ДО́ЎГІРД (Анёл) (2.12.1776, маёнтак Юркаўшчына, Мсціслаўскі р-н Магілёўскай вобл. — 26.4.1835),
бел. філосаф, логік, псіхолаг. Скончыў Віленскую акадэмію. Выкладаў у піярскіх школах. У 1818—32 праф. Віленскага ун-та. Лічыў, што сусвет, аднойчы створаны Богам, надалей падпарадкоўваецца натуральным законам. Прадметы і іх уласцівасці існуюць незалежна ад нашай свядомасці. Крытыкаваў філасофію І.Канта, фармалізм і схематызм яго логікі і трансцэндэнтальнай эстэтыкі. Псіхал. і пед. погляды Д. абапіраліся на даследаванні здольнасцей чалавека, а яго эстэт. канцэпцыя своеасабліва спалучала класіцызм і рамантызм. Паэзію лічыў гал. жанрам мастацтва, пісаў вершы. Падрыхтаваў 3 тамы твораў па логіцы (т. 1, Полацк, 1828), манаграфію «Аб логіцы, метафізіцы і маральнай філасофіі» (Вільня, 1821). Абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі «Аб цудзе» і інш.
Тв.:
У кн.: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Мн., 1962.
Літ.:
Дорошевич Э.К. Аниол Довгирд — мыслитель эпохи Просвещения. Мн., 1967.
Э.К.Дарашэвіч.
т. 6, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)