Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НЯВЫ́ЗНАЧАНЫЯ ЎРАЎНЕ́ННІ,

ураўненні ці сістэмы ўраўненняў, у якіх колькасць невядомых большая за колькасць ураўненняў. Як правіла, маюць бясконцую колькасць рашэнняў. У тэорыі лікаў адшукваюцца рашэнні Н.у., якія задавальняюць тыя ці інш. арыфм. ўмовы (звычайна шукаюць рашэнні Н.у. у цэлых ці рацыянальных ліках). Вывучаюцца ў тэорыі дыяфантавых ураўненняў.

т. 11, с. 405

НЯВЫ́ЗНАЧАНЫ ВЫ́РАЗ,

функцыя, ліміт якой нельга знайсці непасрэдным выкарыстаннем тэарэм аб лімітах.

Зводзіцца да дзелі, алг. сумы ці здабытку функцый, што сімвалічна пазначаюцца ​0/0, ​/, 0∙∞, ∞ = ∞, 0°, ∞°, 1​ і якія страчваюць сэнс пры фармальнай падстаноўцы лімітавага значэння аргумента. Знаходжанне ліміту Н.в. (калі ён існуе) наз. раскрыццём нявызначанасці і грунтуецца на замене дадзенай функцыі другой функцыяй, якая мае той жа ліміт, але не з’яўляецца Н.в. Для раскрыцця нявызначанасці карыстаюцца алг. пераўтварэннямі, заменай функцый іх вытворнымі (правіла Лапіталя), а таксама раскладаннем функцый у ступеневыя шэрагі. Напр., lim x 1 1 x 1 x2 = lim 1 x ( 1 x ) ( 1 + x ) = lim x 1 1 1 + x = 1 2 , lim x 0 sin x ex 1 = lim x 0 cos x ex = 1 , lim x 0 sin x x = lim x 0 x x3 / 3! + ... x = 1 .

т. 11, с. 405

НЯВЫ́ЗНАЧАНЫ ІНТЭГРА́Л,

агульны выраз першаіснай функцыі, вытворная ад якой роўная зададзенай падынтэгральнай функцыі 𝑓(x). Абазначаецца 𝑓(x)dx . Вылічваецца з дакладнасцю да адвольнай пастаяннай, напр., xndx = xn + 1 n + 1 + C , дзе C — адвольная пастаянная.

Вылічэнне Н.і. (інтэграванне) — аперацыя, адваротная дыферэнцаванню. Паводле абазначэння 𝑓(x)dx = F(x) + C . Усе першаісныя зададзенай функцыі адрозніваюцца толькі адвольнай пастаяннай і знаходзяцца ў выразе F(x) + C, таму што [F(x) + C]′ = F′(x) = f(x). Для функцыі, зададзенай на адрэзку, Н.і. звязаны з вызначаным інтэгралам ад гэтай функцыі Ньютана—Лейбніца формулай. Гл. таксама Інтэгральнае злічэнне.

т. 11, с. 405

НЯ́ГА ((Neaga) Штэфан) (Сцяпан Цімафеевіч; 7.12.1900, Кішынёў — 30.5.1951),

малдаўскі кампазітар, дырыжор, педагог; заснавальнік малд. сімфанізму. Засл. дз. маст. Малдовы (1943). Скончыў Акадэмію музыкі і драм. мастацтва ў Бухарэсце па класах фп. (1927) і кампазіцыі (1940). З 1947 дырыжор сімф. аркестра Малд. філармоніі. Выкладаў у Кішынёўскай (1940—50, з перапынкам) і Маскоўскай (1942—44) кансерваторыях. Аўтар музыкі (з Э.Лазаравым) дзярж. гімна Малд. ССР (1945). Сярод твораў: араторыя «Песня адраджэння» (1951), кантаты «Штэфан Вялікі» (1946), «Бесарабцы» (1947) і інш.; 2 сімфоніі (1922, 1926), паэмы «Сляпы музыкант» (1940), «Паэма пра Днестр» (1943), сюіта «Малдавія» (1942) для сімф. арк.; канцэрт для скрыпкі (1944), «Дойна» для габоя (1940) з арк.; «Малдаўская фантазія»; камерна-інстр. ансамблі, творы для фп., хары, рамансы і песні, апрацоўкі малд. нар. песень, музыка да драм. спектакляў і інш. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 11, с. 405

НЯГА́ШАНАЯ ВА́ПНА,

гл. ў арт. Кальцыю аксід.

