Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАБЛІ́ЖАНАЯ ФО́РМУЛА,

матэматычная формула для замены складанай функцыі больш простай. Мае выгляд 𝑓(x) ≈ 𝑓*(x); атрымліваецца з формулы 𝑓(x) = 𝑓*(x) + E(x), дзе E(x) разглядаецца як хібнасць і пасля ацэньвання адкідваецца.

Для атрымання канкрэтнай Н.ф. карыстаюцца раскладаннем зыходнай функцыі (напр., у Тэйлара шэраг) і абмяжоўваюцца некалькімі яго членамі, найменшых квадратаў метадам, метадам ітэрацый і інш. Колькасць членаў шэрагу ці ступень ітэрацыі вызначаецца зададзенай дакладнасцю вылічэнняў. Некаторыя Н.ф. і іх хібнасці гл. ў табл.

Табліца. Некаторыя набліжаныя формулы
Формула Хібнасць формулы не перавышае δ, калі |х| не перавышае
δ = 0,1% δ = 1% δ = 10%
sin xx 0,077 = 4°,4 0,245 = 14°,0 0,786 = 45°,0
sin xxx3/6 0,580 = 33°,2 1,005 = 57°,6 1,632 = 93°,5
cos x ≈ 1 0,045 = 2°,6 0,141 = 8°,1 0,451 - 25°,8
cos x ≈ 1−x2/2 0,386 = 22°,1 0,662 = 37°,9 1,036 = 59°,3
1±x 1± x/2 0,85 0,247 0,607
ex ≈ 1 + x 0,045 0,134 0,375

т. 11, с. 88

НАБЛІЖЭ́ННЕ І ІНТЭРПАЛЯ́ЦЫЯ ФУ́НКЦЫЙ,

замена адных функцый другімі, больш простымі ці больш зручнымі для вылічэнняў, дастаткова блізкімі да зыходных. Іх практычныя дастасаванні спрыялі ўзнікненню і развіццю тэорыі набліжаных функцый.

Функцыі з зададзенай сям’і, якімі замяняюць зыходныя функцыі, наз. набліжальнымі, а іх сям’я — сям’ёй набліжальных функцый. Найб. пашырана інтэрпаляцыя функцый, калі знаходзіцца набліжальная функцыя, што супадае з зыходнай у пэўных пунктах (гл. Інтэрпаляцыя і экстрапаляцыя). Задачы Н. і і.ф. рашаюцца ў некалькі этапаў: выбіраюцца сродкі набліжэння (напр., алг. ці трыганаметрычныя паліномы, сплайны, рацыянальныя дробы); выбіраюцца спосабы ацэньвання адхілення набліжальнай функцыі ад зыходнай; метады набліжэння (напр., інтэрпаляцыя, ітэрацыя, частковыя сумы шэрагаў); будуецца набліжальная функцыя і ацэньваецца яе хібнасць.

На Беларусі даследаванні па гэтых праблемах вядуцца ў Ін-це матэматыкі Нац. АН, БДУ, Гомельскім ун-це, БПА і інш.

Л.А.Яновіч.

т. 11, с. 89

НАБО́ЙКА,

тое, што набіванка.

