​Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 12, с. 357

ПІЛІ́ПАЎСКІЯ ПЕ́СНІ,

песні зімовага цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі. Выконвалі іх на вячорках, прадучы кудзелю ў піліпаўку (6-тыднёвы пост перад калядамі). Ў іх пераважаюць сумныя матывы, у т. л. пра гаротнае жыццё замужняй жанчыны-сялянкі. Вылучаюцца 2 асн. тэмы П.п.: праца сялянкі ў доўгія зімовыя вечары (услаўляюцца ўмелыя працавітыя майстрыхі-рукадзельніцы, з’едліва высмейваюцца гультайкі і няўмекі), сямейныя ўзаемаадносіны (цяжкае, бяспраўнае становішча нявесткі ў сям’і мужа). Сярод П.п. трапляюцца таксама песні баладнага тыпу, жартоўныя, любоўная лірыка.

Публ.: Зімовыя песні. Мн., 1975.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, ч. 1. С. 97—137.

А.​І.​Гурскі.

т. 12, с. 357