Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАРАШЭ́ВІЧ Энгельс Канстанцінавіч

(н. 26.10.1931, Мінск),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1984). Праф. (1992). Скончыў БДУ (1953). З 1958 у Ін-це філасофіі і права, з 1990 у Ін-це сацыялогіі АН Беларусі. Даследуе гісторыю эстэт. думкі, культуры, філасофіі, педагогікі Беларусі, міжнац. адносіны. Адзін з аўтараў навуч. дапаможнікаў для ВНУ па культуралогіі, этнасацыялогіі, этнапедагогіцы. Дзярж. прэмія БССР 1984 за ўдзел у напісанні цыкла работ па гісторыі філасофіі і грамадскай думкі Беларусі, апубл. ў 1973—80.

Тв.:

Аниол Довгирд — мыслитель эпохи Просвещения. Мн., 1967;

Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972 (разам з У.М.Конанам), Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г. Мн., 1985 (у сааўт.);

Антология педагогической мысли Белорусской ССР. М., 1986 (у сааўт.).

т. 6, с. 52

ДАРАШЭ́ВІЧЫ,

геалагічнае агаленне паміж вёскамі Дарашэвічы і Кабакі Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Пл. 3 тыс. м2. ахоўная зона вакол 12 тыс. м2. Размешчана на схіле 2-й надпоймавай тэрасы левага берага р. Прыпяць. У абрыве ракі агаляюцца магутныя адклады (больш за 2 м) торфу, якія ўтварыліся ў муравінскае міжледавікоўе 130—70 тыс. г. назад у вял. стараж. возеры.

В.Ф.Вінакураў.

Геалагічнае агаленне Дарашэвічы.

т. 6, с. 52

ДАРАШЭ́НКА Пётр Дарафеевіч

(1627, г. Чыгірын, Украіна — 19.11.1698),

гетман Правабярэжнай Украіны ў 1665—76. Рэестравы казак, ген. есаул (1663). У 1659 пасол у Маскве. Прыхільнік цэласнай і незалежнай Украіны, не прызнаваў умовы Андросаўскага перамір’я 1667. У 1669 ва ўмовах пагрозы ўварвання польск. і крымскіх войск пайшоў на саюз з Турцыяй. У 1676 капітуляваў перад рас. войскамі, у 1677 памілаваны рас. царом. У 1679—82 ваявода ў Вятцы, пазней жыў пад Масквой.

т. 6, с. 52

ДАРАШЭ́ЎСКІ (Doroszewski) Вітольд Ян

(1.5.1899, Масква — 26.1.1976),

польскі мовазнавец. Чл. АН у Кракаве (1947) і Польскай АН (1952). Д-р філал. н. (1928), праф. Варшаўскага ун-та (з 1930). Рэдактар час. «Poradnik Językowy» («Моўны дарадчык», з 1932). Даследаваў словаўтварэнне, фанетыку, дыялекталогію, семантыку польск. мовы: «Манаграфія пра словаўтварэнне» (ч. 1—4, 1928—31), «Асновы польскай граматыкі» (ч. 1, 1952), «Пра культуру слова» (ч. 1—3, 1962—79), «Элементы лексікалогіі і семіётыкі» (1970) і інш. У 1931—34 вывучаў бел. нар. гаворкі Палесся. Пытанні бел. мовы разглядаў у арт. «Роднасць моў у святле фактараў дыялекталогіі» (1939). Дзярж. прэмія Польшчы 1969.

т. 6, с. 52

ДАРБІ́СТЫ, евангельскія хрысціяне дарбісты,

плімуцкія браты, рэлігійная пратэстанцкая секта. Створана ў 1820—30-я г. ў г. Плімут (Англія) святаром Дж.Н.Дарбі (адсюль назва) як абшчына, апазіцыйная афіц. англіканскай царкве. Веравучэннем блізкія да баптыстаў і евангельскіх хрысціян. Вялі прапаганду сярод хрысціян і іудзеяў. Абраднасць больш спрошчаная. Д. поўнасцю адмаўляюць духавенства як асобную прафесійную групу і надаюць вял. значэнне асабістаму тлумачэнню Бібліі. Найб. распаўсюджаны ў Англіі і яе б. калоніях і дамініёнах, Зах. Еўропе. У пач. 20 ст. з’явіліся ў Беларусі (Мінск). У 1920—30-я г. ў Зах.

Беларусі склаліся 3 цэнтры Д.: у Брэсце, Кобрыне, Пінску, якія праводзілі місіянерскую работу сярод мясц. сялян, а таксама яўрэяў. Пасля Вял. Айч. вайны дзейнасць секты заняпала.

Б.І.Камейша.

