Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МСЦІСЛА́ЎСКАЯ ЦАРКВА́ АЛЯКСА́НДРА НЕ́ЎСКАГА,

помнік архітэктуры эклектыкі ў г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Пабудавана ў 1870 з цэглы на месцы мураванага храма (згарэў у 1858). Крыжова-купальны храм мае 3 закругленыя рознавял. апсіды, якія асвятляюцца высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Над сяродкрыжжам — шлемападобны купал на 8-гранным светлавым барабане. Такі ж па форме, але меншых памераў купал на высокай 2-яруснай званіцы, размешчанай над бабінцам. Тарцы трансепта завершаны трохвугольнымі шчытамі.

Парталы і аконныя праёмы акаймаваны дэкар. валікам. Пад карнізам па перыметры будынка праходзіць аркатурны пояс. Перад царквой брама ў выглядзе паўцыркульнай аркі, над якой узвышаецца невял. назіральная вежа. Абапал яе размешчаны невысокія галоўкі. Вароты ажурныя, чыгуннае ліццё.

А.Ю.Пятросава.

Мсціслаўская царква Аляксацдра Неўскага.

т. 10, с. 539

МСЦІСЛА́ЎСКІЯ, Лугвенавічы,

княжацкі род у ВКЛ, адгалінаванне Альгердавічаў. Паходзяць ад сына Альгерда Лугвена, які атрымаў Мсціслаўскае княства. З яго нашчадкаў: Юрый (1395?—1458?),

сын Лугвена. Князь мсціслаўскі. Уваходзіў у раду вял. князёў Вітаўта і Свідрыгайлы. З 1432 некалькі разоў быў запрошаны служылым князем у Ноўгарад. Удзельнічаў у феад. войнах у ВКЛ, у выніку паражэнняў неаднаразова пазбаўляўся Мсціслаўскага княства. Яраслаў Фёдар (1411—1.9.1435), сын Лугвена. Загінуў у бітве пад Вількамірам, дзе змагаўся на баку Свідрыгайлы супраць Жыгімонта Кейстутавіча. Іван (? — да 1489), сын Юрыя. Валодаў Мсціславам, Цяцерынам, Княжыцамі, Паповай Гарой, Дрокавам і інш., магчыма, Магілёвам. Яго дачка Ульяна выйшла замуж за кн. М.І.Заслаўскага (гл. ў арт. Заслаўскія), якому адышла частка Мсціслаўскага княства і які разам з нашчадкамі пачаў наз. князем М. Яго сын Фёдар у 1526 з’ехаў у Маскву, дзе род М. згас у 1622.

В.Л.Насевіч.

т. 10, с. 542

МСЦІСЛА́ЎСКІ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1988 у г. Мсціслаў Магілёўскай вобл., адкрыты ў 1995. Пл. экспазіцыі 210 м², каля 10 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). У археал. экспазіцыі знаходкі з раскопак мсціслаўскага замчышча, пасада і навакольнага горада: каменныя і крамянёвыя сякеры, касцяное шыла 2—1-га тыс. да н.э., бронзавы энкалпіён 13 ст., зброя і прадметы ўзбраення 12—17 ст., прылады працы з майстэрні касцярэза 14—16 ст., жал. прылады працы, ключы, спражкі 14—18 ст., калекцыі керамікі, шкла, кафлі 16—19 ст. Сярод экспанатаў макет замка Мсціслава 14—18 ст., схема радаводу князёў Мсціслаўскіх, карта Мсціслаўскага ваяводства, скарб сярэбраных манет ВКЛ пач. 16 ст., стараж. царк. начынне і кнігі 16—17 ст., абразы, ткацкі станок 19 ст., прылады працы 19—20 ст., нар. адзенне, саматканыя вырабы, ручнікі, посцілкі і інш.

У.Л.Гасянкоў.

