Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РО́ВЕНСКІ (Дзмітрый Дзмітрыевіч) (н. 5.1.1948, г. Капыль Мінскай вобл),

бел. дзеяч самадз. мастацтва, майстар нар. інструментаў. Засл. дз. культ. Беларусі (1999). Скончыў Мінскае муз. вуч. імя Глінкі (1975), Мінскі ін-т культуры (1985). З 1968 выкладаў спевы ў школах Мінска. З 1970 арганізатар і маст. кіраўнік фалькл. ансамбля «Дударыкі» (з 1993 узорны), адначасова з 1996 — ансамбля нар. музыкі і песні «Мінскія музыкі» (з 2000 нар.), сямейнага ансамбля (1979—96). Валодае ігрой на гармоніку, баяне, дудцы, жалейцы, акарыне, дудзе, ліры, цытры і інш. Збірае бел. нар. інструменты, стварыў музей бел. побыту і культуры пры школе-гімназіі 111 (1985). Аўтар песень.

т. 13, с. 392

«РО́ВЕР»

(Rover),

сям’я легкавых аўтамабіляў сярэдняга класа аднайменнай англ. фірмы. Выпускаюцца з 1904. Большасць мадэлей мае кузаў седан ці хэтчбэк, бензінавы рухавік магутнасцю ад 39 да 148 кВт; найб. скорасць ад 143 да 240 км/гадз.

Легкавы аўтамабіль «Ровер» мадэль «114 кабрыялет».

т. 13, с. 392

РОГ,

старажытны нар. духавы сігнальны амбушурны муз. інструмент Вядомы многім народам свету. Вырабляецца з рагоў і біўняў жывёл, а таксама з ракавін, дрэва, металу. У залежнасці ад памераў і формы, наяўнасці ці адсутнасці ігравых адтулін Р. дазваляе здабываць адзін або некалькі тонаў абертонавага ці паступеннага гукарадаў. Моцнае, далёка чутнае гучанне Р. спрыяла выкарыстанню яго як камунікатыўнага сродку ў абрадах, рэліг. цырымоніях, паляўнічай, пастухоўскай, вартаўнічай і ваен. практыцы. На Беларусі пашыраны Р. розных памераў (30—50 см), робіцца з пустацелых рагоў быка, каровы, барана, з дрэва (бярозы, алешыны, клёну формай, блізкай да натуральнага рога жывёлы), часам з бляхі; ігравых адтулін не мае.

У муз. мастацтве Р. — папярэднік разнастайных духавых інструментаў (валторны. трамбона і інш.), а таксама аснова рагавога аркестра.

Літ.:

Pawłowski J. Róg od a do z. Kraków, 1972.

І.​Дз.​Назіна.

т. 13, с. 392

РО́ГАЛЕЎ (Аляксандр Фёдаравіч) (н. 27.12.1956, г. Гомель),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1997). Скончыў Гомельскі ун-т (1980) і выкладае ў ім. Працы па бел. тапаніміцы: «Этнатапанімія Беларусі: (На фоне этнічнай гісторыі)» (1993), «Белая Русь і беларусы: (У пошуках вытокаў)» (1994) і інш.

Тв.:

От Гомеюка до Гомеля: Городская старина в фактах, именах, лицах. Гомель 1993.

т. 13, с. 392

РО́ГАНАЎ (Генадзь Мікалаевіч) (н. 12.1.1945, с. Грачоўка Арэнбургскай вобл., Расія),

бел. хімік. Д-р хім. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Куйбышаўскі політэхн. ін-т (1968). З 1968 у БДУ. З 1973 у Магілёўскім тэхнал. ін-це (у 1973—77 і з 2000 заг. кафедры, у 1977—79 прарэктар). Навук. працы па хім. тэрмадынаміцы арган. злучэнняў, у т. л. эксперым. даследаванні раўнавагі ў рэакцыях ізамерызацыі, разліку тэрмадынамічных функцый злучэнняў паводле малекулярных і спектральных даных.

Тв.:

Термодинамика и равновесия изомеров. Мн., 1986 (разам з Г.​Я.​Каба, М.​Л.​Фрэнкелем);

Термодинамические характеристики реакций изомеризации. Мн., 1988 (з імі ж).

