Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МЯДЗВЕ́ДЗІЧЫ,

вёска ў Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Ляхавічы—Ганцавічы. За 18 км на Пд ад Ляхавіч, 5 км ад чыг. ст. Райтанаў. 254 ж., 131 двор (1999). Б-ка, аптэка, магазін Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўскі касцёл (1908), мемар. капліца (1848).

Упамінаецца ў крыніцах з 15 ст. Да 1483 вядома як сяло Нядзведзічы, што належала віленскаму біскупу. У 1558 мястэчка Нядзведзічы, цэнтр воласці ў Навагрудскім пав., 31 двор. З 1793 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. ў Слуцкім пав. Мінскай губ. У 1886 мястэчка М. — цэнтр воласці: 350 ж., 29 двароў, школа, касцёл, капліца, яўр. малітоўны дом, вадзяны млын, крама. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр воласці Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Ляхавіцкага р-на. З 16.7.1954 у Мініцкім с/с (з 4.6.1979 Ганчароўскі с/с). Цяпер у складзе племсаўгаса «Ганчароўскі».

т. 11, с. 65

«МЯДЗВЕ́ДЗЬ»,

гульня-паказ і маска-персанаж у стараж. бел. нар. калядным абрадзе. Звязаны з традыцыяй земляробчых святкаванняў зімовага сонцавароту. Мяркуюць, што бярэ пачатак з часоў язычніцтва. Найб. пашыраны на Палессі, дзе захаваўся і ў наш час.

Здольнага да імітацыі хлопца прыбіралі ў 2 чорныя вывернутыя поўсцю наверх кажухі (рукавы аднаго надзявалі на ногі, другога па крыссі сшывалі ці падвязвалі вяроўкай), на галаву надзявалі шапку з аўчыны, твар вымазвалі сажай ці закрывалі маскай. Часам выканаўцу ролі «М.» спавівалі сухімі сцяблінкамі гароху. Гульня пераважна паўтарала паказы скамарохаў-мядзведнікаў (гл. «Мядзведжыя пацехі», сцэна з вучоным «М.» уваходзіла ў рэпертуар батлейкі). Паводле загадаў павадыра «М.» скакаў, імітаваў паводзіны чалавека ў розных жыццёвых абставінах. Разам з «М.» вадзілі «жураўля» ці «казу», часам у паказах удзельнічаў музы́ка з бубнам.

М.А.Каладзінскі.

т. 11, с. 66

МЯДЗВЕ́ДЗЬ (Аляксандр Васілевіч) (н. 16.9.1937, г. Белая Царква Кіеўскай вобл., Украіна),

бел. спартсмен і трэнер (вольная барацьба). Засл. майстар спорту СССР (1963), засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1969), засл. трэнер Беларусі (1976), засл. трэнер СССР (1980). Праф. (1976). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1965). З 1972 трэнер зборнай каманды СССР, з 1980 гал. трэнер зборных каманд Беларусі па вольнай барацьбе. З 1981 прэзідэнт нац. федэрацыі вольнай і грэка-рымскай барацьбы, з 1992 — федэрацыі барацьбы Беларусі. З 1991 віцэ-прэзідэнт Нац. алімп. к-та Беларусі. Выступаў у паўцяжкай і цяжкай вазе. Чэмпіён XVIII, XIX і XX Алімп. гульняў (1964, Токіо; 1968, Мехіка; 1972, г. Мюнхен, Германія). Чэмпіён свету (1962, 1966, г. Таліда, ЗША; 1963, 1971, Сафія; 1967, Дэлі; 1969, г. Мар-дэль-Плата, Аргенціна; 1970, г. Эдмантан, Канада). Чэмпіён Еўропы (1966, г. Карлсруэ, Германія; 1968, г. Скоп’е, Македонія; 1972, г. Катавіцы, Польшча). Чэмпіён СССР (з 1961 па 1963 і з 1966 па 1970). З 1970 на Беларусі праводзіцца традыц. міжнар. турнір па вольнай барацьбе на прызы М. (катэгорыя «Гран-пры»). Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

А.В.Мядзведзь.

т. 11, с. 66

МЯДЗВЕ́ДЗЬ (Піліп Дзям’янавіч) (1890, в. Масева Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 27.11.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. Вучыўся ў Баршаўскім тэхн. вучылішчы. З 1905 працаваў у Варшаве, Маскве, вучыўся на камандзірскіх курсах у Лефортаве, служыў ваен. камісарам аднаго з раёнаў г. Масквы. З 1918 у органах дзяржбяспекі: чл. Кантрольнай калегіі ВЧК, нач. асобага аддзела ВЧК на Зах. фронце і інш. У 1924—25 старшыня Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення БССР і адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па Зах. краі. Удзельнік аперацыі па арышце ў Мінску Б.В.Савінкава. З 1926 паўнамоцны прадстаўнік АДПУ па Далёкаўсх. краі, АДПУ СССР у Ленінградскай ваен. акрузе і Ленінградскай вобл. З 1934 нач. упраўлення НКУС СССР па Ленінградскай вобл. У снеж. 1934 арыштаваны і зняволены на 3 гады «за злачынна-халатныя адносіны да службовых абавязкаў», якія прывялі да гібелі С.М.Кірава. 27.11.1937 паўторна асуджаны і пакараны смерцю. Рэабілітаваны ў 1957.

