Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДО́ЎГАЯ ЛІ́НІЯ,

электрычная лінія, утвораная 2 доўгімі праваднікамі, адлегласць паміж якімі значна меншая за даўжыню хвалі электрамагнітных ваганняў, што па ёй перадаюцца. Асн. характарыстыкі: хвалевае супраціўленне і каэфіцыент распаўсюджвання эл.-магн. хваль. З’яўляецца сістэмай з размеркаванымі параметрамі (кожны элемент даўжыні Д.л. мае адначасова пэўныя значэнні індуктыўнасці, ёмістасці, актыўнага супраціўлення і інш.). Адрозніваюць Дл. аднародныя (з нязменнымі параметрамі ўздоўж лініі), нескажальныя (захоўваюць форму пададзенага сігналу) і ўзгадняльныя (нагрузка роўная хвалеваму супраціўленню). Працуюць у рэжыме стаячай хвалі (поўнае адбіццё энергіі ад канца лініі), бягучай хвалі (поўнае паглынанне энергіі на канцы лініі) або прамежкавым. Адрэзкі Дл. выкарыстоўваюцца ў якасці вагальных контураў, ізалятараў, узгадняльных трансфарматараў, а таксама для перадачы інфармацыі ў тэлеф.-тэлегр. сувязі, тэлебачанні, радыёлакацыі, эл.-энергетыцы. Гл. таксама Лінія сувязі.

А.П.Ткачэнка.

т. 6, с. 188

ДО́ЎГІРД (Анёл) (2.12.1776, маёнтак Юркаўшчына, Мсціслаўскі р-н Магілёўскай вобл. — 26.4.1835),

бел. філосаф, логік, псіхолаг. Скончыў Віленскую акадэмію. Выкладаў у піярскіх школах. У 1818—32 праф. Віленскага ун-та. Лічыў, што сусвет, аднойчы створаны Богам, надалей падпарадкоўваецца натуральным законам. Прадметы і іх уласцівасці існуюць незалежна ад нашай свядомасці. Крытыкаваў філасофію І.Канта, фармалізм і схематызм яго логікі і трансцэндэнтальнай эстэтыкі. Псіхал. і пед. погляды Д. абапіраліся на даследаванні здольнасцей чалавека, а яго эстэт. канцэпцыя своеасабліва спалучала класіцызм і рамантызм. Паэзію лічыў гал. жанрам мастацтва, пісаў вершы. Падрыхтаваў 3 тамы твораў па логіцы (т. 1, Полацк, 1828), манаграфію «Аб логіцы, метафізіцы і маральнай філасофіі» (Вільня, 1821). Абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі «Аб цудзе» і інш.

Тв.:

У кн.: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Мн., 1962.

Літ.:

Дорошевич Э.К. Аниол Довгирд — мыслитель эпохи Просвещения. Мн., 1967.

Э.К.Дарашэвіч.

т. 6, с. 188

ДО́ЎГІЯ КУРГАНЫ́,

валападобныя пахавальныя насыпы 2-й пал. 1-га тысячагоддзя ў Бел. Падзвінні і Верхнім Падняпроўі, у вярхоўях р. Вялікая і каля Пскоўскага возера Расіі. Нар. назва на Пн Беларусі — валатоўкі. Даўжыня курганоў у 2 і больш разоў перавышае шырыню, часам дасягае некалькіх дзесяткаў метраў. На Беларусі выяўлены Д.к. 5—6 і 8—10 ст. Яны адлюстроўваюць перыяд, калі на Пн лясной паласы Беларусі з’явіліся славяне, якія асімілявалі мясц. балцкае і фіна-угорскае насельніцтва, утварылі групоўку ўсх. славян — крывічоў, вылучана археал. культура доўгіх курганоў паўн. Беларусі. Пахавальны абрад — трупаспаленне (у больш ранніх — за межамі пахавання). У кургане звычайна некалькі пахаванняў у ляпных гаршках-урнах ці ямках. Пахавальны інвентар некаторых курганоў — бронзавыя бранзалеты, ланцужкі, падвескі, шкляныя пацеркі сіняга колеру, жал. спражкі, нажы, касцяныя падвескі-птушкі. Большасць пахаванняў амаль без інвентару, што сведчыць пра асаблівасці рытуалу.

