Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НА́РАЎСКА-Я́СЕЛЬДЗІНСКАЯ РАЎНІ́НА.

На ПдЗ Гродзенскай і ПнЗ Брэсцкай абласцей, у вярхоўях рэк Нараў і Ясельда. Мяжуе з Ваўкавыскім узв. на Пн, Баранавіцкай раўнінай на У, Пружанскай раўнінай на Пд, заходзіць у межы Польшчы на 3. Выш. 155—185 м, пл. каля 1500 км², працягласць з 3 на У 70 км, з Пн на Пд 15—25 км. Раўніну перасякае Балтыйска-Чарнаморскі водападзел. Паводле В.А.Дзяменцьева, Н.-Я.р. знаходзіцца ў межах Заходне-Бел. правінцыі і вылучаецца як фізіка-геагр. падраён Прыбугскай раўніны; інш. даследчыкі адносяць яе да Палесся.

Н.-Я.р. ў асноўным прымеркавана да паўн. ч. Брэсцкай упадзіны (гл. Падляска-Брэсцкая ўпадзіна). Платформавы чахол складзены з тоўшчы вендскага комплексу верхняга пратэразою (сярэднія і кіслыя эфузівы і туфы), адкладаў ніжняга кембрыю (гліны, алеўрыты, пясчанікі), ардовіку (вапнякі), месцамі сілуру (гліны і мергелі), верхняй юры (гліны, пясок, вапнякі), мелу (пяскі, мел, мергель), а таксама пяскоў і глін палеагену і неагену. У антрапагенавай тоўшчы (магутнасць 80—90 м) вылучаны 4 ледавіковыя гарызонты (нараўскі, бярэзінскі, дняпроўскі, сожскі) марэнных суглінкаў, падзеленыя водна-ледавіковымі і міжледавіковымі адкладамі. У моцна расчлянёным рэльефе ложа антрапагену вылучаецца Нараўская лагчына ледавіковага выворвання і размыву, урэзаная да юрскіх парод.

Фарміраванне рэльефу адбывалася пад сумесным уздзеяннем ледавікоў ранняга і сярэдняга антрапагену, асн. рысы канчаткова аформлены ў час сожскага зледзянення. У пасляледавіковы час рэльеф значна пераўтвораны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Паверхня хвалістая, з участкамі асн. марэны выш. да 5 м, ускладнена дзюнамі (даўж. некалькі дзесяткаў метраў, выш. да 6 м), лагчынамі (глыб. 2—2,5 м) і западзінамі (дыяметрам 20—30 м). У поймах рэк трапляюцца берагавыя валы (выш. 1—2 м). Гал. рэкі: Нараў з прытокамі Нараўка і Рудаўка; Ясельда з Цемрай. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-глеевыя і тарфяна-балотныя. Пад лесам 40% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя, у паўн. ч. — яловыя лясы, трапляюцца шыракалістыя дубовыя, грабавыя, ясянёвыя лясы; невял. ўчасткі з дубровамі. Раўніна моцна забалочаная. Больш за 20 тыс. га асушана. На тэр. раўніны ч. нац. парку Белавежская пушча, гідралагічны заказнік Дзікае.

В.М.Фядзеня.

т. 11, с. 147

НАРАЎЧА́ТАЎ (Сяргей Сяргеевіч) (3.10.1919, г. Хвалынск Саратаўскай вобл., Расія — 22.7.1981),

рускі паэт. Герой Сац. Працы (1979). Скончыў Маскоўскі ін-т філасофіі, л-ры, гісторыі і Літ. ін-т імя М.Горкага (абодва 1941). Гал. рэдактар час. «Новый мир» (з 1974). Паэт. зб-кі «Касцёр» (1948), «Салдаты свабоды» (1952), «Патрабавальны падарожнік» (1963) пераважна на ваен. тэматыку. У кн. «Чвэрць стагоддзя», «Пёс, дзяўчо і паэт» (абедзве 1965), «Шыр» (1979) вершы, звернутыя да гісторыі і сучаснасці Айчыны, матывы пераемнасці пакаленняў, філас. роздум пра перажытае. Аўтар паэм «Праліў Екацярыны» (1956), «Васіль Буслаеў» (цалкам апубл. 1973), «Франтавая вясёлка» (1979), апавяданняў, літ.-крытычных кн. «Лірыка Лермантава. Нататкі паэта» (1964), «Паэзія ў руху» (1966), «Незвычайнае літаратуразнаўства» (1970), «Жывая рака» (1974), успамінаў «Мы ўваходзім у жыццё» (1978) і інш. Творчасць Н. адметная грамадзянскасцю, яснасцю і прастатой стылю. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў С.Гаўрусёў.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1977—78;

Избр. произв. Т. 1.—2. М., 1988.

Літ.:

Грудцова О.М. Сергей Наровчатов. М., 1971.

