РЭФРЫЖЭРА́ТАР (франц. réfrigérateur ад лац. refrigerare ахалоджваць),
транспартны сродак з цеплаізаляванымі камерамі і халадзільнымі ўстаноўкамі для перавозкі хуткапсавальных грузаў. У якасці Р. выкарыстоўваюць спец. ізатэрмічныя аўтамабілі і прычэпы, вагоны і паязды, судны. Ізатэрмічныя аўтамабілі маюць кузаў з цеплаізаляцыяй, якая абмяжоўвае цеплаабмен паміж унутр. і вонкавымі паверхнямі. Адрозніваюць аўтамабілі-лядоўнікі, аўтамабілі-Р. (з аўтам. халадзільнымі ўстаноўкамі) і з эл. ацяпленнем (забяспечвае т-ру ад +10 да -15 °C). Рэфрыжэратарныя судны бываюць грузавыя (сухагрузы) або грузапасажырскія; пашыраны рэфрыжэратарныя рыбапрамысловыя судны.
т. 14, с. 34
РЭФРЭ́Н (ад франц. refrain прыпеў),
1) у музыцы тэма інстр. або вак. муз. твора, якая праходзіць у ім не менш як 3 разы і замацоўвае яго кампазіцыйна. Характэрны для ронда і блізкіх да яго муз. форм. Часам Р. становіцца лейттэмай (гл. Лейтматыў) правядзенне якой звязана з увасабленнем найб. важных ідэй.
Тэрмін «Р.» уведзены ў 12—16 ст. для абазначэння паўтарэнняў заканчэння страфы ў песенных формах; у музыказнаўстве часцей карыстаюцца тэрмінам «прыпеў».
У вершаскладанні слова, радок або страфа, якія паўтараюцца праз пэўную колькасць радкоў у вершы. Р. нясе вял. сэнсавую нагрузку, звычайна ў ім увасоблена гал. ідэя твора. Так, у «Песні вольнага чалавека» Я.Купалы кожнаму катрэну спадарожнічае наступны Р.:
Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы век!
В.П.Рагойша (у вершаскладанні).
т. 14, с. 34