т. 10, с. 539

МСЦІСЛА́ЎСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,

установа ордэна езуітаў у Мсціславе: у 1690—1711 місія (першая спроба заснаваць місію была зроблена, паводле некат. звестак, у 1616 мсціслаўскім старостам П.Пацам па загадзе караля Жыгімонта III), у 1711—79 рэзідэнцыя, у 1779—1820 калегіум. У 1691 пры місіі адкрыта ніжэйшая школа. Пасля пераўтварэння школы ў калегіум яго праграма набыла характар сярэдняй навуч. установы, выкладаліся таксама франц., ням. і рус. мовы. У 1725 пры калегіуме адкрыта муз. бурса, у 1740 — аптэка, меліся канвікт (пансіён) і б-ка. Першыя драўляныя будынкі не захаваліся. У 1730—48 пабудаваны мураваны касцёл Міхаіла Архангела — 3-нефавая мураваная базіліка з трансептам і 2-вежавым гал. фасадам. Цэнтр. неф завершаны масіўнай паўкруглай алтарнай апсідай. 2-ярусныя крылы трансепта ўрэзаны ў высокія бакавыя нефы. Гал. фасад падзелены на 2 ярусы вузкім карнізам і завершаны развітым антаблементам са ступеньчатым атыкам у цэнтры і чацверыковымі вежамі па баках (верхнія ярусы не зберагліся); (у касцёле знаходзіўся абраз Маці Божай, які лічыўся цудатворным). У 1764—79 пабудаваны (у 1796 рэканструяваны) 2-павярховы прамавугольны ў плане навуч. корпус, які прылягаў да касцёла з Пд з боку апсіды. У 1820 калегіум закрыты. Будынкі захаваліся. Цяпер тут школа-інтэрнат для глухіх дзяцей.

А.А.Ярашэвіч.

Будынак Мсціслаўскага езуіцкага калегіума.

т. 10, с. 540

МСЦІСЛА́ЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—18 ст. у г. Мсціслаў. Размяшчаўся на пляцоўцы гарадзішча Замкавая гара 12—13 ст., на высокім правым беразе р. Віхра. Замак абкружалі шырокія (60—100 м) і глыбокія (больш за 25 м) яры і кальцавы вал, вышынёй з усх. і паўд. бакоў 6—7 м, шыр. ў аснове 15—18 м. На вяршыні стаялі зрубныя абарончыя канструкцыі — гародні, шмат’ярусная вежа і ўязная брама. Перыметр замкавых умацаванняў перавышаў 800 м. Высокі мост на па́лях злучаў замак з горадам. У цэнтры М.з. ўзвышалася пабудаваная ў 15—16 ст. васьмівугольная вежа-данжон, у ніжнім ярусе якой размяшчаўся храм. М.з. лічыўся важнейшым стратэгічным замкам Пасожжа на мяжы ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, таму перажыў шмат аблог і войнаў. У 1389 на працягу 11 дзён яго асаджала войска смаленскага кн. Святаслава Іванавіча. У перыяд міжусобнай вайны (1432—39) паміж вял. князем ВКЛ Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам М.з. адзіны на Беларусі, які не паддаўся войску апошняга і вытрымаў трохтыднёвую аблогу. У 1500, 1502, 1508 (двойчы) і 1514 быў абложаны рус. войскамі. Пасля надання г. Мсціславу ў 1634 магдэбургскага права замак яшчэ больш умацавалі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у ліп. 1654 рас. войскі акружылі Мсціслаў і замак. У выніку 4 штурмаў 22 ліп. замак быў узяты і спалены, а большасць абаронцаў загінула. Стратэг. важнасць М.з. спрыяла хуткаму яго аднаўленню. У 1660 паводле загаду цара М.з. зноў спалены, а 46 яго абаронцаў сасланы ў Яраслаўль. У 1676 сейм Рэчы Паспалітай прыняў рашэнне аднавіць замак. У час Паўн. вайны 1700—21 М.з. узарваны ў жн. 1708 адступаючым войскам Пятра I. Адноўлены, існаваў да 1772 (год далучэння Мсціслава да Рас. імперыі).

М.А.Ткачоў.

Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў. Агульны выгляд касцёла.

т. 10, с. 540

МСЦІСЛА́ЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры барока ў г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Закладзены ў 1617 (паводле інш. звестак у 1637 ці 1638). Рэканструяваны ў 1746—50 арх. І.К.Глаўбіцам (перайначаны форма даху, дэкор гал. фасада і інтэр’ера, завяршэнні 3-ярусных вежаў) і часткова ў 1887. Касцёл — мураваная 3-нефавая 6-стаўповая базіліка з 2-вежавым фасадам і 5-граннай алтарнай апсідай, да якой з Пд прылягае кляштар — 2-павярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак, накрыты вальмавым дахам (у інтэр’еры захавалася размалёўка 19 ст.). Кляштар скасаваны ў 1832. Сцены касцёла атынкаваны, аздоблены пілястрамі. У інтэр’еры багатае аздабленне лепкай і фрэскамі (сярэдзіна 18 ст.). Захавалася каля 20 кампазіцый, у т.л. партрэт фундатара, сюжэты на гіст. тэматыку, панарама камяніц тагачаснага Мсціслава. Каля касцёла цагляная брама ў выглядзе рознавял. паўцыркульных арак. Па баках брамы ўзвышаюцца невял. пінаклі.

