ПРА́ВАЙ РУКІ́ ПРА́ВІЛА,
мнеманічнае правіла для вызначэння напрамку індукцыйнага току ў правадніку, які рухаецца ў магн. полі. Вынікае з Ленца правіла.
Паводле П.р.п. правую руку трэба размясціць так, каб сілавыя лініі магн. поля ўваходзілі ў далонь, а адагнуты вялікі палец быў накіраваны ўздоўж вектара скорасці руху правадніка, тады выцягнутыя пальцы будуць супадаць з напрамкам індукцыйнага току ў правадніку. Гл. таксама Электрамагнітная індукцыя.
т. 12, с. 526
ПРАВАКА́ЦЫЯ (ад лац. provocatio выклік),
1) падбухторванне. прымушэнне асоб (груп, арганізацый) да ўчынкаў, якія выклікаюць цяжкія наступствы.
2) Дзеянні агентаў спец. службаў і інш. асоб, у т. л. правакатараў, накіраваныя на разгром або дыскрымінацыю варожых ці канкурыруючых арганізацый, партый і інш. 3) Агрэсіўныя захады з мэтай апраўдання ўмяшання ва ўнутр. справы інш. краіны. Можа ажыццяўляцца ў выглядзе нападаў на пагран. ахову, парушэння граніцы, захопу аб’ектаў, дыверсіі, тэракта, уварвання на тэр. дзяржавы, яе ўнутр. воды, паветр. прастору і інш.
т. 12, с. 526
ПРАВАЛІ́НСКІ (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 3.9.1948, г. Орша Віцебскай вобл.),
бел. эстрадны спявак. Засл. дз. культ. Беларусі (1991). Засл. арт. Беларусі (1994). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1977). Працаваў інжынерам. З 1981 нам. дырэктара Ін-та біяарган. хіміі Нац. АН Беларусі. На эстрадзе з сярэдзіны 1980-х г. Валодае голасам прыгожага мяккага тэмбру, яго выкананне адметнае лірычнай напоўненасцю, эмацыянальнасцю. У рэпертуары песні сучасных, у т. л. бел., кампазітараў І.Лучанка, Э.Зарыцкага, Л.Захлеўнага, В.Войціка, А.Чыркуна, Дз.Яўтуховіча, У.Будніка, Ф.Жыляка і інш. на словы бел. паэтаў, шматлікія з якіх выканаў упершыню.
т. 12, с. 526
ПРАВАМО́ЦТВА,
прадугледжаная законам магчымасць удзельніка праваадносін ажыццяўляць пэўныя дзеянні або патрабаваць вядомых дзеянняў ад інш. ўдзельніка гэтых праваадносін. Рэальнасць П. гарантуецца дзяржавай; пры невыкананні асобай сваіх абавязкаў правамоцны бок можа звярнуцца ў суд, арбітражны суд або інш. дзярж. орган для абароны свайго права.
т. 12, с. 526
ПРАВА́НС (Provence),
гістарычная вобласць на ПдУ Францыі, на ўзбярэжжы Міжземнага м., пераважна ў Франц. Альпах. Уключае дэпартаменты Бушдзю-Рон, Вар, Ваклюз, Верхнія Альпы, Альпы Верхняга Праванса, Прыморскія Альпы. Пл. 31,8 тыс. км². Нас. каля 4 млн. чал. (2000), больш за 80% пражывае ў гарадах. Гал. горад Марсель, найважн. прамысл. цэнтры — Ніца, Тулон, Авіньён. Пераважае горны рэльеф. Клімат умераны (у гарах), міжземнаморскі (на ўзбярэжжы). Прамысл. раён са значнай роллю курортнай справы і турызму. Гал. галіны прам-сці: маш.-буд., нафтаперапр., нафтахім., тэкст., харч., чорная металургія. Здабыча баксітаў, солі з марской вады, бурага вугалю. Лесанарыхтоўкі. ГЭС на горных рэках. У горнай частцы пераважае жывёлагадоўля (авечкі і козы), на ўзбярэжжы — субтрапічнае пладаводства і вінаградарства, агародніцтва і кветкаводства, вырошчванне алівак, эфіраалейных культур, пасевы пшаніцы; дэльта р. Рона — асн. раён рысаводства ў Францыі. П. — пастаўшчык ранняй агародніны і фруктаў для інш. раёнаў краіны. На У гал. курортны раён краіны — Блакітны бераг (Рыўера).
