Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАЎГАХВО́СТАЯ СІНІ́ЦА,

гл. ў арг. Таўстадзюбыя сініцы.

т. 6, с. 65

ДАЎГАХВО́СТЫ ПАМО́РНІК,

гл. ў арт. Паморнікі.

т. 6, с. 65

ДАЎГІ́НАВА,

вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Вілейка—Докшыцы. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 45 км ад Вілейкі, 120 км ад Мінска, 18 км ад чыг. ст. Крывічы. 1419 ж., 596 двароў (1997).

Вядома з пач. 17 ст як вотчына кн. Друцкіх-Саколінскіх. З 1625 у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. У 1643 мястэчка, цэнтр кірмашовага гандлю. У 1661 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пад Д. адбываліся жорсткія баі. З 1793 у Рас. імперыі. Да 1866 тут працавала суконная ф-ка. У 1897 цэнтр воласці Вілейскага пав., 3551 ж., школа, 60 крам, паштовая станцыя, Станіславаўскі касцёл. У 1921—39 у Вілейскім пав. Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 у Крывіцкім р-не, цэнтр сельсавета. З 1.5.1940 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну ў Д. адбыўся Даўгінаўскі бой 1943. З 1954 вёска, з 1962 у Вілейскім р-не. У 1971—1477 ж., 501 двор.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Станіславаўскі касцёл (19 ст.) і Даўгінаўская Троіцкая царква (2-я пал. 19 ст.). Каля вёскі — гарадзішча штрыхаванай керамікі і банцараўскай культуры.

т. 6, с. 65

ДАЎГІ́НАВА,

вёска ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., на р. Волта, каля аўтадарогі Міёры—Верхнядзвінск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПдУ ад горада і 19 км ад чыг. ст. Міёры, 198 км ад Віцебска. 258 ж., 91 двор (1997). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі.

т. 6, с. 65

ДАЎГІ́НАЎСКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1823—67 у мяст. Даўгінава Вілейскага пав. (цяпер Вілейскі р-н Мінскай вобл.). У 1824 мела 2 ткацкія станкі, у 1840—28 станкоў, вадзяны і паравы рухавікі. Сыравіна (воўна, клей, фарбы і інш.) набывалася ў Рызе. Прадукцыя рэалізоўвалася ў Мінску, Вільні, Гродне, Пецярбургу, Рызе, Палтаве. Працавалі прыгонныя і замежныя майстры. У 1861 выпушчана прадукцыі на 66,1 тыс. руб. У 1866 былі 162 рабочыя.

т. 6, с. 65

ДАЎГІ́НАЎСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1886 з цэглы ў в. Даўгінава Вілейскага р-на Мінскай вобл. Храм 4-часткавай падоўжна-восевай кампазіцыі: званіца, трапезная, асн. аб’ём з прыдзеламі, апсіда.

Прыдзелы і апсіда вырашаны паўратондамі. 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца надбудавана над прытворам і завершана цыбулепадобнай галоўкай. Над сяродкрыжжам буйны 8-гранны светлавы барабан накрыты самкнутым сферычным купалам.

А.М.Кулагін.

Даўгінаўская Троіцкая царква.

т. 6, с. 66

ДАЎГІ́НАЎСКІ БОЙ 1943,

бой партыз. брыгады «Жалязняк» (камандзір І.П.Ціткоў) па разгроме ням.-фаш. гарнізона 26 сак. ў г.п. Даўгінава Крывіцкага р-на Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон быў адным з апорных пунктаў, што прыкрывалі падыход да чыг. Маладзечна—Полацк, базай правядзення карных аперацый, захавання і перапрацоўкі нарабаванай сельгаспрадукцыі. Пасля Бягомльскай аперацыі 1942 і Докшыцкага бою 1943 знаходзіўся ў павышанай баявой гатоўнасці. Партызаны для прыкрыцця небяспечных напрамкаў стварылі засады. У 18 гадз пры падтрымцы гармат 3 атрады атакавалі Даўгінава, уварваліся ў цэнтр, знішчылі склады і прадпрыемствы праціўніка. Раніцай 27 сак. партызаны амаль без страт вярнуліся на зборны пункт.

т. 6, с. 66

ДА́ЎГМАЛЕ,

гарадзішча жал. веку і ранняга сярэднявечча (канец 1-га тыс. да н.э. — канец 12 ст.) у Латвіі. За 22 км на У ад Рыгі, на левым беразе Зах. Дзвіны (Даўгавы). Месца перасячэння заходнядзвінскага шляху з сухапутным шляхам з Пд і Пн, значная ч. якога праходзіла праз Беларусь. Даследаваў у 1966—70 В.А.Уртанс. Знаходкі (сканд., герм., слав., фін., балцкія, візант., араб. вырабы, зах.-еўрап. манеты) даюць падставу сцвярджаць, што Д. было буйным рамесным і гандл. цэнтрам, да 10 ст. належала земгалам, у 11—12 ст. заселена этнічна змешаным насельніцтвам.

т. 6, с. 66

ДАЎГУВЕ́ЦІС (Dauguvietis) Барысас

(26.3.1885, Даўгувечай Біржайскага р-на, Літва — 13.7.1949),

літоўскі рэжысёр, акцёр, драматург. Засл. дз. маст. Літвы (1946), нар. арт. СССР (1948). Скончыў Пецярбургскую тэатр. школу (1909). Да 1921 працаваў у Петраградзе і ў правінцыяльных т-рах Расіі. У 1923—41 рэжысёр і акцёр Дзярж. т-ра ў Каўнасе. З 1944 гал. рэжысёр Драм. т-ра ў Вільні. Для яго пастановак характэрны яркая псіхалагічнасць і эмацыянальнасць: «Атэла» (1924) і «Зімовая казка» (1925) У.Шэкспіра, «Марыя Сцюарт» (1937) і «Каварства і каханне» (1949) Ф.Шылера, «Ворагі» М.Горкага (1947, Дзярж. прэмія СССР 1947). Створаным ім вобразам уласцівы тэмперамент, экспрэсія: Барон («Скупы рыцар» А.Пушкіна), Клаўдзій («Гамлет» Шэкспіра), Нешчасліўцаў («Лес» А.Астроўскага). Аўтар п’ес «Заданне» (паст. ў 1946), «Жалдакіне» (паст. ў 1948).

т. 6, с. 66

Даўгушын Юрый

т. 18, кн. 1, с. 377