ЗІМАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ раслін,

здольнасць раслін процістаяць маразам, рэзкім ваганням т-ры, высушванню, выправанню і інш. неспрыяльным умовам. Абумоўлена зменамі абмену рэчываў (назапашванне вугляводаў і тлушчаў у тканках, абязводжванне клетак), залежыць ад паходжання віду, стану расліны, асаблівасцей кліматычных умоў і інш. Пры аднолькавых умовах расліны розных відаў і сартоў маюць розную З. Нават у межах адной культуры ёсць адрозненні паводле З. (напр., т-ра вымярзання сартоў азімага жыта ад -10 да -30 °C). Найб. зімаўстойлівыя лясныя расліны — большасць хвойных (пераносяць маразы да -45 °C і больш), а таксама брусніцы, багун, грушанка, журавіны, падалешнік і інш. Спосабы павышэння З. заснаваны на ўдасканальванні метадаў загартоўвання раслін.

т. 7, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)