ЗІМАРО́ДАК звычайны

(Alcedo atthis),

птушка сям. зімародкавых атр. ракшападобных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Жыве каля рэк, розных вадаёмаў з абрывістымі берагамі. На Беларусі рэдкі гнездавальны від, нар. назва рыбалоў. Трапляецца па ўсёй тэр., часцей на Пд і Пн. Занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела 18—19 см, маса 27—38 г. Галава вялікая, дзюба доўгая, прамая. Хвост кароткі. Апярэнне стракатае: зверху блакітна-зялёнае, надхвосце бліскуча-блакітнае, шырокая паласа ад дзюбы праз вока да патыліцы і горла — вохрыста-белаватая, брушка ржава-рыжае. Гняздуецца асобнымі парамі. Гнёзды ў норах. Нясе 5—8 яец. Корміцца дробнай рыбай. Зімуе ў краінах Міжземнамор’я, зрэдку каля незамёрзлых вадаёмаў.

Зімародак звычайны.

т. 7, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)