РОГ,
старажытны нар. духавы сігнальны амбушурны муз. інструмент Вядомы многім народам свету. Вырабляецца з рагоў і біўняў жывёл, а таксама з ракавін, дрэва, металу. У залежнасці ад памераў і формы, наяўнасці ці адсутнасці ігравых адтулін Р. дазваляе здабываць адзін або некалькі тонаў абертонавага ці паступеннага гукарадаў. Моцнае, далёка чутнае гучанне Р. спрыяла выкарыстанню яго як камунікатыўнага сродку ў абрадах, рэліг. цырымоніях, паляўнічай, пастухоўскай, вартаўнічай і ваен. практыцы. На Беларусі пашыраны Р. розных памераў (30—50 см), робіцца з пустацелых рагоў быка, каровы, барана, з дрэва (бярозы, алешыны, клёну формай, блізкай да натуральнага рога жывёлы), часам з бляхі; ігравых адтулін не мае.
У муз. мастацтве Р. — папярэднік разнастайных духавых інструментаў (валторны. трамбона і інш.), а таксама аснова рагавога аркестра.
Літ.:
Pawłowski J. Róg od a do z. Kraków, 1972.
І.Дз.Назіна.
т. 13, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)