Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КІГА́ЛІ (Kigali),

горад, сталіца Руанды. Адм. ц. прэфектуры Кігалі. Засн. ў 1908. 234,5 тыс. ж. (1993). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гандл. цэнтр (буйн. раг. жывёла, скурасыравіна, кава). Прадпрыемствы харчасмакавай (перапрацоўка кавы, чаю, з-ды піваварны і безалкагольных напіткаў), гарбарна-абутковай і тэкст. прам-сці; мэблевая, запалкавая ф-кі, з-д метызаў і металаканструкцый, аўтарамонтныя майстэрні. Рамесніцкая апрацоўка скур, выраб абутку, керамікі, адзення, прадметаў хатняга ўжытку.

т. 8, с. 247

КІГН (Уладзімір Людвігавіч) (літ. псеўд. Дзедлаў; 27.1.1856, г. Тамбоў, Расія — 16.6.1908),

рускі пісьменнік. Сын Л.І.Паўлоўскай. З 1860 амаль увесь час жыў на Беларусі ў вёсках Дзедлава і Фёдараўка (Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882). Аўтар апавяданняў, рэцэнзій і нарысаў, якія друкаваў у газ. «Неделя», час. «Русское богатство», «Наблюдатель», «Вестник Европы» і інш. Падарожнічаў па Італіі, Егіпце, Сірыі, Турцыі, Расіі, уражанні склалі зб-кі «Прыгоды і ўражанні ў Італіі і Егіпце. Нататкі пра Турцыю», «Здалёк. Лісты з дарогі» (абодва 1887), «Вакол Расіі. Партрэты і пейзажы» (1895). У 1892—1904 перапісваўся і сустракаўся з А.​Чэхавым. У аповесці «Сашачка» (1892) канфлікт народнікаў-васьмідзесятнікаў з народнікамі-шасцідзесятнікамі. Аўтар зб-каў «Мы. Эцюды» (1889; аўтабіягр.), «Лірычныя апавяданні» (1902), «Проста апавяданні» (1904), кн. «Кіеўскі Уладзімірскі сабор і яго мастацкія творцы» (1901), «Школьныя ўспаміны» (1902). У цыклах нарысаў «Аблава (Беларускія сілуэты)» (1878), «Перасяленцы і новыя мясціны» (1894), «Панарама Сібіры» (1900) з любоўю і павагай пісаў пра Беларусь, сялян-беларусаў. Памёр у Рагачове.

т. 8, с. 247

КІДА́ЛЬНАЯ ЗБРО́Я,

зброя далёкага бою, прызначаная для паражэння праціўніка на адлегласці, недасягальнай для ўступлення з ім у рукапашны бой. Складаецца са снарада і механізма для кідання або толькі са снарада. У эпоху позняга палеаліту з’явіўся першы ўзор спецыялізаванай К.з. — лук. У антычнасці распаўсюдзілася кідальная артылерыя ў выглядзе машын рознай канструкцыі, якія кідалі снарады значнай вагі (гл. Кідальныя машыны). У той час узнік арбалет — механізаваны лук, прымацаваны да ложа-прыклада. Па-ранейшаму выкарыстоўваліся прашча і лук. На Беларусі выкарыстоўваліся практычна ўсе віды К.з., вядомыя ў старажытнасці. З пашырэннем агнястрэльнай зброі К.з. траціць актуальнасць.

Літ.:

Бехайм В. Энциклопедия оружия: Пер. с нем. СПб., 1995;

Медведев А.Ф. Ручное метательное оружие (лук и стрелы, самострел) VIII—XIV вв. М., 1966.

Ю.​М.​Бохан.

Кідальная зброя і кідальныя машыны: 1 — кап’ё; 2 — бумеранг; 3, 6, 7 — прашча; 4, 5 — лук; 8 — арбалет (самастрэл); 9 — аркбаліста; 10 — баліста; 11 — катапульта.