т. 13, с. 392

РО́ГАЎ (Міхаіл Сафронавіч) (17.10.1916, в. Верхняя Алба Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 25.10.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Паўд.-Зах., 2-м Укр. франтах. Старшына эскадрона кав. палка Р. вызначыўся 29.8.1944 у баі каля г. Ясы (Румынія): на чале групы салдат пераадолеў міннае поле, знішчыў станковы кулямёт ворага і дзот, чым садзейнічаў наступленню палка; загінуў у баі на тэр. Венгрыі.

М.С.Рогаў.

т. 13, с. 392

РО́ГАЎЦАВА (Ада Мікалаеўна) (н. 6.7.1937, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна),

украінская актрыса. Нар. арт. СССР (1978). Скончыла Кіеўскі тэатр. ін-т (1959). З 1959 у Кіеўскім рус. драм. т-ры імя Лесі Украінкі. З 1980 адначасова выкладае ў Кіеўскім ін-це тэатр. мастацтва імя І.​Карпенкі-Карага. Лірыка-драм. актрыса, валодае сцэн. абаяльнасцю, музычнасцю, шчырасцю: Гелена («Варшаўская мелодыя» Л.​Зорына, 1967), Далорэс («Каменны гаспадар» Лесі Украінкі, 1971), Ларыса («Беспасажніца» А.​Астроўскага, 1973), Леся Украінка («Спадзявацца» Ю.​Шчарбака, 1979), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.​Чэхава, 1980), Саша («Іванаў» А.​Чэхава, 1985), Таісія Пятроўна («Урокі музыкі» Л.​Петрушэўскай, 1989) і інш. Выступае і ў камед. ролях. З 1957 здымаецца ў кіно: «Салют, Марыя!», «Утаймаванне агню», «Авадзень», «Вечны кліч», «За што?», «Чатыры лісты фанеры», «Два месяцы, тры сонцы» і інш. Дзярж. прэмія Украіны 1981.

Літ.:

Актеры советского кино. Вып. 12. М., 1976.

А.М.Рогаўцава.

т. 13, с. 392

РО́ГАЧ з Дубы

(Roháč z Dubé) Ян (? — 9.9.1437),

дзеяч гусіцкага руху ў Чэхіі (гл. Гусіцкія войны), паплечнік Яна Жыжкі. З 1420 кіраўнік табарытаў у крэпасці Ломніцы, з 1421 гетман. У 1423 разам з Жыжкам засн. брацтва арэбітаў. Пасля паражэння табарытаў пад Ліпанамі (1434) узначальваў войскі табарыцкага гар. саюза. У 1436 кіраваў абаронай крэпасці Сіён — апошняй апорнай базы табарытаў, якую асадзілі войскі Сігізмунда I. Пасля падзення Сіёна (1437) пакараны смерцю ў Празе разам з 52 паплечнікамі.

т. 13, с. 392

РО́ГІ (лац. cornua),

касцявыя вырасты на галаве многіх капытных млекакормячых. Служаць пераважна органамі абароны, а ў самцоў многіх відаў — сродкам барацьбы за самку ў час гону. Былі ў некат. выкапнёвых паўзуноў (напр., у рагатых дыназаўраў) і млекакормячых (у дынацэрат, тытанатэрыяў і інш.). Няпарныя Р. ў насарогаў — канічныя патаўшчэнні арагавелага эпідэрмісу, скурныя ўтварэнні на насавых або лобных касцявых вырастах. Касцявая аснова парных Р. (спіца) у пустарогіх укрыта рагавым чахлом, у жырафы — мяккай скурай, укрытай шэрсцю. Алені, у якіх Р. маюць толькі самцы (у паўн. аленя і самкі), штогод скідваюць іх (апрача кабаргі і вадзянога аленя), што звязана з дзейнасцю палавых залоз. Разгалінаванасць Р. у іх з узростам павялічваецца. Р. пантавых аленяў (панты) — крыніца атрымання лек. сродку (пантакрыну). Р. інш. капытных выкарыстоўваюцца для розных вырабаў, атрымання касцявога тлушчу, касцявой мукі, клею і інш.

т. 13, с. 392

РОД,

ва ўсходнеславянскай міфалогіі бог, родапачынальнік жыцця. Увасабляў адзінства старажытнаслав. роду і дух продкаў, шанаваўся як апякун сям’і і дома. Узгадваўся ўслед за гал. язычніцкімі багамі разам з жаночымі божаствамі — рожаніцамі, якія вызначалі працяг роду і долю нованароджаных. Р. і рожаніцам прыносілі ахвяры ежай (кашамі, хлебам, сырамі) і пітвом (мёдам).

т. 13, с. 392