С.А.Друшчыц, В.В.Церашчатава.

т. 10, с. 540

МСЦІСЛА́ЎСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1773—1924. Цэнтр — г. Мсціслаў. Утвораны 2.8.1773 у складзе Мсціслаўскай правінцыі, з 2.4.1777 — у Магілёўскай губ. 12.12.1796 уключаны ў Беларускую губ. З 27.2.1802 зноў у Магілёўскай губ. з аднаўленнем папярэдніх межаў. Пл. каля 2,5 тыс. км2. Нас. на 1883 было 63 тыс. чал. 2.2.1919 М.п. разам з Магілёўскай губ. уключаны ў РСФСР (з 26.4.1919 у складзе Смаленскай губ.). 3.3.1924 М.п. у паменшаных межах вернуты БССР, 20.6.1924 скасаваны.

В.Л.Насевіч.

т. 10, с. 540

МСЦІСЛА́ЎСКІ ПУСТЫ́НСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў каля г. Мсціслава Магілёўскай вобл. на беразе р. Аслянка (правы прыток Сажа). Паводле царк. падання, засн. каля 1380 мсціслаўскім кн. Лугвенам. Паводле царк. гісторыка М.І.Пятрова манастыр вядомы з 1500. У пач. 17 ст. стаў уніяцкім, у 2-й пал. 17 ст. пэўны час быў не заселены. Да 19 ст. будынкі былі драўляныя, у 1801—08 мітрапаліт Іраклій Лісоўскі пабудаваў мураваны храм Успення Багародзіцы базілікальнага тыпу (у 1869 перабудаваны ў крыжападобны ў плане). З 1839 манастыр зноў праваслаўны. У 1864 пабудавана царква Раства Багародзіцы, у 1865 — Пакроўская царква, у канцы 19 ст. — шмат’ярусная званіца. У 1918 манастыр закрыты. Частка будынкаў захавалася ў руінах.

А.А.Ярашэвіч.

Званіца Мсціслаўскага Пустынскага Успенскага манастыра.

т. 10, с. 540

МСЦІСЛА́ЎСКІ РАЁН Размешчаны на ПнУ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,3 тыс. км2. Нас. 32,8 тыс. чал. (1998), гарадскога 38%. Сярэдняя шчыльн. 25 чал. на 1 км2. Цэнтр — г. Мсціслаў. Уключае 162 сельскія населеныя пункты, 13 сельсаветаў: Доўгавіцкі, Забалацкі, Капачоўскі, Лютненскі, Мазалаўскі, Мушынскі, Падсолтаўскі, Раздзельскі, Ракшынскі, Сапрынавіцкі, Сялецкі, Ходасаўскі, Чырванагорскі.

Тэр. раёна ў межах Горацка-Мсціслаўскай узвышанай раўніны Паверхня пласкахвалістая, 79% яе на выш. 180—220 м. Найвыш. пункт 239 м (за 6 км на 3 ад в. Раздзел). Агульны нахіл з Пн на Пд. Пашыраны яры і суфазійныя западзіны. Карысныя выкапні: торф, сапрапель, фасфарыты, мел, цагельныя гліны і суглінкі, цэментныя суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -8,1 °C, ліп. 18°C. Ападкаў 602 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Асн. р. Сож з прытокамі Віхра (з Чорнай), Малатоўка, Чорная Натапа (з Белай Натапай), Волчас. У зах. ч. раёна цячэ р. Кашанка (прыток Проні), у паўн. ч. — Рамясцвянка (прыток Быстрай). Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (70,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (15%). Пад лесам 15,8% тэр. раёна, пераважна на 3 і Пд. Лясы яловыя, хваёвыя, бярозавыя, асінавыя, дубовыя, альховыя і інш. Агульная пл. балот 7,3 тыс. га. Найб. балотны масіў Чорная Натапа. Ахоўваемыя тарфянікі Шырына і Падрэчча, Закружжа. Помнікі прыроды мясц. значэння: крыніцы Бялкова і Кагальная Студня.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 94,7 тыс. га, з іх асушаных 9,6 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 19 калгасаў, 5 саўгасаў, 2 фермерскія гаспадаркі. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, лёну, бульбы. Прадпрыемствы льняной (ільновалакно), харч. (масла, сыр, хлеб), камбікормавай і буд. матэрыялаў (цэгла, асфальт) прам-сці; буд. прадпрыемствы. Па тэр. раёна праходзяць: чыгунка Орша—Крычаў; аўтадарогі на Магілёў, Горкі, Крычаў, Чавусы, Хіславічы (Расія); нафтаправод Унеча—Полацк. У раёне 19 сярэдніх, 4 базавыя, 4 пачатковыя, музычная раённая і 3 яе філіялы, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, дапаможная школа-інтэрнат, Дом дзіцячай творчасці, вышэйшае прафес. вучылішча буд. профілю, сярэдняе ПТВ сельскай гаспадаркі, 19 дашкольных устаноў, 26 клубаў, 57 б-к, 5 бальніц, паліклініка, урачэбная амбулаторыя, 20 фельч.-ак. пунктаў, санэпідэмстанцыя. Музеі: гісторыка-археалагічны (г. Мсціслаў), літаратурна-этнаграфічны (на радзіме пісьменніка М.І.Гарэцкага, в. Багацькаўка). Арх. помнікі: царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Басценавічы, царква (пач. 19 ст.) у в. Мазалава, Успенскі манастыр (засн. ў 1380; у пач. 17 ст. і ў канцы 18—19 ст. перабудаваны) за 2 км на Пд ад в. Пустынкі, царква Ільі Прарока (1-я пал. 19 ст.) у в. Слаўнае, царква (2-я пал. 18 ст.) у в. Сялец. Выдаецца газ. «Святло Кастрычніка».