т. 8, с. 247

КІДА́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ,

баявыя машыны для кідання цяжкіх снарадаў (стрэл, камянёў, бярвён, ядраў, запальных сумесей і інш.) з мэтай паражэння жывой сілы праціўніка і разбурэння яго абарончых збудаванняў.

Падзяляліся на машыны насцільнага (балісты і брыколі — станкі з верт. стойкай для кідання стралы) і навяснога (катапульты, франдыбалы) дзеяння. Былі вядомы яшчэ ў дзяржавах Стараж. Усходу, Грэцыі і Рыма (франдыбалы з 5 ст. ў Візантыі, брыколі пашырыліся ў 13—14 ст.). У Стараж. Русі К.м. выкарыстоўваліся з 10 ст. (наз. станковымі самастрэламі, паро́камі, пускачамі) і існавалі да 15 ст. (выцеснены агнястрэльнай зброяй). Гл. таксама іл. да арт. Артылерыя.

Кідальная зброя і кідальныя машыны: 1 — кап’ё; 2 — бумеранг; 3, 6, 7 — прашча; 4, 5 — лук; 8 — арбалет (самастрэл); 9 — аркбаліста; 10 — баліста; 11 — катапульта.
Кідальныя машыны: 1 — брыколь; 2 — анагр.

т. 8, с. 247

КІДА́НІ, кітаі,

саюз манголамоўных плямён, якія ў сярэднія вякі качавалі на тэр. Манголіі і Маньчжурыі. Вядомы з 4 ст. Аснова гаспадаркі — качавая жывёлагадоўля, рэлігія — шаманізм. У 907 К. ўзначаліў Елюй Абаоцзы, які заснаваў імперыю Ляо (916—1125). У 926 К. заваявалі дзяржаву Бахай, пазней пакарылі Паўн. Кітай і дзяржаву чжурчжэняў. Развіваліся горадабудаўніцтва, рамёствы, навука, л-ра, вынайдзены пісьменнасць і кнігадрукаванне (ксілаграфія). У пач. 12 ст. імперыя Ляо разгромлена чжурчжэнямі і ў 1125 спыніла існаванне. Частка К. на чале з Елюй Дашы ў 1124 адкачавала ва ўсх. Туркестан і Сярэднюю Азію, дзе стварыла Каракітаяў дзяржаву.

Літ.:

Е Лун-ли. История государства киданей: Пер. с кит. М., 1979;

Пиков Г.Г. Западные кидани. Новосибирск, 1989.

т. 8, с. 248

КІДА́ННІ ЛЁГКААТЛЕТЫ́ЧНЫЯ,

спартыўныя практыкаванні ў кіданні на далёкасць спарт. снарадаў (кап’ё, дыск, молат, мяч, граната), у штурханні ядра. Спаборніцтвы па кіданні дыска і кап’я ўваходзілі ў праграму стараж.-грэч. Алімп. гульняў (з 708 да н.э.). К.л. ўключаны ў праграму сучасных Алімп. гульняў (кіданне дыска і штурханне ядра — з 1896, кіданне молата — з 1900, кап’я — з 1906), чэмпіянатаў свету, Еўропы па лёгкай атлетыцы і інш. буйнейшых спаборніцтваў. На Беларусі спаборніцтвы па Кл. праводзяцца з 1913 (г. Гомель, кіданні дыска і кап’я). Першы чэмпіянат рэспублікі па лёгкай атлетыцы, у т. л. па Кл., адбыўся ў 1924 (Мінск).