т. 11, с. 89

НАБО́КАЎ (Уладзімір Уладзіміравіч) (24.4.1899, С.-Пецярбург — 2.7.1977),

рускі і амерыканскі пісьменнік, перакладчык, літ.-знавец. З 1919 у эміграцыі: у Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, ЗША (з 1940, з 1945 грамадзянін ЗША), Швейцарыі (з 1960). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1922). Да 1940 пісаў пад псеўд. Сірын. З 1940 пісаў і на англ. мове, з 1960-х г. толькі на англ. мове. Першы зб. — «Вершы» (1916). Расія, рускія — пастаянны фон і тэма ўсёй яго творчасці. Светаадчуванне рус. эмігранта ў раманах «Машачка» (1926), «Подзвіг» (1931—32), аўтабіягр. кн. «Іншыя берагі» (1951) і інш. Раманы «Абарона Лужына» (1929—30), «Запрашэнне на пакаранне смерцю» (1935—36; антыутопія), «Дар» (1937), «Пнін» (1957) пра трагічную калізію духоўна адоранага адзіночкі з прымітыўнай мяшчанскай цывілізацыяй, светам пошласці. У рамане «Лаліта» (1955, экранізаваны ў 1962, 1998) — спалучэнне эротыкі і сац.-крытычнага апісання нораваў Амерыкі. На аўтабіягр. аснове стварыў паэмы «Дзяцінства» (нап. 1918), «Крым» (1921), «Пецярбург» (1923), «Універсітэцкая паэма» (1927). Аўтар раманаў «Камера абскура» (1932—33), «Адчай» (1934), «Паглядзі на арлекінаў!» (1974), зб. апавяданняў «Вясна ў Фіяльтэ» і іншыя апавяданні» (1956), паэт. драм «Смерць», «Дзядуля», «Полюс» (усе нап. 1922), зб-каў вершаў «Гронка» (1923), «Вершы 1929—1951 гг.» (1952), лекцый і эсэ пра рус. л-ру, у т.л. «Мікалай Гогаль» (1944), шахматных задач і інш. Стылістычна вытанчаным яго творам уласцівы і рэалістычныя, і мадэрнісцкія элементы (лінгвастылістычная гульня, парадзіраванне, містыфікацыя і інш.). Выдаў мемуары «Памяць, гавары» (1966). Зрабіў празаічны пераклад на англ. мову «Яўгена Анегіна» А.Пушкіна (т. 1—3, 1964), пераклаў «Слова аб палку Ігаравым» і інш. П’еса «Лаліта» Э.Олбі паводле Н. пастаўлена Гродзенскім абл. драм. т-рам (1990) і Брэсцкім т-рам драмы і музыкі (1991). На бел. мову асобныя яго творы пераклала Г.Багданава.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1990;

Собр. соч. американского периода: В 5 т. Т. 1—4. СПб., 1997;

Тяжелый дым: Избр. проза. М., 1996;

Лекции по русской литературе: Чехов, Достоевский, Гоголь, Горький, Толстой, Тургенев. М., 1996;

Лекции по зарубежной литературе. М., 1998.

Літ.:

Шаховская З. В поисках Набокова;

Отражения. М., 1991;

Гурболикова О.А. Тайна Владимира Набокова. Процесс осмысления: Библиогр. очерки. М., 1995;

Носик Б.М. Мир и дар Набокова: Первая рус. биогр. писателя. М.; СПб., 1995;

Мулярчик А.С. Русская проза Владимира Набокова. М., 1997.

А.В.Спрынчан.

У.У.Набокаў.

т. 11, с. 89

НАБО́Р,

1) сукупнасць прадметаў аднолькавага прызначэння, якія ўтвараюць нейла цэлае, камплект, напр., Н. інструментаў, Н. фарбаў.

2) Аздабленні з металічных прадметаў на вупражы, рэмені і г.д. 3) Масавае найманне на працу ці прыём у навуч. ўстановы.

4) Рэкруцкі Н. — у дарэформеннай Расіі прызыў на вайсковую службу асоб з падатковых саслоўяў.

т. 11, с. 89

НАБО́Р у паліграфіі,

працэс вырабу тэкставай часткі друкарскай формы або фотаформы. Бывае аўтаматызаваны, механізаваны, ручны; радковаадліўны, літараадліўны, фатаграфічны, электронны (пераважна камп’ютэрны Н. з выкарыстаннем настольных выдавецкіх сістэм; гл. Наборныя працэсы). Н. наз. таксама друкарскія літары і прагальныя матэрыялы, гранкі, палосы або тэкставую наборную друкарскую форму.

т. 11, с. 89

НАБО́Р корпуса судна,

злучаныя адна з адной бэлькі, якія падмацоўваюць знешнія і ўнутр, ліставыя канструкцыі корпуса судна і ўтвараюць яго каркас. Забяспечваюць жорсткасць і ўстойлівасць вонкавай абшыўкі, палуб, пераборак, трываласць корпуса.