Літ.:

Седов В.В. Длинные курганы кривичей. М., 1974;

Штыхаў Г.В. Крывічы. Мн., 1992.

Г.В.Штыхаў.

т. 6, с. 188

ДО́ЎГІ ПАРЛА́МЕНТ (Long parliament),

скліканы 3.11.1640 англійскім каралём Карлам I пасля няўдалай спробы атрымаць падаткі ад Кароткага парламента і чарговага паражэння ў барацьбе з шатл. прэсвітэрыянамі. Праіснаваў больш за 12 гадоў (адсюль назва). У 1641 пад уплывам антыкаралеўскай большасці Д.п. сфармуляваў свае патрабаванні да караля аб рэформе англіканскага права, ліквідацыі каталіцкага ўплыву, змене ў сістэме кіравання і інш. («Вялікая рэманстрацыя»). У 1642—46 кіраваў вайной супраць Карла I. У 1653 разагнаны О.Кромвелем. У 1660 адноўлены ген. Дж.Монкам, ухваліў правядзенне выбараў і распусціўся.

т. 6, с. 188

ДО́ЎЖА,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 7 км на Пд ад г. Паставы. Пл. 1,04 км², даўж. 4,9 км, найб. шыр. 420 м, найб. глыб. 13,7 м, даўж. берагавой лініі больш за 12 км. Пл. вадазбору 10,3 км². Схілы катлавіны выш. 2—6 м (на ПдУ да 20 м), разараныя. Берагі нізкія, пад хмызняком, у асобных месцах абразійныя. Мелкаводная зона пясчаная, глыбакаводная выслана глеямі. Зарастае. Паласа расліннасці ўздоўж берагоў да 20 м. На ПнЗ злучана пратокай з воз. Глодава.

т. 6, с. 188

ДО́ЎЖНА,

возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 22 км на ПдУ ад г.п. Расоны. Пл. 0,28 км², даўж. 2,4 км, найб. шыр. 240 м, даўж. берагавой лініі 4,8 км. Пл. вадазбору 3,9 км². Берагі высокія, на У зліваюцца са схіламі. На Пд выцякае ручай у р. Дрыса.

т. 6, с. 188

ДО́ЎЖЫНА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 6 км на Пд ад г.п. Ушачы. Пл. 0,65 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 18 м, даўж. берагавой лініі больш за 5 км. Пл. вадазбору 14,3 км². Схілы катлавіны выш. 20—26 м (на ПдЗ 7—15 м), пад хваёвым лесам. Берагі пад хмызняком, месцамі забалочаныя. Дно да глыб. 4—7 м высцілаюць пясчаныя адклады, глыбей — сапрапель і глеі. Шыр. паласы надводнай расліннасці да 25 м. На Пд у возера ўпадае ручай з воз. Баркоўшчына, на Пн выцякае ручай у воз. Вечалле. Уваходзіць у курортную зону Ушачы.

т. 6, с. 188

ДО́ЎНАР-ЗАПО́ЛЬСКІ (Мітрафан Віктаравіч) (14.6.1867, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 30.9.1934),

бел. гісторык, эканаміст, этнограф, адзін з заснавальнікаў бел. нац. гістарыяграфіі. Скончыў Кіеўскі ун-т (1894). З 1899 прыват-дацэнт Маскоўскага, з 1902 праф., заг. кафедры Кіеўскага ун-таў. У 1907—17 дырэктар Кіеўскага камерцыйнага ін-та. З 1920 у Харкаве, Баку, з 1925 праф. БДУ, правадз. чл. Інбелкульта, старшыня яго гіст.-археагр. камісіі. З 1926 праф. Ціміразеўскай с.-г. акадэміі, правадз. чл. Ін-та гісторыі АН СССР. У 1929 у сувязі з упамінаннем імя Д.-З. ў справе «Платонава—Тарле», ідэалагічным наступам на «нацдэмаўшчыну» ў Беларусі, арыштам вядучых бел. вучоных ён не пазбег праследаванняў. Было заблакіравана выбранне Д.-З. акадэмікам АН СССР, асуджаны як ідэйна-заганны рукапіс яго кнігі «Гісторыя Беларусі», паскораны выхад на пенсію.