т. 11, с. 66

МЯДЗВЕ́ДЗЬ-ГАРА́,

адна з назваў гары Аюдаг на Паўд. беразе Крыма.

т. 11, с. 66

МЯДЗВЕ́ДЗЬ ПЯЧО́РНЫ (Ursus spelaeus),

вымерлая млекакормячая жывёла сям. мядзведзяў атр. драпежных. Жыў у сярэднім і познім плейстацэне (300—10 тыс. гадоў назад). Першыя знаходкі рэшткаў выяўлены ў пячорах (адсюль назва). 2 падвіды: вялікі і малы. М.п. вялікі быў пашыраны ў Еўропе, на Каўказе, Урале, Зах. Сібіры, Паўн. Афрыцы; М.п. малы — у горных масівах Еўропы, паўн. Казахстане, на Алтаі. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі М.п. вялікага знойдзены каля г. Смаргонь і ў Гродзенскім р-не (урочышчы Мелавыя Горы, Румлаўка). Рэшткі маюць стратыграфічнае значэнне.

Вонкавым выглядам падобны на сучасных амер. мядзведзяў грызлі, але большых памераў. Галава вельмі вялікая адносна памераў цела, чэрап з уздутай лобнай часткай. Пераважна расліннаедны Аб’ект палявання чалавека каменнага веку, пра што сведчаць наскальныя малюнкі ў пячорах Зах. Еўропы і Расіі.

П.Ф.Каліноўскі.

Мядзведзь пячорны.

т. 11, с. 66

МЯДЗВЕ́ДКІ (Gryllotalpidae),

сямейства насякомых надсям. цвыркуновых атр. прамакрылых. Каля 50 відаў. Пашыраны ўсюды. Шкоднікі палявых, агароднінных, пладовых культур і лясных парод. На Беларусі ў вільготных мясцінах (каля вадаёмаў, у садах, агародах і інш.) трапляецца М. звычайная (Gryllotalpa gryllotalpa).

Цела даўж. 25—60 мм, цёмнае, густа ўкрытае дробнымі валаскамі. Пярэдняспінка вялікая. Пярэднія ногі капальныя, з моцна развітымі сцёгнамі і галёнкамі. Надкрылы кароткія. Крылы шырокія, доўгія, складзеныя ў выглядзе жгутоў. Жывуць у верхніх слаях глебы. Кормяцца падземнымі ч. раслін, насеннем, насякомымі, іх лічынкамі, чарвямі. На паверхню выходзяць ноччу. Добра плаваюць. Поўны цыкл развіцця 1—3 гады. Зімуюць лічынкі і дарослыя формы.

Да арт. Мядзведкі: 1 — мядзведка звычайная; 2 — пашкоджанні карэньчыкаў сеянцаў хвоі; 3 — гняздо з яйцамі.

т. 11, с. 66

МЯДЗВЕ́ДНА, Нядзведна,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Абабіца, за 20 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,44 км², даўж. каля 1,6 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 9,9 м, даўж. берагавой лініі каля 4,1 км. Пл. вадазбору 3,18 км². Схілы катлавіны выш. 8—10 м, параслі лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, у залівах нізкія, тарфяністыя. Зона мелкаводдзя вузкая. Дно да глыб. 1,5—2 м пясчанае, ніжэй выслана апясчаненымі адкладамі і сапрапелем. Зарастае. Выцякае ручай у воз. Цуброк.

т. 11, с. 66

МЯДЗВЕ́ДСКІ Рыгор Мікітавіч, бел. іканапісец 18 ст., майстар насценнай размалёўкі. З сялян в. Папова Гара Магілёўскай губ. (цяпер г.п. Красная Гара Бранскай вобл., Расія). Размалёўваў цэрквы, пісаў абразы для іканастаса царквы ў в. Папова Гара («Спас Уседзяржыцель» і інш.). У 1783 стварыў іканастас Ільінскай царквы ў в. Журавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. (знішчаны ў 1841).

т. 11, с. 66

МЯДЗВЕ́ДСКІ (Яўген Нікандравіч) (н. 25.12.1918, г. Віцебск),

бел. вучоны ў галіне отарыналарынгалогіі. Канд. мед. н. (1966). Засл. ўрач Беларусі (1968). Засл. работнік вышэйшай школы (1978). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1941), у 1954—90 працаваў у ім (у 1965—79 рэктар). Навук. працы па абязбольванні пры аперацыях на верхніх дыхальных шляхах і вуху, эпідэміялогіі злаякасных новаўтварэнняў, прафілактыцы ангін, хранічнага танзіліту і інш.

Тв.:

Научно-исследовательская работа студентов. Мн., 1989 (у сааўт.).

т. 11, с. 67