Бел. спартсмены неаднаразова дасягалі перамог: у кіданні дыска — Г.​Калнаотчанка (уладальнік Кубка свету, 1985, чэмпіён СССР, 1983, 1985), Э.​Зверава (чэмпіёнка свету, 1995); у кіданні кап’я — М.​Грэбнеў (уладальнік Кубка Еўропы, 1977, чэмпіён СССР, 1977), Н.​Каленчукова (дзявочае Ермаловіч; чэмпіёнка СССР, 1984—85, 1987), Н.​Шыкаленка (сярэбраны прызёр XXV Алімп. гульняў, 1992, г. Барселона, Іспанія, чэмпіёнка свету, 1995); у кіданні молата — І.​Астапковіч (сярэбраны прызёр XXV Алімп. гульняў, чэмпіён Еўропы, 1990), А.​Балтоўскі (чэмпіён СССР, 1962), Р.​Клім (чэмпіён XVIII Алімп. гульняў, 1964, Токіо, сярэбраны прызёр XIX Алімп. гульняў, 1968, Мехіка, чэмпіён Еўропы, 1963, 1965—66, шматразовы чэмпіён СССР); М.​Крываносаў (сярэбраны прызёр XVI Алімп. гульняў, 1956, г. Мельбурн, Аўстралія; чэмпіён Еўропы, 1954; чэмпіён СССР, 1952, 1954—55, 1957—58); В.​Рудзянкоў (чэмпіён XVII Алімп. гульняў, 1960, Рым, чэмпіён СССР, 1959—61); у штурханні ядра — С.​Каснаўскас (рэкардсмен СССР, 1984).

т. 8, с. 248

КІ́ЕВА-ПЯЧЭ́РСКАЯ ЛА́ЎРА,

мужчынскі правасл. манастыр у Кіеве. Засн. ў 1051 пры князю Яраславе Мудрым манахамі Антоніем і Феадосіем у пячэрах (адсюль назва) на правым беразе Дняпра. У 11 ст. адзін з гал. цэнтраў распаўсюджання хрысціянства на Русі, стараж. кніжнасці (вялося летапісанне, складзены зб. жыціяў манахаў «Кіева Пячэрскі пацярык»), стараж.-рус. і ўкр. іканапісу. У 1096 манастыр моцна пацярпеў ад набегу полаўцаў, у 1240 разбураны войскамі хана Батыя, у 1482 разрабаваны і спалены крымскім ханам Менглі-Гірэем. У 16—17 ст. адзін з цэнтраў антыкаталіцкага і антыуніяцкага руху на Украіне. З 1598 манастыр меў статус лаўры, пры якой у пач. 17 ст. адкрыта друкарня (у 2-й пал. 17 ст. надрукавана больш за 120 назваў кніг), у 1631 заснавана школа (гл. Кіеўская акадэмія). Да часу секулярызацыі (1786) К.-П.л. належалі 3 гарады, 7 мястэчак, каля 200 вёсак і хутароў (больш за 70 тыс. прыгонных), 2 папяровыя ф-кі, 11 цагельняў, 6 шклозаводаў і інш. У 1917 у лаўры было 300 манахаў, 6700 дзесяцін зямлі. З 1926 музей-запаведнік, у 1929 зачынены манастыр (часова дзейнічаў у 1942—61). У 1988 адчынены Свята-Успенскі Кіева-Пячэрскі манастыр, у 1989 — духоўная семінарыя. У 1187—1870 у Феадосіевай пячоры лаўры знаходзіліся мошчы Ефрасінні Полацкай.

Арх. комплекс Верхняй лаўры і ансамбля Блізкіх і Далёкіх пячор склаўся ў 11—19 ст. Найб. стараж. пабудовы: гал. храм — Успенскі сабор (1073—78, рэстаўрыраваны ў 1723—29, зруйнаваны ў 1941), Троіцкая надбрамная царква (1106—08, перабудавана ў 1722—29) з размалёўкамі ўкр. майстроў і разным іканастасам. У стылі ўкр. барока пабудаваны каменныя абарончыя сцены (1690—1702), царква Усіх святых (1696—98) над Эканамічнай брамай, царква Спаса на Бераставе (1113—25, зруйнавана, адноўлена ў 1-й пал. 17 ст.) са званіцай (1813—14, арх. А.​І.​Мяленскі, класіцызм), Коўніраўскі корпус (1744—72, арх. С.​Дз.​Коўнір), цэрквы Узвіжання (1700) на Блізкіх і Раства Багародзіцы (1696) са званіцай (1754—61) на Далёкіх пячорах. Гал. вертыкаль лаўры, што звязвала ўсе тры ансамблі ў адзіную прасторавую кампазіцыю — Вял. лаўрская званіца (1731—45, арх. Ф.​Васільеў, будаваў Г.​І.​Шэдэль, выш. 96,5 м). З 1926 гіст.-культ. музей-запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Киево-Печерская лавра, заповедник-музей: Краткий путеводитель. 4 изд. Киев, 1975.