т. 11, с. 405

НЯГНЕ́ВІЧЫ,

вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад г. Навагрудак, 182 км ад Гродна, 43 км ад чыг. ст. Наваельня. 1140 ж., 419 двароў (2000).

Упершыню згадваецца ў 1401. У 1428 сяло Навагрудскай зямлі, уласнасць вял. кн. ВКЛ Вітаўта, якое ён падараваў у пажыццёвае ўладанне сваёй жонцы Ульяне Гальшанскай. З сярэдзіны 15 ст. да пач. 19 ст. належалі Радзівілам. У 1706 у Паўн. вайну 1700—21 спалены шведамі. У 1757 дамоў хрысціянскіх 67, яўрэйскіх 29, карчма. З 1795 у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. У 1809 Н. купіў граф А.Храптовіч. З 1861 цэнтр воласці. У 1897 мястэчка, 575 ж., 90 двароў, 98 дамоў, нар. вучылішча, 2 царк.-прыходскія школы, 2 царквы, сінагога, яўр. малітоўны дом, хлебазапасны магазін, мяшчанская ўправа, 8 крам, сыраварня, карчма. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага пав., 406 ж., 53 жылыя будынкі. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Любчанскім раёне. У Вял. Айч. вайну 27.7.1942 ням.-фаш. захопнікі расстралялі 49 жыхароў вёскі. З 17.12.1956 у Навагрудскім р-не.

Агр. прадпрыемства імя А.Міцкевіча. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. 2 брацкія магілы рас. салдат, якія загінулі ў 1-ю сусв. вайну. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (1853).

М.Ф.Спірыдонаў.

т. 11, с. 405

НЯГРЭ́Й (Віктар Якаўлевіч) (н. 3.7.1948, в. Міхнавічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне транспарту. Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1990). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1971). З 1974 у Бел. ун-це транспарту (з 1997 прарэктар). Навук. працы па прагназаванні трансп. патокаў, узаемадзеянні і комплексным развіцці розных відаў транспарту, бяспецы трансп. сістэм. Пад кіраўніцтвам Н. выкананы даследаванні па ўдасканаленні схем сартавальных станцый і чыг. вузлоў Бел. чыгункі.

Тв.:

Прогнозирование пассажирских потоков. М., 1980 (разам з М.У.Праўдзіным);

Прогнозирование грузовых потоков. М., 1987 (разам з М.Л.Дыканюком, М.У.Праўдзіным).

т. 11, с. 405

НЯДА́ШАВА,

вёска ў Магілёўскім р-не. Цэнтр сельсавета. За 20 км на ПдУ ад Магілёва. 160 ж., 83 двары (2000). Сярэдняя школа, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 405

НЯДБА́ЙЛА (Анатоль Канстанцінавіч) (н. 28.1.1923, г. Ізюм Харкаўскай вобл., Украіна),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (крас., чэрв. 1945). Ген.-маёр авіяцыі (1970). Скончыў Варашылаўградскую ваенна-авіяц. школу пілотаў (1943), Ваенна-паветр. акадэмію (1951). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну з сак. 1943 на Паўд., 4-м Укр. і 3-м Бел. франтах пілот, камандзір звяна, эскадрыллі штурмавога авіяц. палка. Зрабіў 219 баявых вылетаў. Вызначыўся ў баях за вызваленне Крыма, Беларусі (у чэрв.ліп. 1944 наносіў паветр. ўдары па праціўніку каля Оршы, Талачына, у мінскім «катле»), Прыбалтыкі, Усх. Прусіі. Пасля вайны на выкладчыцкай рабоце ў ваенна-навучальных установах ВПС. Аўтар кнігі «У гвардзейскай сям’і» (1975).

А.К.Нядбайла.

т. 11, с. 405

НЯДЗВЕ́ДНА,

другая назва воз. Мядзведна.

т. 11, с. 405