Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МЕ́ШАЎКА,

ручай, гл. Машоўка.

т. 10, с. 327

МЕШКАШЧЭ́ЛЕПНЫЯ,

клас ніжэйшых пазваночных жывёл, гл. Кругларотыя.

т. 10, с. 327

МЕ́ШКА I (Mieszko),

Мечыслаў I (каля 935—25.5.992), першы гістарычна вядомы польскі князь (960—992); стваральнік польскай дзяржавы. З дынастыі Пястаў. Сын Земамысла. Заключыў саюз з Чэхіяй, ажаніўся з чэш. князёўнай Добравай (965) і прыняў хрысціянства ў яго зах. форме (966), даў пачатак будаўніцтву царк. арг-цыі ў Польшчы. Ваяваў з люцічамі за Памор’е (967), у 979 адбіў нападзенне на Польшчу імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Атона II. Пасля смерці Добравы (977) і распаду польска-чэш. саюза каля 990 авалодаў Сілезіяй і Малапольшчай. Пры ім аб’яднаны карэнныя польскія землі (акрамя Кракаўскай). Перад смерцю падзяліў краіну паміж Баляславам I Храбрым (сынам Добравы) і малалетнімі сынамі ад другога шлюбу.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 10, с. 327

МЕ́ШТРАВІЧ ((Meštrović) Іван) (15.8.1883, Врполе — 16.1.1962),

харвацкі скульптар і архітэктар; заснавальнік сучаснай харвацкай скульпт. школы. Вучыўся ў Венскай АМ (1901—04). З 1903 удзельнічаў у выстаўках «Венскага сецэсіёну». Заснавальнік творчага аб’яднання «Медуліч» (1908). У 1922—42 выкладаў у АМ у Заграбе. З 1942 у эміграцыі, з 1947 у ЗША. Зазнаў уплыў А.​Радэна, ЭА.​Бурдэля, стылю мадэрн. Творам уласцівы суровасць і аскетычнасць формы ў спалучэнні з глыбокай героіка-драматычнай напружанасцю, імкненне стварыць нац. стыль. Сярод твораў: «Фантан жыцця» ў Заграбе (1905), «Успамін» (1908), скульптура для непабудаванага храма на Косавым полі (1907—12), «Маці» (1908), «Каралевіч Марко» (1909), «Мадонна з немаўлём» (1917). Захапляўся праблемамі сінтэзу мастацтваў; аўтар арх. аб’ектаў — помніка невядомаму салдату на гары Авала каля Бялграда, Дома мастацтваў у Заграбе (абодва 1934—38). У г. Спліт галерэя М., у Заграбе — дом-музей.

Я.​Ф.​Шунейка.

І.Мештравіч Маці. 1908.

т. 10, с. 327

МЕШХЕ́Д,

горад на ПнУ Ірана, у даліне р. Кешэфруд. Адм. ц. астана Харасан. Засн. ў 9 ст. Каля 1,5 млн. ж. (1997). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Аэрапорт. Гандл-прамысл. цэнтр. Прам-сць: тэкст., дрэваапр., цэм., харчасмакавая (у т. л. цукр. і тытунёвая), гарбарная, металаапрацоўчая. Дыванаткацтва. Ун-т. Свяшчэнны горад мусульман-шыітаў. Культавы ансамбль (12—19 ст.) вакол магілы імама Рэзы, у т. л. 5 медрэсэ, мячэць Гаўхар-шад (15 ст.). Паблізу М. — магіла перс. і тадж. паэта Фірдаўсі, мячэці і маўзалеі 14—17 ст.

т. 10, с. 327

МЕЯРО́ЎСКІ (Анатоль Сямёнавіч) (17.4.1936, Мінск),

бел. вучоны ў галіне глебазнаўства. Д-р с.-г. н. (1991), праф. (1993). Скончыў БДУ (1958). З 1958 у Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі, з 1993 у Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства (нам. дырэктара). Навук. працы па меліярац. глебазнаўстве, урадлівасці меліяраваных глеб, лугаводстве. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

Справочник по мелиоративной географии. Мн., 1981 (разам з В.​С.​Аношкам);

Система удобрения культурных сенокосов и пастбищ // Применение удобрений в интенсивном земледелии. Мн., 1989.

т. 10, с. 327

МЁБІУС ((Möbius) Аўгуст Фердынанд) (17.11.1790, г. Бад-Кёзен, Германія — 26.9.1868),

нямецкі матэматык і астраном. Вучыўся ў Лейпцыгскім ун-це (1809—13), з 1816 праф. гэтага ун-та і дырэктар астр. абсерваторыі. Навук. працы па геаметрыі, алгебры і тэорыі лікаў. Увёў у праектыўную геаметрыю аналіт. метады даследавання, прапанаваў барыцэнтрычную сістэму каардынат. Стварыў новую класіфікацыю крывых і паверхняў. Устанавіў існаванне аднабаковай паверхні (гл. Мёбіуса ліст), што адыграла важную ролю ў тапалогіі.

Літ.:

Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 2 изд. М., 1969. С. 224—227.

т. 10, с. 327

МЁБІУСА ЛІСТ,

найпрасцейшая з аднабаковых паверхняў. З’яўляецца неарыентаванай паверхняй (гл. Арыентацыя ў матэматыцы). Можна атрымаць з прамавугольніка ABCD склейваннем паміж сабой старон AB і CD так, каб сумясціліся процілеглыя (па дыяганалі) вяршыні прамавугольніка. Мяжой М.л. з’яўляецца адна замкнутая крывая і таму, калі яго разрэзаць уздоўж сярэдняй лініі, ён не распадаецца, а ператвараецца ў двойчы перакручанае цыліндрычнае кальцо. Разглядаўся незалежна ням. матэматыкамі А.Ф.Мёбіусам і І.​Лістынгам.

Да арт. Мёбіуса ліст: а — зыходны прамавугольнік; б — ліст Мёбіуса.

т. 10, с. 327

МЁД,

салодкае, сіропападобнае рэчыва, якое пчала меданосная выпрацоўвае з нектару кветак; прадукт харчавання, корм для пчол. Падзяляюць на натуральны (кветачны, падзевы мёд), экспрэсны, які пчолы выпрацоўваюць з цукр. сіропу ці натуральнага М. з лек. дабаўкамі) і штучны (без удзелу пчол; шляхам інвертавання цукрозы сернай к-той пры выпарванні соку кавуна, дыні, гарбуза, цукр. буракоў, вінаграду). У залежнасці ад меданосных раслін бывае ліпавы, грэчкавы, верасовы і інш. Каларыйнасць М. 315—335 ккал на 100 г. У спелым кветачным М. ў сярэднім да 20% вады, 75% вугляводаў (30—40% фруктозы, 25—37% глюкозы, 0,4—1,3% цукрозы) і каля 5% інш. рэчываў [амінакіслоты, ферменты, мінер. рэчывы, вітаміны (B2, PP, C, B6 і інш.), антыбактэрыяльныя рэчывы]. Пры захоўванні крышталізуецца, пры гэтым харч. і лек. якасці зберагаюцца. Бывае алергія да М.; магчымы атручэнні, калі пчолы сабралі нектар з кветак ядавітых раслін (напр., аканіту, багуну). Ужываецца ў лек. мэтах.

М.​К.​Кеўра.

т. 10, с. 327

МЁЗ,

адна з назваў р. Маас.

т. 10, с. 327