Кіева-Пячэрская лаўра.
Троіцкая надбрамная царква ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Вялікая званіца Кіева-Пячэрскай лаўры.

т. 8, с. 248

«КІ́ЕВА-ПЯЧЭ́РСКІ ПАЦЯРЫ́К»,

помнік арыгінальнай стараж.-рус. л-ры; зборнік дыдактычных апавяданняў пра жыццё манахаў і гісторыю Кіева-Пячэрскага манастыра. Першапачатковая рэдакцыя складзена ў 1220—30-я г. Захавалася некалькі спісаў пач. 15—17 ст., упершыню надрук. ў Кіеве (1661).

Аснову складаюць пасланні ўладзімірскага і суздальскага епіскапа Сімона і кіева-пячэрскага манаха Палікарпа, у канцы далучаны 9 і 11 навел пра манахаў-падзвіжнікаў. Відавочна, у сярэдзіне 13 ст. ў «К.-П.п.» уключаны «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Пахвала» Сімона, «Слова» пра будаўніцтва пячэрскай царквы, выпіскі з «Аповесці мінулых гадоў» пра ўзнікненне манастыра. Дапоўнены новымі творамі ў старэйшай з вядомых Арсеньеўскай рэдакцыі 1406, таксама Феадосіеўскай сярэдзіны 15 ст., Касіянаўскай 1462, выкарыстаны Пячэрскі летапіс пач. 12 ст. і інш. У пацерыку ўслаўляюцца стараж.-рус. будаўнікі, мастакі і царк. дзеячы манастыра, сцвярджаецца яго вял. значэнне як агульнага культ.-рэліг. цэнтра Кіеўскай Русі. Асн. крыніца твораў — мясц. легенды і паданні. Некат. сюжэты, вобразы, матывы ўзыходзяць да візант. пацерыкоў і Бібліі, аднак вызначаюцца маст. арыгінальнасцю У творах арганічна спалучаюцца ўрачысты стыль жыцій са строгім выкладам летапісных апавяданняў, казачная фантастыка з гістарычна сапраўдным; жыва і рэалістычна апісаны побыт і норавы манахаў, прыведзены каштоўныя гіст. факты і звесткі.

Публ.:

Памятники литературы Древней Руси, XII в. М., 1980.

Літ.:

История русской литературы. Т. 1. М., 1980.

т. 8, с. 249

КІЕ́НЯ (Аляксандр Іванавіч) (н. 29.4.1938, в. Малінаўка Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны-фізіёлаг. Д-р біял. н. (1987), праф. (1988). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1968). З 1979 заг. кафедры Гомельскага ун-та, 1992 заг. кафедры Гомельскага мед. ін-та. Навук. працы па імуналогіі, вывучэнні ролі гіпафізарпа-тырэоідных гармонаў у нейрагумаральным рэгуляванні функцый стрававальнай сістэмы, асаблівасцях морфафункцыянальнага стану дзяцей, што пацярпелі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Тв.:

Основы иммунологии. Мн., 1991;

Здоровый человек: Основные показатели. Мн., 1997 (разам з Ю.​І.​Бандажэўскім);

Физическое развитие и функциональная характеристика детей, проживающих на территории, загрязненной радионуклидами (у сааўт.) // Структурно-функциональные эффекты инкорпорированных в организм радионуклидов. Гомель, 1997.

