Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗІ́ЛЬБЕРТ (Фёдар Фёдаравіч) (7.9.1917, г. Тарту, Эстонія — 19.2.1986),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў вучылішча прыгожых мастацтваў у г. Ліепая (1934), вучыўся на арх. ф-це Латвійскага ун-та (1936—39). На Беларусі з 1946. Адзін з арганізатараў эксперым. керамічнай лабараторыі ў Мінску (1959) і вытв-сці керамікі ў Барысаве (1963). Выкладаў у Бел. тэатр.маст. ін-це (1965—71). Сярод твораў: скульпт. кампазіцыі «Ураджай» (1947), «Гусляр», «Памром, але крэпасць не пакінем!» (абедзве 1956); партрэты Г.Цітовіча (1948), А.Міцкевіча (1955), барэльефы М.Сеўрука (1978), Я.Коласа (1981), «Сустрэча паэтаў Я.Райніса і Я.Купалы» (1982); падлогавыя вазы «Зубр» (1977), «Папараць» (1979); дэкар. пласты «Нацюрморт» (1977), «Макі» (1978), «Восень у садзе» (1979). Аўтар дыярамы «Абарона Брэсцкай крэпасці» (1957, з П.Дурчыным), дэкар. керамікі для інтэр’ера Музея нар. славы ў в. Іканы Барысаўскага р-на і інш. Іл. гл. таксама да арт. Брэсцкай крэпасці абарона 1941.

Літ.:

Яніцкая М.М. Ф.Ф.Зільберт. Мн., 1981.

І.М.Каранеўская, М.М.Яніцкая.

Ф.Зільберт. Дэкаратыўны пласт «Нацюрморт» 1977.

т. 7, с. 66

ЗІМА́,

пара года, кліматычны сезон паміж восенню і вясной. У астраноміі — перыяд ад дня зімовага сонцастаяння да веснавога раўнадзенства (з 22 снеж. да 21 сак. ў Паўн. паўшар’і, з 22 чэрв. да 23 вер. ў Паўднёвым). Паводле календара зімовыя месяцы ў Паўн. паўшар’і снежань, студзень, люты, у Паўд.чэрв., ліп., жнівень. На тэр. Беларусі пачаткам З. як клімат. сезона лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 0 °C у бок паніжэння, за канец — праз 0 °C у бок павышэння. На ПнУ З. пачынаецца ў 2-й дэкадзе ліст., на ПдЗ у канцы ліст., заканчваецца адпаведна ў канцы сак., у 2-й дэкадзе сакавіка. Устойлівае снегавое покрыва ўстанаўліваецца на працягу снеж. і трымаецца ад 75 на ПдЗ да 125 дзён на ПнУ. На тэр. Беларусі З. вызначаецца адмоўным радыяцыйным балансам, узмоцненай атмасфернай цыркуляцыяй, пахмурным надвор’ем, туманамі, мяцеліцамі, частай зменай марозных і адлігавых перыядаў, спыненнем вегетацыі раслін, спячкай або анабіёзам у многіх відаў жывёл.

т. 7, с. 66

ЗІ́МА ((Zima) Міласлаў) (н. З.1.1920, Прага),

чэшскі мовазнавец-славіст. Д-р слав. філалогіі (1953). Скончыў Карлаў ун-т у Празе (1950). З 1954 у Ін-це славяназнаўства Чэхаславацкай АН, у 1961—84 супрацоўнік Слав. б-кі ў Празе. Даследаваў пытанні транскрыпцыі, транслітарацыі, арфаграфіі і анамастыкі бел., польск., рус., балг. і славенскай моў («Некаторыя прапановы па транслітарацыі алфавіта і іх тэарэтычная аснова», 1963, «Транслітэрацыя, транскрыпцыя і іншыя віды перадачы», 1986). Шэраг артыкулаў прысвяціў праблемам бел. мовазнаўства: «Паходжанне назвы «Белая Русь» (1957), «Умовы так званага пералівання імён у нацыянальныя формы паміж усходнеславянскімі мовамі» (1972), «Нататкі пра беларускую літаратурную мову» (1980), «Францішак Скарына і яго імя» (1990) і інш. Перакладае з слав. моў, у т.л. з беларускай.

