Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭ́КІ МІЖНАРО́ДНЫЯ,

рэкі, якія працякаюць па тэрыторыі дзвюх і больш дзяржаў і выкарыстанне якіх з’яўляецца прадметам міжнар. прававых адносін паміж прыбярэжнымі дзяржавамі (напр., Дунай, Рэйн, Конга, Нігер, Амазонка). Кожная частка Р.м. знаходзіцца пад суверэнітэтам той дзяржавы, у межах якой працякае. Сярод Р.м. прынята вылучаць пагранічныя рэкі, якія раздзяляюць тэрыторыі некалькіх дзяржаў і звычайна не з’яўляюцца адкрытымі для міжнар. суднаходства.

т. 13, с. 570

РЭКЛА́МА (франц. réclame ад лац. reclamare крычаць),

інфармацыйнае паведамленне пра спажывецкія ўласцівасці тавараў і віды паслуг з мэтай прыцягнуць увагу спажыўцоў, стварыць попыт на іх; папулярызацыя твораў літаратуры, мастацтва і інш.

Р. існавала ўжо ў Стараж. Грэцыі і Рыме (аб’явы пісалі на драўляных дошках, гравіравалі на медзі ці косці, зачытвалі ў месцы збору народу). Друкаваная Р. (пач 17 ст.) звязана з імёнамі У.​Кэкстана (Англія) і Т.​Рэнадо (Францыя). Першае рэкламнае бюро ўзнікла ў Лондане (1611). Сучасныя сродкі Р.: друк (газеты, часопісы, бюлетэні, праспекты, буклеты і інш.), радыё, тэлебачанне, кіно, светлавыя аб’явы, кідкія шыльды і інш. Сярод друкаваных сродкаў Р. найб. вядомыя на Беларусі: даведнік «Бізнес—Беларусь», газеты «Из рук в руки», «Ва-банк», «Коммерсант ЭКСПО», «Экспресс-реклама», «Минск на ладонях», «Из первых рук», «Рекламное приложение» к газ. «Вечерний Минск» і інш. Р. займаюцца спец. фірма і агенцтвы. Найб. значныя з іх на Беларусі: «Рэмарк», «Фортэ», «Белая карона». Міжнар. сетка рэкламных агенцтваў прадстаўлена амер. агенцтвам «Грэй» (дзейнічае ў 153 краінах свету), англ. «Лео Бернет» (дзейнічае ў 147 краінах) і інш.

Т.​У.​Люковіч.

т. 13, с. 570

РЭКЛАМА́ЦЫЯ (ад лац. reclamatio пярэчанне, неадабрэнне),

абгрунтаваная прэтэнзія спажыўца (заказчыка) на выяўленыя недахопы ў атрыманай ад даўжніка (вытворцы, пастаўшчыка, падрадчыка) прадукцыі ці ў выкананай рабоце. Прад’яўляецца даўжніку, калі якасць ці колькасць тавару, выкананая работа не адпавядаюць умовам дагавора, парушаюцца тэрміны пастаўкі тавару або парадак плацяжоў. Паслядоўнасць афармлення і прад’яўлення Р. ўстанаўліваецца пры заключэнні дагавора. Р. можа патрабаваць ліквідаваць выяўленыя недахопы, знізіць цану, замяніць дэфектны выраб ці кампенсаваць прычыненыя спажыўцу (заказчыку) страты.

т. 13, с. 570

РЭКЛА́МА, ІНФАРМА́ЦЫЯ, ДА́ЙДЖЭСТ, РІД,

бел. недзяржаўная інфармацыйная служба ў 1992—97 у Мінску. Асн. кірункі: збор і апрацоўка навін паліт., эканам., культ. і інш. характару, распаўсюджванне іх у сродках масавай інфармацыі, прыватным асобам на тэр. Беларусі і за яе межамі, узаемаабмен з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі. Праводзіла таксама сацыялагічныя даследаванні, аказвала кансультацыйныя, рэкламныя і пасрэдніцкія паслугі, рыхтавала і размяшчала дайджэсты рэсп. і замежных перыяд. выданняў, праводзіла выстаўкі, кірмашы, ярмаркі,* стварала рэкламную прадукцыю.