т. 8, с. 249

КІ́ЕЎ,

горад, сталіца Украіны, цэнтр Кіеўскай вобл., на р. Дняпро. 2638,7 тыс. ж. (1995). Буйны вузел чыг., аўтамаб. і паветр. шляхоў зносін. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт у г. Барыспаль (прыгарад К.). Цэнтр машынабудавання (станкабудаванне, трансп. машынабудаванне, дакладнае прыладабудаванне, электратэхніка і радыёэлектроніка). Прамысловасць: лёгкая (шаўковая, трыкат., швейная, абутковая), паліграф., хім., харчасмакавая; вытв-сць буд. матэрыялаў. Метрапалітэн (з 1960).

Пасяленні на тэр. К. існавалі са старажытнасці. З канца 5 ст. цэнтр племя палян. Паводле летапіснага падання, засн. ў канцы 6 — пач. 7 ст. палянскімі князямі Кіем, Шчэкам, Харывам. У летапісах упершыню згадваецца пад 860 у сувязі з паходам Русі на Візантыю. Пасля ўтварэння ў канцы 9 ст. Кіеўскай Русі стаў яе паліт. цэнтрам, тут развіваліся рамёствы, пісьменнасць, архітэктура, жывапіс; кантактаваў з Полацкам і інш. бел. гарадамі. Пасля хрышчэння Русі ў К. пабудаваны першыя цэрквы, пры кн. Яраславе Мудрым — Кіеўскі Сафійскі сабор, Пячэрскі манастыр (гл. Кіева-пячэрская лаўра). Тут адбыліся Кіеўскае паўстанне 1068—69 (у час паўстання ў К. кароткі час княжыў Усяслаў Брачыславіч), Кіеўскае паўстанне 1113. У 1169 разрабаваны войскам кн. Андрэя Багалюбскага, у 1203 спустошаны кн. Рурыкам Расціславічам, у 1240 разбураны мангола-татарамі. З 1362 у складзе ВКЛ. З 1399 вытрымаў аблогу тат. войска, у 1416 захоплены ханам Адыгеем, у 1482 — крымскім ханам Менглі-Гірэем. З 1471 цэнтр Кіеўскага ваяводства. У канцы 15 ст. атрымаў магдэбургскае права. З 1569 у складзе Рэчы Паспалітай. Пасля заключэння Брэсцкай уніі 1596 адзін з антыкаталіцкіх і антыуніяцкіх цэнтраў. Каля 1615 пры Богаяўленскім манастыры створана Кіеўскае правасл. брацтва. У сярэдзіне 17 ст. дзейнічалі 4 касцёлы, дамініканскі манастыр, езуіцкі калегіум (з 1647). З 1654 у складзе Расіі, цэнтр Кіеўскага ваяводства, з 1708 — Кіеўскай губ. (у 1781—97 намесніцтва). У 18 ст. ўзніклі першыя буйныя прамысл. прадпрыемствы: Арсенал (1764), Кіева-Мяжыгарская фаянсавая ф-ка (1801). У 1809 адкрыта 1-я мужчынская гімназія, у 1834 — Кіеўскі нацыянальны універсітэт (у ім вучылася нямала выхадцаў з Беларусі). У 1820-я г. ў К. праходзілі сходы Паўд. т-ва дзекабрыстаў. Дзейнічалі Кірыла-Мяфодзіеўскае таварыства (1845—47), Кіева-Харкаўскае т-ва (1858—60). У канцы 19 — пач. 20 ст. буйны прамысл. цэнтр (у 1897 было 17 вял. прадпрыемстваў). Пасля пракладкі ў 1860-я г. Кіева-Адэскай і Кіева-Курскай чыгунак і з развіццём суднаходства па Дняпры К. — буйны трансп. вузел (у 1868 адкрыты Гал. майстэрні Паўд.Зах. чыгункі, у 1873 суднарамонтныя майстэрні). У 1890 засн. Політэхнічны ін-т, у 1899 Музей старажытнасцей і мастацтваў. У рэвалюцыю 1905—07 рас. ўлады расстралялі ў К. 30-тысячную дэманстрацыю (18.10.1905), адбыліся паўстанні сапёраў (1905 і 1907), створаны першыя прафсаюзы У 1913 у К. 595 тыс. ж., больш за 170 прадпрыемстваў. У 1-ю сусв. вайну тут размяшчаўся штаб Кіеўскай ваен. акругі. У сак. 1918 горад акупіраваны войскамі Германіі, у снеж. 1918 захоплены войскамі С.​В.​Пятлюры, у жн. 1919 — белагвардзейцамі, у маі 1920 — войскамі Польшчы. У чэрв. 1920 вызвалены Чырв. Арміяй. З 1919 у К. базіравалася частка караблёў і падраздзяленняў Дняпроўскай ваеннай флатыліі, у 1940—41 — Пінскай ваеннай флатыліі. З 1934 сталіца Украіны. У Вял. Айч. вайну 20.9.1941—6.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. войскамі, месца жорсткіх баёў (гл. Кіеўская абарончая аперацыя 1941, Кіеўская наступальная аперацыя 1943).