т. 7, с. 66

ЗІМАВА́ЛЬНАЯ Я́МА,

месца масавай зімоўкі рыб у рэках і азёрах. У стаячых вадаёмах З.я. найчасцей размяшчаюцца насупраць або ніжэй вусцяў рэк і ручаёў, што ўпадаюць у вадаёмы, у месцах выхаду падводных крыніц; у праточных — рыбы зімуюць на глыбокіх месцах з павольным цячэннем. На Беларусі ахоўваюцца 215 З.я., збор у якіх найбольш уласцівы рыбам сям. карпавых (лешч, гусцяра, плотка і інш.). У вызначаных З.я. штогод з 1 кастр. да 15 крас. забараняецца рыбная лоўля.

т. 7, с. 66

ЗІМАВА́ЛЬНЫ АРЭА́Л,

гл. ў арт. Вырай, Міграцыі жывёл, Пералёты птушак.

т. 7, с. 66

ЗІМАЗЕ́ЛЕНЬ,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Лазаніца.

т. 7, с. 66

ЗІМАРО́ДАК звычайны

(Alcedo atthis),

птушка сям. зімародкавых атр. ракшападобных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Жыве каля рэк, розных вадаёмаў з абрывістымі берагамі. На Беларусі рэдкі гнездавальны від, нар. назва рыбалоў. Трапляецца па ўсёй тэр., часцей на Пд і Пн. Занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела 18—19 см, маса 27—38 г. Галава вялікая, дзюба доўгая, прамая. Хвост кароткі. Апярэнне стракатае: зверху блакітна-зялёнае, надхвосце бліскуча-блакітнае, шырокая паласа ад дзюбы праз вока да патыліцы і горла — вохрыста-белаватая, брушка ржава-рыжае. Гняздуецца асобнымі парамі. Гнёзды ў норах. Нясе 5—8 яец. Корміцца дробнай рыбай. Зімуе ў краінах Міжземнамор’я, зрэдку каля незамёрзлых вадаёмаў.

Зімародак звычайны.

т. 7, с. 66

ЗІМА́ТКІН (Сяргей Міхайлавіч) (н. 19.8.1951, г. Батумі, Грузія),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі і марфалогіі. Д-р біял. н. (1990). Акад. Расійскай медыка-тэхн. акадэміі, Нью-Йоркскай АН (1993). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1974). З 1981 у Ін-це біяхіміі Нац. АН Беларусі, з 1998 прарэктар па навук. працы Гродзенскага мед. ін-та. Навук. працы па нейрамарфалогіі, нейрахіміі і патагенезе алкагалізму.

Тв.:

Aldehyde dehydrogenasa activities in the brain of rats and mice genetically selected for different sensitivity to alcohol (разам з Р.А.Дзітрыхам // Alcoholism: Clinical and experimental research. 1995. Vol. 19, № 5;

Thiamine deficiency as predisposition to and consequence of increased alcohol consumption (разам з Т.І.Зіматкінай) // Alcohol and Alcoholism. 1996. Vol. 31, № 4.

т. 7, с. 66

ЗІМАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ раслін,

здольнасць раслін процістаяць маразам, рэзкім ваганням т-ры, высушванню, выправанню і інш. неспрыяльным умовам. Абумоўлена зменамі абмену рэчываў (назапашванне вугляводаў і тлушчаў у тканках, абязводжванне клетак), залежыць ад паходжання віду, стану расліны, асаблівасцей кліматычных умоў і інш. Пры аднолькавых умовах расліны розных відаў і сартоў маюць розную З. Нават у межах адной культуры ёсць адрозненні паводле З. (напр., т-ра вымярзання сартоў азімага жыта ад -10 да -30 °C). Найб. зімаўстойлівыя лясныя расліны — большасць хвойных (пераносяць маразы да -45 °C і больш), а таксама брусніцы, багун, грушанка, журавіны, падалешнік і інш. Спосабы павышэння З. заснаваны на ўдасканальванні метадаў загартоўвання раслін.

т. 7, с. 66

ЗІМБА́БВЕ (Zimbabwe),

Рэспубліка Зімбабве (Republic of Zimbabwe), краіна ва ўнутранай частцы Паўд. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Замбіяй, на У з Мазамбікам, на Пд з Паўд.-Афр. рэспублікай (ПАР), на З з Батсванай. Пл. 390,8 тыс. км2. Нас. 10,7 млн. чал. (1993). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г. Харарэ. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (18 красавіка).

Дзяржаўны лад. З. — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1980, мадыфікаваная ў 1990. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 6 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатная Палата сходу, тэрмін дзейнасці якой 6 гадоў (120 дэпутатаў выбіраюцца насельніцтвам, 12 членаў палаты назначаюцца прэзідэнтам; у склад парламента ўваходзяць таксама 10 плем. правадыроў і 8 губернатараў правінцый). Выканаўчая ўлада належыць ураду, створанаму прэзідэнтам.

