ДЗМІ́ТРЫЙ-КАРЫБУ́Т
(? — пасля 1404),
князь у ВКЛ, гл. Карыбут.
т. 6, с. 125
ДЗМІ́ТРЫЙ АЛЬГЕ́РДАВІЧ
(пасля 1347—99),
князь у ВКЛ, сын Альгерда і Марыі Яраслаўны Віцебскай. Упершыню ўпамінаецца як князь у г. Трубчэўск (на Браншчыне), які разам з г. Старадуб у 1378 добраахвотна здаў свайму брату Андрэю Альгердавічу (на той час прыхільніку Масквы). На баку вял. кн. маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча Данскога ўдзельнічаў у Кулікоўскай бітве 1380. Вярнуўшыся ў ВКЛ, прысягнуў на вернасць Ягайлу (16.12.1388). Загінуў у бітве на Ворскле 1399.
М.І.Ермаловіч.
т. 6, с. 125
ДЗМІ́ТРЫЙ ІВА́НАВІЧ
(19.10.1582, Масква — 15.5.1591),
расійскі царэвіч. Малодшы сын Івана IV Васілевіча Грознага. Пасля смерці бацькі (1584) сасланы з маці (М.Ф.Нагой) у г. Угліч, дзе загінуў пры нявысветленых абставінах (магчыма, у час эпілептычнага прыпадку або забіты паводле загаду Барыса Гадунова). Імя Дз.І. выкарыстоўвалі ў 1604—12 Ілжэдзмітрый I, Ілжэдзмітрый II і інш. самазванцы. У 1606 кананізаваны царквой і перапахаваны ў Маск. Архангельскі сабор.
Літ.:
Скрынников Р.Г. Борис Годунов. М., 1983. С. 67—84;
Яго ж. Самозванцы в России в начале XVII в.: Григорий Отрепьев 2 изд. Новосибирск, 1990. С. 10—18;
Зимин А.А В канун грозных потрясений: Предпосылки первой крестьянской войны в России. М., 1986. С. 153—182.
т. 6, с. 125
ДЗМІ́ТРЫЙ ІВА́НАВІЧ ДАНСКІ́
(12.10.1350, Масква — 19.5.1389),
вялікі князь маскоўскі (з 1359) і ўладзімірскі (з 1362). Сын Івана II Іванавіча. Пры ім у 1367 у Маскве пабудаваны першы ў Паўн.-Усх. Русі белакаменны крэмль. У 1368 і 1370 яго войскі адбілі напады на маск. княства войска Альгерда, у 1371 — разанскага кн. Алега Іванавіча. У 1376 замацаваны ўплыў Масквы ў Балгарыі Волжска-Камскай. У сваёй палітыцы абапіраўся на аўтарытэт і падтрымку Сергія Раданежскага. Дз.І.Д. першы з маск. князёў узначаліў барацьбу супраць татара-манголаў і перамог іх на р. Вожа (1378) і ў Кулікоўскай бітве 1380, што паклала пачатак вызваленню Русі ад татара-манг. панавання. За гэту бітву празваны Данскім. Пасля зруйнавання Масквы тат. ханам Тахтамышам (1382) аднавіў горад. Пры ім Масква замацавала кіруючае становішча ў рус. землях. Упершыню без згоды Залатой Арды завяшчаў вял. княжанне свайму сыну Васілю. Кананізаваны.
Літ.:
Кучкин В.А. Дмитрий Донской // Вопр. истории. 1995. № 5—6.
т. 6, с. 125
ДЗМІ́ТРЫЙ РАСТО́ЎСКІ, Дзімітрый (свецкае Туптала Данііл Савіч; снежань 1651, мяст. Макарава каля Кіева — 8.11.1709),
украінскі і рус. царк. і культ. дзеяч, асветнік. Вучыўся ў Кіева-Магілянскай калегіі (1662—65). У 1668 прыняў манаства, у 1675 пасвячоны ў іераманахі. Быў ігуменам у розных манастырах на Украіне. З 1702 мітрапаліт у Растове, заснаваў там семінарыю. Сярод яго шматлікіх маральна-павучальных, багаслоўскіх, драм. твораў найб. вядомыя 4-томны зб. «Чэцці-Мінеі» («Кніга жыцій святых»), выд. ў 1689, 1695, 1700, 1705. Філасофію разглядаў як неабходны элемент рэліг. вопыту. У духу містычнай плыні праваслаўя ісіхазму лічыў, што свет прасякнуты боскімі дзеяннямі, якія адкрываюцца чалавеку ў прыгажосці і гармоніі прыроды. На яго думку, узаемаадносіны душы і цела маюць характар антаганізму, бо ў адносінах да душы цела — турма; таму адной з жыццёвых мэт з’яўляецца ўстанаўленне панавання душы над целам. Выкрывальнік стараверства (кн. «Вышук пра раскольніцкую брынскую веру...», выд. 1745). Кананізаваны ў 1757.
Тв.:
Сочинения святителя Димитрия, митрополита Ростовского. Ч. 1—5. Киев, 1895—1905;
Жития святых на русском языке, изложенные по руководству Четий-Миней св. Димитрия Ростовского с дополнениями из Пролога. Т. 1—12. М., 1902—11.
т. 6, с. 125
ДЗМІТРЭ́ЎСКІ Іван Апанасавіч
(11.3.1734, г. Яраслаўль, Расія — 8.11.1821),
рускі акцёр, рэжысёр, педагог, тэатр. дзеяч. Найб. значны прадстаўнік рус. сцэн. класіцызму. Правадзейны чл. Расійскай акадэміі (1802). Паплечнік Ф.Волкава па стварэнні т-ра ў Яраслаўлі. З 1756 у Пецярбургу ў трупе першага рус. пастаяннага публічнага т-ра. Сярод лепшых роляў: Сінаў, Дзмітрый («Сінаў і Трувор», «Дзмітрый Самазванец» А.Сумарокава), Альцэст («Мізантроп» Мальера), Валер («Гулец» Ж.Ф.Рэньяра), Усердаў («Усеагульнае апалчэнне» С.Віскаватава). Першы пастаноўшчык «Недаростка» Дз.Фанвізіна (1782) і выканаўца ролі Старадума.
т. 6, с. 125