С.С.Нараўчатаў.

т. 11, с. 148

НА́РАЧ,

найбольшае возера на Беларусі, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Вілія, на Нарачана-Вілейскай нізіне, на выш. 165 м. Пл. 79,6 км², даўж. 12,8 км, найб. шыр. 9,8 км, найб. глыб. 24,8 м, даўж. берагавой лініі 41 км. Аб’ём вады 710 млн. м³. Пл. вадазбору 199 км². Уваходзіць у Нарачанскую групу азёр і нац. парк Нарачанскі. Катлавіна падпруднага тыпу, акруглай формы, асіметрычная. Сфарміравалася ў час утварэння Свянцянскіх град у перыяд паазерскага зледзянення. Схілы на Пн і ПнУ выш. 45—50 м, утвораны адгор’ямі Свянцянскіх град, сугліністыя і супясчаныя. На Пд да возера прымыкае больш спадзістая Паўд.-Нарачанская града. Берагі пераважна нізкія, акумулятыўныя, з пясчанымі пляжамі, пясчана-галечнымі валамі (выш. да 1 м) і камяністымі косамі, месцамі забалочаныя, тарфяныя. На Пн і ПнУ абразіўныя берагі са стромымі абрывамі і мысамі (выш. 2—11 м). Каля паўн.-ўсх. берага востраў (пл. 6,2 га) — помнік прыроды (рэдкія звяры і птушкі, гнездаванне вял. крахаля — ахоўны від). Дно возера адносна роўнае (сярэдні нахіл 1°), на У больш складанай будовы (нахіл 5—6°), з чаргаваннем узгорыстых, градава-ўзгорыстых і плоскіх участкаў, месцамі мяліны. Паверхня дна глыб. да 2 м займае 17% пл. возера, да 5 м — 36%, больш за 20 м — 1,8%. Прыбярэжная водмель пясчаная, часткова заіленая, каля стромкіх берагоў галька і валуны. Глыбакаводная ч. выслана крэменязёмістымі і карбанатнымі сапрапелямі, глініста-пясчанымі адкладамі. Паўвостраў Наносы (канчаецца касой) падзяляе Н. на паўн.-зах. Малы плёс (глыб. да 18 м) і паўд.-ўсх. Вялікі плёс (глыб. 24,8 м). Ваганні ўзроўню за год да 35 см, у асобныя гады да 70 см. Сярэдні ледастаў 127 сутак (снеж.—красавік). Таўшчыня лёду 50—60 см, макс. да 90 см. Макс. т-ра прыпаверхневага слоя вады 22 °C у канцы ліп.пач. жніўня. Зімовыя т-ры ў тоўшчы вады 2,5 °C. Вада насычана кіслародам, мінералізацыя да 250 мг/л, празрыстасць 7—9 м, колернасць 5—7°. Мезатрофнае. Упадаюць 17 ручаёў (Пронькі, Купа, Антонізберг, Сіманы і інш.) і пратока Скема з воз. Мястра, выцякае р. Нарач. Поўная змена вады адбываецца за 10 гадоў. Жыўленне: 62% ападкі, каля 29% паверхневае, каля 9% падземнае. Асн. ч. расходу вады (56%) — сцёк па р. Нарач. Іхтыяфауна рапушкава-сігавая, уключае 19 абарыгенных відаў. Прамысл. зарыбленне (еўрапейскі вугор, амурскі сазан, судак, сіг, пелядзь, сярэбраны карась і інш.). Гняздоўі птушак (лебедзь-шыпун, малая крачка, скапа, малая паганка) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. З 1946 вядуцца гідраметэаралагічныя назіранні і маніторынгавыя даследаванні (Гідрабіялагічная станцыя БДУ). На берагах курорт Нарач, біял. заказнікі Некасецкі і Пасынкі, на паўд.-ўсх. беразе гідралагічны заказнік Чарэмшыца, помнік прыроды — геал. агаленне Студзянец. У сувязі з інтэнсіўным антрапагенным уздзеяннем пагаршаецца экалагічны стан Н.: памяншаецца празрыстасць вады, павялічылася колькасць фітапланктону, інтэнсіўна развіваюцца сіне-зялёныя водарасці, павялічваецца колькасць фасфатных злучэнняў у вадзе, развіваецца ачаг шыстаматознага цэркарыёзу.

З.І.Гарэлышава, Ю.М.Емяльянаў.

Возера Нарач.

т. 11, с. 148

НА́РАЧ, Нарачанка,

рака ў Вілейскім і Мядзельскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Вілія. Даўж. 75 км². Пл. вадазбору 1650 км². Пачынаецца на Пд з воз. Нарач, цячэ ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, у ніжнім — трапецападобная, шыр. 1—1,5 км. Пойма двухбаковая, часткова аблесеная, у верхнім і сярэднім цячэнні забалочаная (шыр. 300—600 м), ніжэй перарывістая, вузкая, адкрытая. Рэчышча звілістае, шыр. 8—16 м, ад в. Слабада на працягу 5 км каналізаванае. Замярзае ў пач. снежня, крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 11,9 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм.