Прырода. Большую частку тэр. краіны займае плато Матабеле, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод. Пераважаюць выш. 1000—1500 м. Плато акаймавана і часткова расчлянёна краявымі хрыбтамі Умвукве (на Пн), Матопа (на ПдЗ), Іньянга (на У) з найвыш. пунктам г. Іньянгані (2596 м). Карысныя выкапні. медныя, хромавыя, літыевыя, жал., алавяныя руды, золата, кам. вугаль, азбест і інш. Клімат пераходны ад экватарыяльна-мусоннага (на Пн) да трапічнага пасатнага (на Пд). У сувязі з узвышаным рэльефам тэрыторыі клімат мае рысы горнага з выражанай сезоннасцю. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (кастр.) 21—23 °C (максімум да 40 °C), самага халоднага (ліп.) 10—17 °C. Ападкаў ад 350 мм (на ПдЗ) да 1000—1200 мм (усх. схілы гор Іньянга). Асн. колькасць ападкаў з ліст. да сакавіка. Большасць рэк малаводныя і адносяцца да басейнаў Замбезі (на Пн), Лімпопа (на Пд), Сабі (на У). У сярэднім цячэнні р. Замбезі — буйное вадасх. Карыба. Пераважаюць саванны і саваннавыя лясы на карычневых глебах, на Пд — участкі сухіх стэпаў. Агульная плошча разрэджаных лясоў каля 23,8 млн. га. Ёсць штучныя пасадкі эўкаліптаў. У жывёльным свеце прадстаўлены сланы, насарогі, ільвы, леапарды, кракадзілы, бегемоты, жырафы, антылопы і інш. У краіне больш за 10 запаведнікаў і нац. паркаў, самыя вял. Уанкі, Вікторыя-Фолс.

Насельніцтва. Пераважаюць 2 афр. народы з моўнай групы паўд.-ўсх. банту: шона (77%) і матабеле (17%). Шона насяляюць пераважна ўсх. і цэнтр. раёны, матабеле — паўд.-заходнія. Жывуць таксама тонга, венда, педы, тсвана (на Пд), малаві (на ПнУ), бушмены (на крайнім З). Англічан, афрыканераў і выхадцаў з Індыі разам каля З%. Сярод веруючых пераважаюць хрысціяне — 58% (17% — пратэстанты, 14 — прыхільнікі афр. цэркваў, 12% — католікі). Астатняе насельніцтва прытрымліваецца мясц. традыц. культаў. Есць невял. групы мусульман і іудаістаў. Сярэднегадавы прырост каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 27,5 чал. на 1 км2. Найб. шчыльна заселены цэнтр. раёны краіны. У гарадах жыве 31% насельніцтва (1993). Найб. гарады (1992, тыс. ж.): Харарэ — 1184, Булавайо — 621, Чытунгвіза — 274, Мутарэ — 132, Гверу — 125. У сельскай і лясной гаспадарцы занята 34% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 21%.

Гісторыя. Пасяленні чалавека на тэр. З. вядомы з палеаліту. Верагодна, у 4—1-м тыс. да н.э. сюды прыйшлі бушмены. З 8 ст. пачаўся наплыў бантумоўных народаў, якія выцеснілі бушменаў на Пд і стварылі ў 10 ст. моцную дзяржаву Вял. З., што падтрымлівала гандл. сувязі з народамі Аравійскага п-ва, узбярэжжа Інд. ак. і Кітаем. З 15 ст. ў складзе дзяржавы Манаматапа, якая дасягнула росквіту ў 15—16 ст. і распалася ў 1693 у выніку нападу племя розві. У 18 ст. розві стварылі моцную дзяржаву і працягвалі традыцыі Вял. З., будавалі каменныя гарады. З 1837 на тэр. З. сталі перасяляцца плямёны матабеле на чале з Маселекатсе, што заваяваў зах. ч. краіны і стварыў тут дзяржаву са сталіцай у Булавайо. З сярэдзіны 19 ст. пачалося брыт. пранікненне ў З. (дзейнасць англ. горназдабыўных т-ваў С.Родса). Захоп у 1890 усёй тэр. краіны, названай пазней разам з Замбіяй — Радэзіяй (ад імя Родса), брыт. паўд.-афр кампаніяй і прыток брыт. каланістаў выклікалі паўстанні афр. насельніцтва (1893, 1896—97), задушаныя калан. ўладамі. У 1923 брыт. ўрад атрымаў ад кампаніі паўд. ч. яе ўладанняў як аўт. калонію Паўд. Радэзія. У 1934 створана першая афр. паліт. арг-цыяАфр. нац. кангрэс Паўд. Радэзіі (АНК). У 1953—63 Паўд. Радэзія ў складзе Федэрацыі Радэзіі і Ньясаленда, дзе яна займала прывілеяванае паліт. і эканам. становішча. У 1953—58 ва ўладзе ўмерана правая Аб’яднаная партыя Радэзіі, у 1958—62 — Аб’яднаная федэральная партыя, якія абвясцілі лозунг партнёрства, але праводзілі палітыку дыскрымінацыі афр. насельніцтва.

