НЯГНЕ́ВІЧЫ,
вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад г. Навагрудак, 182 км ад Гродна, 43 км ад чыг. ст. Наваельня. 1140 ж., 419 двароў (2000).
Упершыню згадваецца ў 1401. У 1428 сяло Навагрудскай зямлі, уласнасць вял. кн. ВКЛ Вітаўта, якое ён падараваў у пажыццёвае ўладанне сваёй жонцы Ульяне Гальшанскай. З сярэдзіны 15 ст. да пач. 19 ст. належалі Радзівілам. У 1706 у Паўн. вайну 1700—21 спалены шведамі. У 1757 дамоў хрысціянскіх 67, яўрэйскіх 29, карчма. З 1795 у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. У 1809 Н. купіў граф А.Храптовіч. З 1861 цэнтр воласці. У 1897 мястэчка, 575 ж., 90 двароў, 98 дамоў, нар. вучылішча, 2 царк.-прыходскія школы, 2 царквы, сінагога, яўр. малітоўны дом, хлебазапасны магазін, мяшчанская ўправа, 8 крам, сыраварня, карчма. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага пав., 406 ж., 53 жылыя будынкі. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Любчанскім раёне. У Вял. Айч. вайну 27.7.1942 ням.-фаш. захопнікі расстралялі 49 жыхароў вёскі. З 17.12.1956 у Навагрудскім р-не.
Агр. прадпрыемства імя А.Міцкевіча. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. 2 брацкія магілы рас. салдат, якія загінулі ў 1-ю сусв. вайну. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (1853).
М.Ф.Спірыдонаў.
т. 11, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)