т. 11, с. 148

НА́РАЧ,

вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., каля р. Нарач, на аўтадарозе Вілейка—Смаргонь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПнЗ ад горада і 19 км ад чыг. ст. Вілейка, 120 км ад Мінска. 808 ж., 268 двароў (1999). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква (19 ст.).

т. 11, с. 148

НА́РАЧ,

вёска ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на р. Малінаўка, за 4 км ад воз. Нарач. Да 1964 наз. Кабыльнік. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнЗ ад г. Мядзель, 160 км ад Мінска, 29 км ад чыг. ст. Паставы. 2,7 тыс. ж., 800 двароў (1999).

Вядома з 15 ст. пад назвай Кабыльнік (Кабыльнікі) у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. ВКЛ. З 1527 уладанне А.М.Гаштольда, Збаражскіх, Абрамовічаў, М.Аскеркі, Свентаржыцкага і інш. У 1641—122 х, 19 дамоў. З 1793 у Рас. імперыі, у Завілейскім (Свянцянскім) пав. Віленскай губ. З 1847 мястэчка, 25 двароў, уваходзіла ў 2 маёнткі: Свентаржыцкага — 43 ж., вадзяны млын, вінакурня — і Шышкаў — 105 × 3 1885 цэнтр воласці, 483 ж., 17 двароў, царква, касцёл (1463), багадзельня, сінагога, 4 крамы, карчма, штогод 5 кірмашоў, з 1892 нар. вучылішча. У 1897 у мястэчку 1054 ж. У 1-ю сусв. вайну з сак. 1916 тут размяшчаўся штаб герм. ўзмоцненага корпуса. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Пастаўскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Мядзельскага р-на. У Вял. Айч. вайну ў кастр. 1942 партызаны разграмілі ў вёсцы варожы гарнізон. У 1960—1116 х, 28.8.1964 перайменавана ў Н.

Масласырзавод, з-д безалкагольных напіткаў, каап. камбінат. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, 2 аптэкі, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — царква (2-я пал. 19 ст.), Нарачанскі Андрэеўскі касцёл, званіца, плябанія (пач. 20 ст.).

В.М.Князева.

т. 11, с. 148

НА́РАЧ,

курортны пасёлак у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на беразе воз. Нарач. За 18 км ад Мядзела, 31 км ад чыг. ст. Паставы, на аўтадарозе Мінск—Паставы. 3,4 тыс. ж. (2000).

Утвораны 26.9.1964 з вёсак Баравыя, Купа, Малая Сырмеж, Наносы, Садоўшчына, Сцепянёва, Урлікі. Бальнеагразевы і кліматычны курорт, адзін з буйнейшых курортаў Беларусі. Лячэбныя фактары: мясц. мінер. сульфатна-хларыдныя натрыевыя воды, сапрапелевыя і тарфяныя гразі, умерана-кантынентальны клімат, хваёвыя лясы і інш. эфектыўныя для хворых, у т. л. дзяцей, з парушэннямі функцый сардэчна-сасудзістай, нерв., страўнікава-кішачнай сістэм і інш. Працуюць санаторыі «Нарач», «Беларусь», «Будаўнік», «Прыазёрны», дамы адпачынку «Нарач» і «Звязда», тургасцініца «Нарач», турыстычна-экскурсійны комплекс. У Н. рыбакамбінат. Прафесійна-каап. вучылішча. сярэдняя школа, школа-інтэрнат, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі, аптэка, Дом быту, гандл. цэнтр.

т. 11, с. 149

НАРАЧА́НА-ВІЛЕ́ЙСКАЯ НІЗІ́НА,

фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я на ПнУ Гродзенскай, Пн і ПнЗ Мінскай абласцей, у басейне верхняга і сярэдняга цячэння р. Вілія. Мяжуе са Свянцянскімі градамі на Пн, Верхнебярэзінскай нізінай на У, Мінскім і Ашмянскім узвышшамі на ПдУ і Пд, Нярыска-Жэймянскай нізінай (Літва) на 3. Выш. 155—190 м, найб. 232 м (Канапанцінаўская града), пл. 7,4 тыс. км², працягласць з 3 на У 115—145 км, з Пн на Пд 35—75 км.

Н.-В.н. прымеркавана да паўд.-зах. ч. Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы і Прыбалтыйскай монакліналі. Крышт. фундамент перакрыты асадкавай тоўшчай верхняга пратэразою (венд), ніжняга і сярэдняга кембрыю, ардовіку, сілуру, сярэдняга дэвону, месцамі ніжняга і верхняга мелу і антрапагену на ўсёй тэрыторыі. У антрапагенавай тоўшчы (магутнасць 80—100, зрэдку 120 м) вылучаны адклады бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў.

