Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НУКЛО́НЫ (ад лац. nucleus ядро),

агульная назва для пратонаў і нейтронаў, з якіх складаецца атамнае ядро. У адносінах да ядзерных сіл пратоны і нейтроны маюць падобныя ўласцівасці, таму іх можна разглядаць як 2 розныя «зарадавыя» станы адной і той жа часціцы — Н. Гл. таксама Ізатапічная інварыянтнасць.

т. 11, с. 387

НУ́КУАЛО́ФА (Nukualofa),

горад, сталіца каралеўства Тонга, на в-ве Тангатапу. Каля 40 тыс. ж. (1998). Гал. порт краіны. Міжнар. аэрапорт Харч. прам-сць, у т.л. перапрацоўка какосавых арэхаў, рыбы.

т. 11, с. 387

НУКУ́С,

горад, сталіца Каракалпакіі, ва Узбекістане. Размешчаны ў пачатку дэльты Амудар’і. Узнік у 1932 на месцы аула. 180 тыс. ж. (1991). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог, рачная прыстань, аэрапорт. Прам-сць: металаапр., буд. матэрыялаў, харч., лёгкая, хім. камбінат. Філіял АН Узбекістана. Ун-т, пед. ін-т. 2 тэатры, філармонія. Музеі: гіст.-краязн., мастацтваў імя І.В.Савіцкага.

т. 11, с. 387

НУЛІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. nullification знішчэнне),

пазбаўленне дакумента юрыд. сілы законнасці. Н. грошай — пазбаўленне дзяржавай папяровых грошай сілы законнага плацежнага сродку. Выкарыстоўваецца, калі падзенне пакупной цаны грошай з-за інфляцыі дасягае такой ступені, што вартасць, прадстаўленая папяровай грашовай адзінкай, зводзіцца амаль да нуля, або калі зняцце грошай, што страцілі сілу законнага плацежнага сродку, выклікана зменай паліт. улады. Часам фактычна супадае з дэвальвацыяй, калі абясцэненыя грошы абменьваюцца на новыя па вельмі нізкім курсе.

т. 11, с. 387

НУЛЬ (ад лац. nullus ніякі),

лік, які мае такую ўласцівасць, што любы іншы лік пры складанні з Н. не змяняецца. Абазначаецца сімвалам 0. Здабытак любога ліку на Н. роўны Н. Калі здабытак двух сапраўдных ці камплексных лікаў роўны Н., то абавязкова адзін з іх роўны Н. Дзяленне на Н. немагчыма. Н. функцыі — пункт, у якім функцыя роўная нулю; тое, што корань адпаведнага алг. ўраўнення. Графічна Н. функцыі адной пераменнай адпавядаюць пунктам перасячэння графіка зададзенай функцыі з воссю Ox ці інш. іх агульным пунктам.

т. 11, с. 387

НУЛЬ ФУ́НКЦЫІ,

пункт x0, у якім зададзеная функцыя 𝑓(x) ператвараецца ў нуль, г.зн. 𝑓(x0)=0. Напр., для функцыі 3x−2 пункт x0 = ​2/3 ёсць Н.ф. Некаторыя функцыі не маюць Н.ф., напр. e​x; у іншых, напр., у трыганаметрычных функцый, колькасць Н.ф. бясконцая. Н.ф.𝑓(x) — тое самае, што і карані адпаведнага ўраўнення 𝑓(x)=0.

т. 11, с. 387

НУЛЯВА́Я ПРЫЛА́ДА, нуль-індыкатар,

адчувальная вымяральная прылада, якая фіксуе адсутнасць эл. току або напружання ў вымяральным ланцугу. Выкарыстоўваецца пры нулявых метадах вымярэнняў (кампенсацыйных, маставых і інш.).

У ланцугах пастаяннага току як Н.п. выкарыстоўваюць магнітаэл. гальванометры, у ланцугах пераменнага току — вібрацыйныя гальванометры і электронныя нуль-індыкатары (спалучаюць электронны ўзмацняльнік з магнітаэл. вымяральнікам, электронна-прамянёвай прыладай і інш). Як Н.п. часам выкарыстоўваюць тэлефон, электра-, ферадынамічныя і інш. вымяральныя прылады.

т. 11, с. 387

НУЛЯВА́Я ЭНЕ́РГІЯ,

рознасць паміж энергіяй асн. стану квантавамех. сістэмы і энергіяй, што адпавядае мінімуму патэнцыяльнай энергіі. Напр., Н.э. асцылятара роўная ​/2, дзе hПланка пастаянная, ν — частата ваганняў асцылятара. Наяўнасць Н.э. вынікае з неазначальнасцей суадносін. Агульная ўласцівасць звязаных сістэм мікрачасціц, якія можна набліжана разглядаць як сістэмы асцылятараў: сістэма не можа перайсці ў стан з энергіяй, меншай за Н.э., без змен у сваёй структуры.

т. 11, с. 387

НУЛЯВЫ́ ГУК,

асаблівага роду ваганні, якія могуць распаўсюджвацца ў квантавых фермі-вадкасцях (напр., у вадкім геліі-3) пры т-рах, блізкіх да абсалютнага нуля. Абумоўлены адхіленнем ад раўнаважнага значэння функцыі размеркавання элементарных узбурэнняў (квазічасціц), якія існуюць у фермі-вадкасці. Скорасць распаўсюджвання Н.г. адрозніваецца ад скорасці звычайнага гуку. Прадказаны Л.Д.Ландау (1957), эксперыментальна выяўлены амер. фізікамі (1966). Н.г. можа існаваць таксама ў металах, электроны якіх утвараюць зараджаную фермі-вадкасць.

т. 11, с. 387

НУЛЯВЫ́ МЕРЫДЫЯ́Н,

тое, што Грынвіцкі мерыдыян.

т. 11, с. 387