У.Л.Гасянкоў, Г.С.Смалякоў.

т. 10, с. 541

МСЦІСЛА́ЎСКІ ТУПІЧЭ́ЎСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у сярэдзіне 17 — пач. 20 ст. на ўсх. ускраіне г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Засн. як мужчынскі (з 1886 жаночы). Складаўся з Святадухаўскай, Увядзенскай, Успенскай, Мікалаеўскай цэркваў, жылых і гасп. пабудоў. Абнесены спачатку драўлянай, з канца 19 ст. мураванай агароджай. Манастырскія жылыя і гасп. пабудовы былі пераважна драўляныя. Захаваліся фрагменты мураванай агароджы, брамы, капліц 19 ст. У выніку археал. даследаванняў выяўлены культ. пласт 16—18 ст. Святадухаўская царква (пабудавана ў 1641) — крыжова-купальны храм (25 × 25 м) на каменным падмурку; абнесены паўзакрытай абходнай галерэяй на слупах. Вальмавыя дахі канцоў крыжа і купал на светлавым барабане над сяродкрыжжам завяршаліся галоўкамі. Напачатку царква была накрыта гонтавым дахам, з канца 19 ст. — бляхай. Інтэр’ер аздоблены размалёўкай па дрэве на біблейскія і евангельскія сюжэты (73 кампазіцыі). Тыповыя для Беларусі краявіды, элементы арх. антуражу, выявы жывёл сведчаць, што ў аздабленні царквы ўдзельнічалі майстры, якія творча перапрацоўвалі традыцыі нар. выяўл. мастацтва Магілёўшчыны 17—18 ст. У некат. кампазіцыях прыкметны рысы стылю барока. Іканастасы аздоблены дэкар. разьбой і пазалотай. Увядзенская царква (пабудавана ў 1771) — драўлянае на каменным падмурку, прамавугольнае ў плане (каля 12 × 7 м) купальнае збудаванне. У канцы 19 ст. царкву падоўжылі да 22 м, абклалі цэглай і накрылі бляхай. Інтэр'ер упрыгожаны арнаментам і размалёўкай на рэліг. сюжэты. Мікалаеўская царква (існавала да 1839) — збудаванне (9 × 8 м) на 2-м ярусе надбрамнай званіцы. Успенская царква (пабудавана ў 1891—95 у псеўдарус. стылі) — мураваны крыжова-купальны храм са званіцай над бабінцам, завершаны купалам на светлавым барабане. У інтэр’еры знаходзіліся 4-ярусны з пазалотай і 3-ярусны іканастасы. Комплекс амаль цалкам спалены ў Вял. Айч. вайну, канчаткова зруйнаваны ў 1950 — пач. 1960-х г. У 1980-я г. на тэр. М.Т.м. праводзіў раскопкі А.А.Трусаў.

А.А.Трусаў, Л.Л.Чарняўская, Ю.А.Якімовіч.

Успенская царква Мсціслаўскага Тупічэўскага манастыра. Фота пач. 20 ст.

т. 10, с. 541