У паўн. ч. нізіны вылучаны канцовамарэнныя грады паазерскага зледзянення: Свірская, Канстанцінаўская, Паўн,і Паўд.-Нарачанскія, якія ўтвараюць сістэму ўзгоркаў і ўвалаў даўж. 0,5—3 км, з адноснымі выш. 10—20 м. Грады складзены з супясчана-сугліністай марэны і пясчана-галечнага матэрыялу. Да ўскраін Свірскай і Паўн.-Нарачанскай град прымеркаваны озы і камы. На У нізіны канцова-марэнныя ўтварэнні сожскага зледзянення — Куранецкая і Касцяневіцкая грады. Схілы іх згладжаны і парэзаны лагчынамі. Большасць тэр. Н.-В.н. займае водна-ледавіковая раўніна, сфарміраваная расталымі водамі паазерскага ледавіка. Паверхня яе пераважна спадзіста-хвалістая, адносныя перавышэнні 3—4 м. Характэрны замкнутыя забалочаныя ўчасткі з рэліктавымі азёрамі, азёрныя катлавіны, дзюны. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, сапрапель, торф, мінер, воды. Гал. рэкі: Вілія з прытокамі Ашмянка, Уша, Ілія, Дзвінаса, Сэрвач, Нарач з Вузлянкай, Страча; Струна. Шмат азёр, з іх найбольшыя: Нарач, Мястра, Баторына, Свір, Вішнеўскае, Сарачанскія. У межах Н.-В.н. пачынаецца Вілейска-Мінская водная сістэма, у складзе якой Вілейскае вадасховішча. Сярэднія т-ры студз. -7,5 °C, ліп. 16,8 °C; ападкаў — 602 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, дзярнова-перагнойна-глеевыя. Пад лесам 36% тэрыторыі, пераважаюць хваёвыя, трапляюцца шыракаліста-яловыя лясы. Пад ворывам да 35% тэрыторыі. У межах Н.-В.н. нац. парк Нарачанскі, заказнікі: ландшафтны Блакітныя Азёры, гідралагічны Чарэмшыца, біял. Дубатоўскае, Некасецкі, Пасынкі, Рудакова. Вакол воз. Нарач курортная і водаахоўная зоны.

Я.А.Ільін.

Нарачана-Вілейская нізіна.

т. 11, с. 149

НАРАЧА́НКА,

адна з назваў ракі Нарач.

Да арт. Курортны пасёлак Нарач. Дом адпачынку «Нарач».

т. 11, с. 149

НАРАЧА́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1916,

наступальная аперацыя рас. войск 5, 1, 2 і 10-й армій 18—28 сак. ў раёне воз. Нарач у 1-ю сусв. вайну. На канферэнцыі дзяржаў Антанты ў Шантыйі (14.2.1916, Францыя) было дасягнута пагадненне пачаць наступленне супраць Германіі на Зах. фронце 1 ліп., а на Усх. (рас.) фронце — 15 чэрвеня. Аднак з-за цяжкага становішча франц. армій пад Вердэнам (гл. Вердэнская аперацыя 1916) рас. камандаванне па просьбе саюзнікаў вырашыла пачаць наступленне датэрмінова. Аперацыя праводзілася левым флангам Паўн. і правым флангам Зах. франтоў у раёне Дзвінск — воз. Нарач. Гал. ўдар наносіла 2-я рас. армія з мэтай прарваць фронт 2 групамі: 3 карпусы наступалі на Пн ад чыгункі Паставы—Свянцяны і 3 карпусы паміж азёрамі Нарач і Вішнеўскае. Часці 5-й арміі дзейнічалі ў раёне Дзвінска, 14-ы корпус 1-й арміі — у раёне Відзаў. 10-я армія вяла баі ў напрамку Крэва—Ашмяны. Войскі дзейнічалі ў час веснавога бездарожжа, разрознена, без агульнага ўзаемадзеяння. З-за недахопу цяжкай артылерыі і снарадаў да яе не было забяспечана падаўленне абароны праціўніка. У канцы сакавіка наступленне спынена з-за немагчымасці перамяшчэння войск у неспрыяльных умовах надвор’я. У выніку Н.а. рас. войскі атрымалі толькі мясц. поспех і панеслі вял. страты (толькі 2-я армія страціла каля 78,5 тыс. забітымі і параненымі). Аднак аперацыя аказала значную дапамогу саюзнікам, адцягнуўшы на сябе вял. частку войск праціўніка: 22—28 сак. наступленне немцаў на Вердэн аслабла, а потым спынілася.

М.І.Камінскі.

т. 11, с. 149