А.​М.​Міхальчанка.

т. 13, с. 570

РЭ́КЛІНГХА́ЎЗЕН (Reçklinghausen),

горад у Германіі, у зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія, у міжрэччы рэк Эмшэр і Ліпе Каля 130 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Эмшэр і канале Рэйн—Герне. Прам-сць: кам.-вуг., коксахім., тэкст., швейная, горнае машынабудаванне.

т. 13, с. 570

РЭКЛЮ́ ((Reclus) Жан Жак Элізэ) (15.3.1830, г. Сент-Фуа-ла-Гранд, Францыя — 4.7.1905),

французскі географ, сацыёлаг і паліт. дзеяч. Вучыўся ў пратэстанцкім духоўным ун-це ў г. Мантабан. У 1849 выключаны з ун-та за прапаганду сацыяліст. ідэй. У 1851 эмігрыраваў у Вялікабрытанію, жыў у ЗША, краінах Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. У 1871 за ўдзел у Парыжскай Камуне прыгавораны да пажыццёвага выгнання. З 1872 жыў у Італіі, Швейцарыі, Бельгіі. У 1892—1905 праф. Свабоднага і Новага ун-таў у Бруселі (Бельгія). Аўтар прац «Чалавек і Зямля» (т. 1—6, 1876—94), дзе выказаў свае погляды на эвалюцыю людскога грамадства, «Зямля і людзі. Усеагульная геаграфія» (т. 1—19, 1884—94) і інш.

т. 13, с. 570

РЭКО́Н,

элементарная адзінка генет. рэкамбінацыі; мінім. ўчастак генет. матэрыялу, у межах якога яна магчыма. Прапанаваны амер. генетыкам С.​Бензерам у 1957. Тэрмін мала ўжываецца, таму што выяўлена магчымасць рэкамбінацыі паміж суседнімі парамі нуклеатыдаў ДНК.

Р.​Г.​Заяц.

т. 13, с. 570

РЭКО́РД (англ. record),

найлепшы вынік, найвыш. поспех, дасягнуты ў якой-н. галіне (напр., Р. у працы, спорце).

т. 13, с. 570

РЭ́КРУТ (ням. Rekrut ад франц. recruter набіраць войска),

асоба, прынятая на ваен. службу па найме або павіннасці. Тэрмін (ужываецца з 17 ст.) атрымаў шырокае распаўсюджанне ў 18—19 ст. у сувязі са стварэннем у шэрагу краін пастаяннага рэгулярнага войска. У рас. арміі ў 1705—1874 асоба, залічаная ў армію паводле рэкруцкай павіннасці. У 1874 з увядзеннем у Расіі ўсеагульнай воінскай павіннасці тэрмін «Р.» заменены словам «навабранец».

т. 13, с. 570

РЭКРУ́ЦКАЯ ПАВІ́ННАСЦЬ,

сістэма камплектавання рас. рэгулярнага войска ў 18—19 ст. Пачаткам пераходу да Р.п. з’явіліся змены ў складзе і парадку набору датачных людзей (1699); канчаткова ўведзена ў 1705. Рэкрутаў набіралі прымусова з усіх падатных саслоўяў (сялян, мяшчан і інш.). Пазней ад Р.п. былі вызвалены купцы, царк. служкі, ганаровыя грамадзяне і інш. Напачатку рэкруты служылі пажыццёва, з 1793—25 гадоў, з 1834—20, у 1855—72—12, 10 і 7 гадоў. Узрост рэкрутаў складаў (у розныя гіст. перыяды) ад 17 да 35 гадоў (у 1726—66 — «усякага ўзросту»). Да 1724 бралі 1 рэкрута з 20 двароў, потым 5 і больш з 1000 рэвізскіх душ. У 1874 Р.п. заменена ўсеагульнай воінскай павіннасцю.

М.​М.​Субоцін.

т. 13, с. 571