Пачатак буд-ва горада паклалі 3 стараж.

паселішчы 6—7 ст. на Старакіеўскай, Шчокавіцкай і Хоравай гарах. У 10 ст. К. падзяляўся на Верхні горад (Стары К.) з Дзесяціннай царквой (989—96, зруйнавана ў 1240) і Ніжні горад (Падол) з майстэрнямі і дамамі рамеснікаў. У 11 ст. Верхні горад з кампазіцыйнай дамінантай — Кіеўскім Сафійскім саборам — абкружаны крапаснымі сценамі (захаваліся фрагменты мураванай Залатой брамы, 1037, рэканструявана ў 1982); з’явіліся першыя пабудовы Кіева-Пячэрскай лаўры і Выдубіцкага манастыра Ад 12 ст. захаваліся цэрквы Спаса на Бераставе (1113—25, размалёўкі 12 ст.; перабудавана ў 17 ст.) і Кірылаўская (1146, фрэскі 12 ст.; перабудавана ў 18 ст. ў стылі ўкр. барока, арх І.​Р.​Грыгаровіч-Барскі). Манум. цэрквы Міколы Прыціска (1631) і Ільінская (1692) пабудаваны ў формах, блізкіх укр. драўлянаму дойлідству. Сярод помнікаў укр. барока: званіца (канец 17 ст. — 1853, арх. Г.​І.​Шэдэль і П.​І.​Спаро), брама Забароўскага (1746—48, арх. Шэдэль), пабудовы Сафійскага манастыра, Георгіеўская царква, трапезная (абодва 1696—1701) і званіца (1727—33) Выдубіцкага манастыра, цэрквы Ушэсця (1732), Пакроўская (1766, арх. Грыгаровіч-Барскі), Андрэеўская (1748—53, арх. В.​В.​Растрэлі і інш.; жывапіс іканастаса ў стылі ракако, мастакі А.​П.​Антропаў і Р.​К.​Лявіцкі); палацы Марыінскі (1752—55, арх. Растрэлі і І.​Ф.​Мічурын), Клоўскі (1754—58, арх. С.​Дз.​Коўнір і П.​І.​Няелаў). У стылі класіцызму пабудаваны манумент у гонар магдэбургскага права (1802—08; выш. 23,1 м), царква-ратонда на Аскольдавай магіле (1803—10, арх. абодвух А.​І.​Мяленскі, надбудавана ў 1935—36), Кантрактавы дом на Падоле (1815—17, арх. В.​І.​Гестэ), ун-т (1837—43, арх. В.​І.​Берэці). У 2-й пал. 19 ст.пач. 20 ст. К. забудоўваўся стыхійна ў духу стылізатарства і эклектыкі: Уладзімірскі сабор (1862—96, арх. А.​В.​Берэці, І.​В.​Штром, Спаро; размалёўкі В.​М.​Васняцова, М.​В.​Несцерава, М.​К.​Піманенкі і інш.), оперны т-р (1897—1901, арх. В.​А.​Шротэр), будынкі Музея ўкр. выяўл. мастацтва (1900, арх. Г.​П.​Байцоў і У.​У.​Гарадзецкі), дзяржбанка (1902—05, арх. А.​В.​Кобелеў і А.​М.​Вярбіцкі), дом з хімерамі (1902—03, арх. Гарадзецкі). Пастаўлены помнікі кн. Уладзіміру (1853, скульпт. В.​І.​Дэмут-Маліноўскі, П.​К.​Клот, арх. К.​А.​Тон), Багдану Хмяльніцкаму (1870—88, скульпт. М.​В.​Мікешын). Жыллёвае і грамадскае буд-ва 1-й пал. 20 ст. мела манум. характар: чыг. вакзал (1927—33, арх. Вярбіцкі), стадыён (1936—46, арх. М.​І.​Грачына), помнік Т.​Р.​Шаўчэнку (1938, скульпт. М.​Г.​Манізер, арх Я.​А.​Левінсон). У Вял. Айч. вайну К. моцна пашкоджаны. Паводле генплана 1945—47 створаны новы арх. ансамбль гал. вуліцы К. — Крашчацік (1947—54, арх А.​В.​Уласаў, А.​У.​Дабравольскі, Б.​І.​Прыймак і інш.). У 1950—60 інтэнсіўна забудоўваліся новыя жылыя масівы (Першамайскі, Русанаўка, Абалонь, Троешчына), пачата буд-ва метрапалітэна. Найб. значныя пабудовы 2-й пал. 20 ст.: мост Патона (1951, арх. Прыймак і інш), Палац спорту (1958—60, арх. Грачына, А.​І.​Завараў і інш.), гасцініца «Дняпро» (1964, арх. В.​Дз.​Елізараў, Н.​Б.​Чмуціна), Палац культуры «Украіна» (1970, арх. Я.​А.​Марьшчанка, І.​Г.​Вайнер, П.​Н.​Жыліцкі), комплекс Укр. музея гісторыі Вял. Айч. вайны (1981, скульпт. Я.​В.​Вучэціч, В.​З.​Барадай, Ф.​М.​Сагаян, арх. Елізараў і інш.), помнікі Лесі Украінцы (1973), М.​В.​Гогалю (1982), АН Украіны. 18 ВНУ, у т. л. Кіеўскі нацыянальны універсітэт, 15 тэатраў, у т. л. Укр. т-р оперы і балета. Каля 30 музеяў: літ.-маст. Т.​Р.​Шаўчэнкі, гіст., укр. выяўл. мастацтва, рус. мастацтва, зах. і ўсх. мастацтва, нар. архітэктуры і побыту, гісторыі Кіева, археал. нар. дэкаратыўнага мастацтва, архіў-музей л-ры і мастацтва, гісторыі медыцыны і інш. Рэсп. стадыён.

