Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЛІ́СЫ,

вёска ў Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 43 км на У ад г.п. Бешанковічы, 40 км ад Віцебска. 189 ж., 75 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 12, с. 429

ПЛІТА́ ў геалогіі,

буйная адмоўная тэктанічная структура платформ. Характарызуецца глыбокім заляганнем крышт. фундамента, перакрытага магутнай тоўшчай (да 12—15 км) платформавага чахла. Межы П. часта праводзяцца па мяжы пашырэння асадкавага чахла, па буйных разломах і флексурах. П. ўскладнены больш дробнымі дадатнымі (антэклізы, скляпенні, выступы, антыкліналі, падняцці, купалы і інш.) і адмоўнымі (сінеклізы, упадзіны, прагіны, сінкліналі і інш.) структурамі. П. бываюць устойлівыя і рухомыя. Устойлівыя П. менш дэфармаваныя. Рухомыя П. — найб. тэктанічна актыўныя ч. платформ, якія хутка прагіналіся і назапашвалі магутны асадкавы чахол. Некат. даследчыкі называюць П. маладыя эпігерцынскія платформы ў адрозненне ад стараж. дакембрыйскіх платформ. Паводле новай глабальнай тэктонікі (гл. Тэктанічныя гіпотэзы) вылучаюць літасферныя П. — вялізныя цвёрдыя блокі літасферы, якія пастаянна рухаюцца са скорасцю 1—12 см/год па вязкім слоі астэнасферы ад зон расцяжэння (сярэдзінна-акіянічныя хрыбты) да зон сціскання. Беларусь размешчана на З Рускай пліты Усх.-Еўрапейскай платформы.

А.​М.​Каўхута.

т. 12, с. 429

ПЛІ́ТКА КЕРАМІ́ЧНАЯ,

адзін з відаў штучных абліцовачных матэрыялаў, які выкарыстоўваюць для ўнутр. і вонкавых абліцовачных работ. Прасуюць з напаўсухіх парашкападобных керамічных мас з наступным абпальваннем да спякання. Вызначаецца высокай трываласцю, зноса-, вода- і хім. устойлівасцю. Паверхня П.к. можа быць гладкая, рэльефная, пакрытая белай ці каляровай палівай, форма — квадратная, прамавугольная, 6- і 8-гранная. Гл. таксама Керамічная прамысловасць.

Узоры пліткі керамічнай акцыянернага таварыства «Керамін».

т. 12, с. 429

ПЛІ́ШЧА,

ручай у Мастоўскім і Ваўкавыскім р-нах Гродзенскай вобл., правы прыток р. Рось (бас. р. Нёман). Даўж. 22 км. Вадазбор нізінны, пл. 62 км². Пачынаецца на Пд ад в. Калядзічы Ваўкавыскага р-на, у нізоўі цячэ па лясістай мясцовасці, праз воз. Немнішча, упадае ў р. Рось за 1,9 км на ПдУ ад в. Дубна Мастоўскага р-на. Пойма ў вярхоўі забалочаная. Рэчышча часткова каналізаванае.

т. 12, с. 429

ПЛІЯЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА) (ад грэч. pleion большы + kainos новы),

пліяцэн, верхні аддзел неагенавай сістэмы (перыяду), заключная эпоха неагенавага перыяду геал. гісторыі Зямлі. Вылучаны англ. геолагам Ч.Лаелем у 1833. Доўжыўся ад 5,3 да 1,77 млн. г. назад. Паводле міжнар. стратыграфічнай шкалы падзяляецца на 3 ярусы: занклій, п’ячэнца і гелазій. На Беларусі вылучаюць адклады ніжняга і верхняга пададдзелаў. Паводле новых даных адклады пліяцэну вылучаны ў калочынскі надгарызонт, які падзяляецца на холмецкі (адпавядае ніжняму і ніжняй ч. верхняга пліяцэну) і дварэцкі (верхняя ч. верхняга пліяцэну) гарызонты. Адклады П.а. (э.) магутнасцю да 25 м трапляюцца на невялікіх участках, пераважна на Пд ад лініі Смаргонь—Лагойск—Рэчыца. Прадстаўлены рачнымі і азёрнымі пяскамі, алеўрытамі, глінамі. Гліны прыдатныя для керамічнай вытворчасці.

Т.​В.​Якубоўская.

т. 12, с. 429