т. 11, с. 89

НАБО́РНАЯ МАШЫ́НА,

паліграфічная машына для вырабу тэкставых друкарскіх форм. Дазваляе механізаваць і аўтаматызаваць асн. аперацыі наборных працэсаў.

Падзяляюцца на машыны метал. набору (радковаадліўныя лінатыпы і літараадліўныя манатыпы, якія даюць набор у выглядзе гранак ці звярстаных палос — старонак выдання), наборна-друкавальныя машыны (падобныя на пішучыя машынкі, але са шрыфтамі рознай шырыні), фотанаборныя машыны (з іх дапамогай атрымліваюць фатаграфічны відарыс тэксту н. плёнцы ў выглядзе гранак ці звярстаных палос) і машыны электроннага набору (настольныя выдавецкія сістэмы з персанальнымі ЭВМ, адпаведнымі праграмамі да іх і перыферыйнымі прыладамі — прынтэрамі, сканерамі і інш.). Падрыхтоўка праграм кіравання наборнымі апаратамі ажыццяўляецца на наборна-праграмавальных апаратах. Гл. таксама Камп’ютэрныя сістэмы выдавецкія.

Наборныя машыны: а — наборны літараадліўны аўтамат (манатып); б — схема фотасекцыі наборна-фатаграфавальнай сістэмы з шрыфтаносьбітам (аўтамат тыпу «Лінатрон»): А — сканіруючая частка (1 — сканіруючая электронна-прамянёвая трубка-ЭПТ; 2 — аптычная сістэма; 3 — шрыфтаносьбіт з фоталітарамі, 4 — кандэнсарная сістэма, 5 — фотапамнажальнікі); Б — фатаграфавальная частка (6 — узнаўляльная ЭПТ, 7 — аптычная сістэма, 8 — люстэрка, 9 — аб’ектыў, 10 — фотаматэрыял, 11 — растравая лінейка, 12 — фотадатчык).

т. 11, с. 90

НАБО́РНА-ДРУКАВА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

машына, на якой паслядоўна набіраюцца і друкуюцца літара за літарай (літарадрукавальная машына) або радок за радком (радковадрукавальная машына) тэкставыя арыгіналы і фотаформы. Даюць высокую якасць узнаўлення шрыфту, выкарыстоўваюцца ў аператыўнай паліграфіі (для хуткага і простага размнажэння тэкставага арыгінала) і ў звычайных відах друку.

У Н.-Д.М. выкарыстоўваюць шрыфтавыя знакі друкарскага тыпу з рэльефным вочкам. У залежнасці ад спосабу набору і друкавання адрозніваюць індывідуальныя шрыфтаносьбіты, на якіх ёсць вочка аднаго ці некалькіх знакаў, і групавыя шрыфтаносьбіты, дзе размешчаны ўсе знакі аднаго камплекта шрыфту. Знакі размяшчаюцца на шрыфтавых калодках (рычагах), па акружнасці дыска, цыліндра, сферычнай паверхні шрыфтаносьбіта і інш. У адрозненне ад пішучых машынак у шрыфце Н.-Д.М. ёсць літары рознай шырыні (па сваім абрысе ён набліжаецца да друкарскага). Друкарскія формы вырабляюцца на спец. формных матэрыялах (фользе, васкоўках, паперах, плёнках і інш.).

Схемы наборна-друкавальных машын: 1 — аднашрыфтавой рычажнага тыпу; 2—3 хутказменнымі шрыфтаносьбітамі сферычнага тыпу; 3 — з хутказменнымі групавымі шрыфтаносьбітамі сегментнага тыпу; 4 — з шрыфтаносьбітамі пялёсткавага тыпу.

т. 11, с. 89

НАБО́РНА-ПРАГРАМАВА́ЛЬНЫ АПАРА́Т у паліграфіі,

апарат для падрыхтоўкі праграм кіравання наборнымі аўтаматамі. Мае клавіятуры з асартыментам знакавых і камандных клавіш, якія дазваляюць набіраць (праграмаваць) тэксты розных груп складанасці, у т.л. формулы, табліцы і да т.п. Запіс робіцца на перфастужцы, магн. стужцы, інш. носьбітах інфармацыі.

т. 11, с. 89