КІГН (Уладзімір Людвігавіч) (літ. псеўд. Дзедлаў; 27.1.1856, г. Тамбоў, Расія — 16.6.1908),

рускі пісьменнік. Сын Л.І.Паўлоўскай. З 1860 амаль увесь час жыў на Беларусі ў вёсках Дзедлава і Фёдараўка (Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882). Аўтар апавяданняў, рэцэнзій і нарысаў, якія друкаваў у газ. «Неделя», час. «Русское богатство», «Наблюдатель», «Вестник Европы» і інш. Падарожнічаў па Італіі, Егіпце, Сірыі, Турцыі, Расіі, уражанні склалі зб-кі «Прыгоды і ўражанні ў Італіі і Егіпце. Нататкі пра Турцыю», «Здалёк. Лісты з дарогі» (абодва 1887), «Вакол Расіі. Партрэты і пейзажы» (1895). У 1892—1904 перапісваўся і сустракаўся з А.Чэхавым. У аповесці «Сашачка» (1892) канфлікт народнікаў-васьмідзесятнікаў з народнікамі-шасцідзесятнікамі. Аўтар зб-каў «Мы. Эцюды» (1889; аўтабіягр.), «Лірычныя апавяданні» (1902), «Проста апавяданні» (1904), кн. «Кіеўскі Уладзімірскі сабор і яго мастацкія творцы» (1901), «Школьныя ўспаміны» (1902). У цыклах нарысаў «Аблава (Беларускія сілуэты)» (1878), «Перасяленцы і новыя мясціны» (1894), «Панарама Сібіры» (1900) з любоўю і павагай пісаў пра Беларусь, сялян-беларусаў. Памёр у Рагачове.

т. 8, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)