У 1959 АНК забаронены, замест яго ў 1960 створана Нац.-дэмакр. партыя (НДП). У 1961 прынята новая канстытуцыя, паводле якой афр. насельніцтва атрымала некат. правы. У 1962 адбыліся хваляванні афр. гар. насельніцтва, паліт. барацьбу ўзначаліў Саюз афр. народа З. (ЗАПУ), створаны замест забароненай НДП. У 1962 да ўлады прыйшоў крайне правы Радэзійскі фронт, які імкнуўся да ліквідацыі афр. вызв. руху. У выніку расколу ў ЗАПУ у 1963 створаны Афр. нац. саюз З. (ЗАНУ). Пасля распаду Федэрацыі (1963) Паўд. Радэзія (пад назвай Радэзія) стала асобнай брыт. калоніяй з шырокай унутр. аўтаноміяй. Яе прэм’ер-міністр Я.Д.Сміт (з 1964) пасля безвыніковых перагавораў з Вялікабрытаніяй (1964—65) у аднабаковым парадку абвясціў у ліст. 1965 незалежнасць Радэзіі, якую афіцыйна не прызнала ні адна дзяржава свету і асудзілі ААН і Арг-цыя афр. адзінства (ААА). Нягледзячы на міжнар. паліт. і эканам. санкцыі, Радэзія пры падтрымцы ПАР і Партугаліі развівала сваю эканоміку. З 1967 пачаліся ўзбр. дзеянні ЗАПУ, якія падтрымліваў Афр. нац. кангрэс з тэр. ПАР. На рэферэндуме ў 1969 прынята новая канстытуцыя. Пасля падзення дыктатуры ў Партугаліі (1974) быў створаны аб’яднаны фронт вызв. руху пад кіраўніцтвам епіскапа А.Т.Музарэвы, які пачаў перагаворы з урадам. У 1976 ЗАНУ і ЗАПУ заключылі пагадненне аб стварэнні Патрыят. фронту З. (ПФЗ), які падтрымалі ААА і кааліцыя прыфрантавых дзяржаў Паўд. Афрыкі. У выніку перагавораў урада Радэзіі з па-згодніцку настроенымі афр. лідэрамі ў 1978 створаны часовы ўрад (члены Выканаўчага савета Сміт, Музарэва, Н.Сітоле, Дж.Чыраў). Прынятая новая канстытуцыя фармальна забараняла расавую дыскрымінацыю. Пасля парламенцкіх выбараў 1979 створаны ўрад на чале з Музарэвам, але Савет Бяспекі ААН не прызнаў законнасці гэтых дзеянняў. На новых выбарах 1980 перамагла партыя ЗАНУ, яе лідэр Р.Г.Мугабе ўзначаліў урад, у які ўвайшоў і лідэр ЗАПУ Дж.Нкома. 18.4.1980 абвешчана незалежная Рэспубліка З. ў складзе брыт. Садружнасці.

Яна стала членам ААН і ААА. Але ідэалаг. і плем. разыходжанні паміж ЗАНУ і ЗАПУ прывялі ў 1982 да адкрытага канфлікту, урадавая кааліцыя распалася, Нкома быў выдалены з урада. На ПдЗ пачалася ўзбр. супрацьурадавая партыз. барацьба. У выніку пагаднення 1987 пра аб’яднанне ЗАНУ і ЗАПУ (1-ы сакратар і старшыня Мугабе, які адначасова стаў прэзідэнтам, Нкома ўвайшоў у склад урада) пачалася ўнутр. нармалізацыя, змякчэнне паліт. і плем. канфліктаў. Абвяшчэнне Мугабе праграмы сацыяліст. буд-ва, рост эканам. цяжкасцей выклікалі рост апазіцыі. У 1989 узнік апазіц. Рух адзінства З.На прэзідэнцкіх выбарах 1990 перамог Мугабе, Нкома заняў пасаду віцэ-прэзідэнта. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.