У 6 ст. да н.э. на тэр. сучаснага П. заснаваны грэч. калоніі. У 2 ст. да н.э. заваяваны рымлянамі, якія ўтварылі тут сваю правінцыю (адсюль назва П.). У 5—6 ст. н.э. на П. нападалі вестготы, бургунды, остготы. У 536 далучаны да каралеўства франкаў. У 855—863 самастойнае каралеўства. З 879 у складзе каралеўства Ніжняя Бургундыя, з 933 — графства ў Аб’яднаным Бургундскім каралеўстве. У 1113—1246 належаў графам Барселонскім, у 1246—1481 — Анжуйскай дынастыі. У 1481 далучаны да Францыі з захаваннем правінцыяльнай аўтаноміі, якая паступова ўразалася каралеўскай уладай. У час гугеноцкіх войнаў 16 ст. насельніцтва П. (акрамя Марселя) падтрымлівала гугенотаў. У 17 ст. на тэр. правінцыі адбываліся буйныя паўстанні (у 1631 у Эксе, у 1644 у Марселі і Арлі). Пасля задушэння паўстання ў 1660 у Марселі б.ч. прывілеяў скасавана. У час Франц. рэвалюцыі 1789—99 падзелены на дэпартаменты.
т. 12, с. 526
ПРАВАНСА́ЛЬСКАЯ МО́ВА, аксітанская мова,
адна з раманскіх моў (гала-раманская група). Пашырана на Пд Францыі і ў Альпійскай Італіі. Мае 2 групы дыялектаў: паўн.-аксітанскія (лімузінскі, авернскі, праванса-альпійскі), сярэдне-аксітанскія (лангедокскі, праванскі) і гасконскі дыялект. У фанетыцы — адкрыты тэмбр галосных, захаванне пераднаціскных е і э, дыфтонгаў ai, oi, ou, ue, вымаўленне зычнага за насавым галосным, вял. колькасць слоў з націскам на перадапошнім складзе; у марфалогіі — спецыфічныя асаблівасці ўжывання часу дзеяслова, развітыя флексіі і інш. Літ. мова з 11 ст., з 13 ст. наз. П.м. У 12—13 ст. на П.м. шырока развіта паэзія трубадураў, сфарміравалася агульнаправансальская пісьм.-літ. мова. Пасля далучэння Праванса да Паўн. Францыі ў 13 ст. П.м. распалася на дыялекты. Пісьменства на аснове лац. графікі. Найб. старажытныя помнікі датуюцца 10—11 ст.
т. 12, с. 526
ПРАВАПАРА́ДАК,
адна з асноўных састаўных частак грамадскага парадку, якая складваецца ў выніку ажыццяўлення розных відаў сац. норм, што рэгулююць разнастайныя сферы грамадскага жыцця. Рэгламентуецца прававымі нормамі, прынятымі ва ўстаноўленым парадку ў пэўнай дзяржаве. Як пэўнае становішча рэгулюемых правам грамадскіх адносін П. характарызуецца рэальным узроўнем выканання законнасці, забеспячэння і рэалізацыі суб’ектыўных правоў, выканання юрыд. абавязкаў усімі грамадзянамі, органамі і арг-цыямі.
т. 12, с. 527
ПРАВАПАРУШЭ́ННЕ,
антысацыяльнае дзеянне (або бяздзеянне), якое парушае якія-н. нормы права і прычыняе грамадству шкоду. Падзяляюцца на: цывільныя (прычыненне шкоды асобе, маёмасці грамадзяніна або арг-цыі), адміністрацыйныя (напр., парушэнне правіл дарожнага руху і інш.), дысцыплінарныя і інш. правіннасці (напр., прагул). Найб. небяспечны від П. — злачынства. За П. законам прадугледжана адпаведная цывільная, адм., дысцыплінарная і крымін. адказнасць. П. бывае і міжнародным (парушэнне дзяржавай або інш. суб’ектам міжнар. права сваіх міжнар. абавязкаў).
т. 12, с. 527