Першыя нарысы, прысвечаныя звычаёваму праву, зямельным адносінам, абрадам, вераванням, гіст. мінуламу Беларусі, пачаў публікаваць у канцы 1880-х г. У даследаванні «Беларускае мінулае» (1888) упершыню стварыў асн. ядро канцэпцыі гіст. развіцця бел. народа, паставіў праблему неабходнасці нац. адраджэння Беларусі. У 1891 выдаў манаграфію «Нарыс гісторыі Крывіцкіх і Дрыгавіцкіх земляў да канца XII стагоддзя», у 1899 — працу «В.М.Цяпінскі, перакладчык Евангелля на беларускую гаворку». Даследаваў сац.-эканам. адносіны ў ВКЛ 14—16 ст., дзярж. асновы літ.-бел. гаспадарства, гісторыю сялянства на Беларусі і ў Расіі (працы «Дзяржаўная гаспадарка Вялікага княства Літоўскага пры Ягелонах», 1901, «Нарысы па арганізацыі заходнярускага сялянства ў XVI ст.», 1905, «Старонка з гісторыі прыгоннага права ў XVIII—XIX стст.», 1906, «На зары сялянскай свабоды», 1911). Выдаў Баркулабаўскі летапіс, «Акты Літоўска-Рускай дзяржавы (XIV—XVI ст.)» (т. 2, вып. 1), «Дакументы Маскоўскага архіва Міністэрства юстыцыі» (т.1). Вывучаў грамадскую думку Расіі, дзекабрысцкі рух (працы «З гісторыі грамадскіх плыняў Расіі», 1905, «Палітычныя ідэалы М.М.Спяранскага», «Таемнае таварыства дзекабрыстаў», абедзве 1906, «Ідэалы дзекабрыстаў», 1907). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 удзельнічаў у адбудове бел. дзяржаўнасці на дэмакр. асновах. У 1919 на бел. і асн. еўрап. мовах выдадзены нарыс Д.-З. «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», у якім ён на падставе аналізу гіст., эканам. і этнагр. фактараў абгрунтаваў права бел. народа на суверэннасць. Апублікаваў манаграфію «Народная гаспадарка Беларусі, 1861—1914 гг.» (1926), раздзел «Беларуская ССР і Заходняя вобласць РСФСР» у кн. «Эканамічная геаграфія СССР» (1926), завяршыў абагульненую працу «Гісторыя Беларусі» (1926, выд. 1994), у якой разгледзеў шляхі, пройдзеныя бел. народам ад эпохі першабытнага ладу да пач. 1920-х г. У Рэчыцы Д.-З. пастаўлены помнік (1997).

Тв.:

Белорусская свадьба и свадебные песни. Киев, 1888;

Белорусское Полесье: Сб. этногр. материалов. Вып. 1. Киев, 1895;

Спорные вопросы в истории Литовско-Русского сейма. СПб., 1901;

Исследования и статьи. Т. 1. Киев, 1909;

История русского народного хозяйства. Т. 1. Киев, 1911;

Обзор новейшей русской истории. Т. 1—2. Киев, 1912—18.

Літ.:

Даўгяла З.І. Літаратурныя працы доктара рускай гісторыі М.В.Доўнар-Запольскага ў храналагічным парадку за 45 год (1883—1928) // Зап. аддз. гуманіт. навук БАН. Мн., 1929. Кн. 8. Працы класа гісторыі, т. 3;

Гануш А.Г., Кручок П.С. Мітрафан Доўнар-Запольскі. Мн., 1995;

Михальченко С.И. Киевская школа в российской историографии (В.Б.Антонович, М.В.Довнар-Запольский и их ученики). М.;

Брянск, 1997.

А.С.Ліс.

М.В.Доўнар-Запольскі.

т. 6, с. 189

Доўнар Таісія Іванаўна

т. 18, кн. 1, с. 381

ДО́ЎСАН ((Dauson) Джордж Мерсер) (1.8.1849, г. Пікгу, Канада — 2.3.1901),

канадскі географ і геолаг. Даследаваў раён вярхоўяў р. Фрэйзер (1878), выканаў геал. здымку рэк Бау і Белі (1880—82) і зах. ч. Скалістых гор (1882—84), а-воў Ванкувер і Каралевы Шарлоты. У 1887—88 узначальваў экспедыцыю па геолага-геагр. вывучэнні тэр. паўн.-зах. Канады. Яго імем названы горад у вусці р. Клондайк на ПнЗ Канады і горны хрыбет у вярхоўях р. Юкан.

т. 6, с. 189