Гаспадарка. З. — аграрна-індустрыяльная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Штогадовы даход на 1 чалавека каля 650 дол. ЗША. Прам-сць дае каля 36% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — каля 15, абслуговыя галіны — каля 50%. Найб. развіта гарнарудная галіна, якая дае каля ⅓ часткі выпуску прамысл. прадукцыі па кошце. У З. здабываюць 40 відаў карысных выкапняў: золата (каля 18—20 т штогод), азбест (каля 150 тыс. т), графіт (каля 20 тыс. т), руды нікелю (12—15 тыс. т металу), хрому (каля 0,5 млн. т вокісу хрому), медзі (каля 20 тыс. т), літыю (каля 20 тыс. т), а таксама фасфарыты, баксіты, пірыты, руды берылію, сурмы, кобальту, танталу і ніобію, цынку, жалеза, серабра, плаціны, каменны вугаль. 90% электраэнергіі краіна атрымлівае з ГЭС Карыба на р. Замбезі (належыць З.і Замбіі). Буйная ЦЭЦ у г. Булавайо, якая выкарыстоўвае каменны вугаль, цэнтр здабычы г. Хванге. Частка электраэнергіі імпартуецца з ПАР і Замбіі. Развіты каляровая металургія (атрыманне медзі, хрому, нікелю, золата, літыю і інш., гал. цэнтры Харарэ, Квекве, Гверу), вытв-сць сталі і сплаваў (Харарэ, Квекве), машын і механізмаў для горнай прам-сці, чыг. вагонаў, перапрацоўка тытуню, гарбарна-абутковая і тэкст. прам-сць, дыванаткацтва. Ёсць прадпрыемствы па зборцы аўтамашын з імпартаваных вузлоў і дэталей, вытв-сці хім. прадуктаў (у т.л. штучных угнаенняў, аміяку, бензолу), цэменту, харч. прадуктаў (у т.л. цукру), вырабаў цэлюлозна-папяровай, дрэваапр. і мэблевай прам-сці, жалезабетону, шкла і інш. буд. матэрыялаў, керамікі, шын і гумава-тэхн. вырабаў. У г. Мутарэ нафтаперапр. з-д, які атрымлівае нафту па нафтаправодзе з порта Бейра (Мазамбік). Асн. прамысл. цэнтры краіны — Харарэ і Булавайо з прыгарадамі. Гал. сродак існавання для большасці насельніцтва — сельская гаспадарка. Апрацоўваецца 2,7 млн. га. Вылучаюцца 2 сектары: афрыканскі (дробныя паўнатуральныя гаспадаркі памерам да 2—3 га) і еўрапейскі (каля 4 тыс. гаспадарак сярэднім памерам каля 1 тыс. га). У афр. сектары на ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу, арахіс, проса, сорга, батат, маніёк, бабовыя, агародніну. На плантацыях вырошчваюць экспартныя культуры — тытунь (каля 50% пасяўных плошчаў, збор 150—200 тыс. т штогод), бавоўну (каля 250 тыс. т) і цукр. трыснёг (каля 4 млн. т), а таксама пшаніцу, кукурузу, чай, каву. Жывёлагадоўля развіта пераважна ў цэнтры і на Пд краіны. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 6 млн. галоў), свіней, авечак, коз. Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка каштоўнай драўніны (больш за 8 млн. м³ штогод). Пераважае чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 2,8 тыс. км, аўтадарог 85 тыс. км, у т.л. каля 20 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. З.экспартуе тытунь (19% па кошце), золата (14%), каляровыя металы, сталь і ферасплавы, бавоўну, цукар і інш.; імпартуе машыны і трансп. сродкі (37% па кошце), паліва, хім. прадукты, прамысл. вырабы. Замежны турызм (каля 300 тыс. чал. штогод). Гал. гандлёвыя партнёры Вялікабрытанія, Германія, ПАР, Японія, ЗША, Батсвана. Грашовая адзінка — зімбабвійскі долар.

Літ.:

Асоян Б.Р. Зимбабве. М., 1983;

Краснопевцева Т.И. Зимбабве: Прошлое и настоящее. М., 1988.

У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.К.Мазоўка (гісторыя).

Герб і сцяг Зімбабве.
Да арт. Зімбабве Фрагмент абарончай сцяны з поясам фігурнай муроўкі.
Да арт. Зімбабве. Прамысловая зона ў г. Харарэ.
Да арт. Зімбабве Сучасная разьба па косці.
Да арт. Зімбабве Сучасная вёска.

т. 7, с. 67