МСЦІСЛА́ЎСКІЯ, Лугвенавічы,

княжацкі род у ВКЛ, адгалінаванне Альгердавічаў. Паходзяць ад сына Альгерда Лугвена, які атрымаў Мсціслаўскае княства. З яго нашчадкаў: Юрый (1395?—1458?),

сын Лугвена. Князь мсціслаўскі. Уваходзіў у раду вял. князёў Вітаўта і Свідрыгайлы. З 1432 некалькі разоў быў запрошаны служылым князем у Ноўгарад. Удзельнічаў у феад. войнах у ВКЛ, у выніку паражэнняў неаднаразова пазбаўляўся Мсціслаўскага княства. Яраслаў Фёдар (1411—1.9.1435), сын Лугвена. Загінуў у бітве пад Вількамірам, дзе змагаўся на баку Свідрыгайлы супраць Жыгімонта Кейстутавіча. Іван (? — да 1489), сын Юрыя. Валодаў Мсціславам, Цяцерынам, Княжыцамі, Паповай Гарой, Дрокавам і інш., магчыма, Магілёвам. Яго дачка Ульяна выйшла замуж за кн. М.І.Заслаўскага (гл. ў арт. Заслаўскія), якому адышла частка Мсціслаўскага княства і які разам з нашчадкамі пачаў наз. князем М. Яго сын Фёдар у 1526 з’ехаў у Маскву, дзе род М. згас у 1622.

В.Л.Насевіч.

т. 10, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)