З часоў Кіеўскай Русі К. быў адным з цэнтраў маст. культуры. У 10 ст. тут зарадзілася Кіеўская маст. школа (фрэскі і мазаікі Дзесяціннай царквы, Сафійскага сабора, мініяцюры Астрамірава евангелля, Ізборніка Святаслава і інш.). Пры лаўры існавала іканапісная майстэрня, настаўнікі і вучні якой у сярэдзіне 18 ст. стварылі «кужбушкі» — альбомы малюнкаў і гравюр высокага маст. ўзроўню. У 13—18 ст. мастакі К. працягвалі стараж. традыцыі (мініяцюры Кіеўскага псалтыра, 1397). У 1901 на базе рысавальнай школы М.​І.​Мурашкі створана маст. вучылішча.

Літ.:

Логвин Г.Н. Киев 2 изд. М., 1982;

Толочко П.П. Древний Киев. Киев, 1983;

Киев: Энцикл. справ. 2 изд. Киев 1985.

Уладзімірскі сабор у Кіеве. Арх. А.​Берэці, І.​Штром, П.​Спаро. 1862—96.
Плошча Незалежнасці ў Кіеве.
Кіеў. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета імя Т.​Р.​Шаўчэнкі.
Дом з хімерамі ў Кіеве. Арх. У.​Гарадзецкі. 1902—03.

т. 8, с. 249