т. 6, с. 52

«ДАРБУДТЭ́ХНІКА», Беларускі дзяржаўны дарожны навукова-даследчы і праектна-тэхналагічны інстытут Навукова-вытворчага аб’яднання «Белаўтадарпрагрэс». Засн. ў 1962 на базе дарожна-доследнай станцыі як БелдарНДІ. З 1992 «Дарбудтэхніка». Вядучая н.-д. арг-цыя Рэспублікі Беларусь у галіне буд-ва, рамонту і ўтрымання аўтадарог, мастоў і пуцеправодаў. Акрэдытаваны на тэхн. кампетэнтнасць і незалежнасць пры правядзенні выпрабаванняў, у т.л. сертыфікацыйных. Асн. кірункі дзейнасці: пошук і распрацоўка новых эфектыўных матэрыялаў, канструкцый, тэхнал. працэсаў, абсталявання і сродкаў механізацыі, эканомія і рацыянальнае выкарыстанне матэрыяльна-тэхн. і прац. рэсурсаў, павышэнне тэхн. ўзроўню, якасці дарожных работ і інш.

В.М.Яромка.

т. 6, с. 53

ДАРВА́ЗСКІ ХРЫБЕ́Т,

у Зах. Паміры, паміж р. Абіхінгоу, Пяндж і Ванч, у Таджыкістане. Даўж. каля 200 км. Выш. да 6083 м (пік Арнавад). Складзены пераважна з гранітаў, метамарфічных сланцаў, кангламератаў. На схілах стэпавая і дрэвава-хмызняковая расліннасць. Ледавікі (пл. зледзянення каля 420 км2).

т. 6, с. 53

ДАРВА́ЛЬ (Dorval; сапр. Дэланэ, Delauney) Мары (7.1.1798, г. Лар’ян, Францыя — 20.5.1849), французская актрыса. З сям’і правінцыяльных акцёраў. З дзяцінства выступала на сцэне. У 1818—34 у т-ры «Порт-Сен-Мартэн» (адзін з вядучых дэмакр. «тэатраў бульвараў» Парыжа). У 1834—38 у «Камеды Франсэз». Стварала вобразы шчырых, цэльных жанчын, вымушаных адстойваць сваё права на шчасце. Сярод лепшых роляў: Амалія, Лючыя («Трыццаць гадоў, ці Жыццё гульца», «Ламермурсхая нявеста» В.Дзюканжа), Марыён Дэлорм (аднайм. п’еса В.Гюго), Адэль д’Эрвэ («Антоні» А.Дзюма-бацькі), Кіці Бэл («Чатэртан» А. дэ Віньі).

т. 6, с. 53

ДА́РВАШ (Darvas) Іожэф

(8.2.1912, г. Орашхаза, Венгрыя — 3.12.1973),

венгерскі пісьменнік. Належаў да дэмакр. плыні літ.-грамадскага руху «народных пісьменнікаў». У раманах «Чорны хлеб» (1934), «Ад хрышчэння да св. Сільвестра» (1935) адлюстраваў сац. барацьбу венг. сялянства. У гіст. рамане пра палкаводца Янаша Хуньядзі «Пераможца турак» (1938) падкрэсліў ролю народа ў супраціўленні іншаземным захопнікам.

Раман «У верасні ён выйшаў у дарогу» (1940) і п’еса «Бездань» (1941) пра ўзаемаадносіны народа і інтэлігенцыі, драма «Неба ў куродыме» (1959) і раман «П’яны дождж» (1963; бел. пер. К.Кірэенкі, 1975) пра адказнасць чалавека за будучае сваёй краіны. Прэмія імя Кошута 1956 і 1960.

т. 6, с. 53

ДА́РВІН (Darwin) Чарлз Роберт

(12.2.1809, г. Шрусберы, Вялікабрытанія — 19.4.1882),

англійскі прыродазнавец, заснавальнік дарвінізму. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1867). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1831). У 1831—36 на караблі «Бігль» прымаў удзел у кругасветным падарожжы, у час якога сабраў матэрыял па фауне і флоры, калекцыі невядомых выкапнёвых жывёл, геал. парод і мінералаў. У асн. навук. працы «Паходжанне відаў шляхам натуральнага адбору» (1859) абагульніў вынікі асабістых назіранняў, дасягненні біялогіі і селекцыйнай практыкі, выявіў асн. фактары эвалюцыі арган. свету. У працы «Змяненне свойскіх жывёл і культурных раслін» (т. 1—2, 1868) разглядаў дадатковы фактычны матэрыял да асн. працы. У кнізе «Паходжанне чалавека і палавы адбор» (1871) абгрунтаваў гіпотэзу паходжання чалавека ад малпападобнага продка. Навук. працы па геалогіі, батаніцы і заалогіі. Гл. таксама Дарвіна прынцып класіфікацыі.

т. 6, с. 53